Яна патрошкі пайшла абуджацца яшчэ з лета 1935 года, калі пачаліся работы па пракладцы вузкакалейнай чыгункі ў напрамку Нарыльска, дзе геолагамі былі знойдзены багатыя радовішчы руд каляровых металаў, а таксама каменнага вугалю. Два гады ішлі падрыхтоўчыя работы. А з лета 1937 года туды штодня пачалі паступаць грузы як рачным, так і марскім шляхам, а таксама і рабочая сіла — зняволеныя. Звычайнай рачной прыстані ўжо не пад сілу было справіцца з такой нагрузкай. А таму само жыццё падказвала, што яна павінна стаць марскім портам.
Разам з вялікімі суднамі туды прыбывалі і партальныя краны для разгрузкі тых тавараў, якія былі не па сіле чалавеку з голымі рукамі. А каб гэтыя грузы хутчэй траплялі на месца прызначэння, хуткімі тэмпамі пракладвалі вузкакалейку на адлегласці 120 кіламетраў — Дудзінка — Нарыльск — Валёк. Спачатку грузы часткова перапраўляліся на самалётах да аэрапорта Валёк, адкуль іх на машынах-цягачах, на аленях і на сабаках дастаўлялі на будаўнічыя пляцоўкі будучага Нарыльскага горна-металургічнага камбіната. А калі была пракладзена ветка гэтай вузкакалейкі Валёк — Нарыльск,— ужо на цягніку.
І будаўніцтва порта, і вузкакалейкі, і самога камбіната ішло ў невыносных, нечалавечых умовах. Людзі як мухі гінулі ад голаду, ад холаду і ад цяжкай, невыноснай працы. Гінулі яны ад здзекаў, абразы і крыўды.
Міхась апынуўся ў Дудзінцы, калі ўжо першапраходцамі была пракладзена вузкакалейка і ў парту стаялі акіянскія судны побач з партальнымі кранамі. Былі ўжо пабудаваны сякія-такія баракі. Як гаворыцца, Міхась прыехаў на ўсё гатовенькае. Але ж не трэба забываць, што гэта быў толькі пачатак вялікіх забудоў у «краі маўклівасці». Наперадзе быў непачаты край работ і пакут, звязаных з імі. Ён прыбыў туды на змену тым, хто ўжо адпакутаваў сваё і злажыў крылы ў гэтай вечнай мерзлаце...
Нечаканая сустрэча
Міхася прывялі ў перасыльны барак адвячоркам, калі сталыя рабочыя ўжо вярталіся са сваіх рабочых месц «дамоў». Кожнаму з гэтых старажылаў хацелася сустрэць каго-небудзь са сваіх знаёмых. А таму яны хуценька разлічыліся са сваёй баландой, а хто яшчэ і канчаў есці на хаду, спяшаліся паглядзець на «навабранцаў». Як звычайна, для навічкоў арганізуюцца пераклічкі, пра што старажылам было добра вядома. Вось яны і чакалі такога моманту.
І вось у барак з навічкамі прыйшоў лагерны начальнік са спісам і пачаў па адным выклікаць па імені і прозвішчы. А калі супадалі і імёны, і прозвішчы, ён яшчэ дабаўляў і імя па бацьку.
Як толькі было названа прозвішча Міхася і той адгукнуўся, да яго адразу ж падскочыў невялікага росту чалавек у запэцканай фуфайцы і такіх жа штанах, падшытых гумай валёнках і пашарпанай шапцы з дзіркай на макаўцы.
— Асцёрскі Міхась! Ты гэта ці не ты? — пачаў ён.
— Не, не я, гэта цень мой,— яшчэ не пазнаючы чалавека, жартам адказаў Міхась.
— Не пазнаеш? Бачу, што не пазнаеш.
— Не пазнаю,— прызнаўся Міхась.
— Александровіч Андрэй. З Мінска, з Парнаса.
— Андрэй Іванавіч? Не веру сваім вачам.
— Хочаш — не хочаш, а прыйдзецца паверыць,— сказаў той.— Я таксама не чакаў такой сустрэчы з табой у гэтай студні. Ты ж быў у Піцеры, няўжо і там знайшлі?
— Як бачыце, знайшлі і сюды прывязлі.
— Ну, што там новага на волі?
— На якой волі, Андрэй Іванавіч? Я гэтай волі пяты год не бачу.
— Дык цябе яшчэ ў 37-м схапілі?
— Так, паспеў забыць, што такое воля.
— А мяне ў 38-м. Значыць, ты старэйшы за мяне. А таму не мне ў цябе, а табе ў мяне пытацца пра волю,— гаварыў Александровіч.— Ну, браце, расказвай, дзе быў, што бачыў.
— Вельмі доўга расказваць: усю Сібір скалясіў, пакуль дабраўся да «краю маўклівасці».
— А я, дружа, увесь час тут, у гэтай праклятай Дудзінцы. Выгружаю рачныя і марскія судны.
— Значыць, працуеце грузчыкам?
— Так, увесь час — грузчыкам. Калісьці я рэдагаваў на грамадскіх пачатках вершаваную кніжку аднаго маладога паэта «Песні грузчыкаў». А цяпер вось і сам ужо магу напісаць свае «Песні грузчыкаў».
— І я не сумняваюся, што з цягам часу вы зробіце гэта,— запэўніў яго Міхась.
— Калі дажыву,— сумна сказаў ён.
— Дажывеце, я ўпэўнены. Прафілактыку прайшлі, цяпер будзе лягчэй.
— Колькі ж годзікаў далі табе?
— Восем,— адказаў Міхась.
— А мне ўляпілі дзесяць ды яшчэ пяць паражэння ў правах.
— Вялікаму караблю — вялікае і плаванне,— жартаваў Міхась.
— Вялікіх на распыл пусцілі, такіх, як Чарот, Гартны, Галавач, Зарэцкі...
— А што, іх расстралялі?