— Я не супраць, але ж ніколі молата ў руках не трымаў. Баюся, што не спраўлюся,— сказаў Міхась шчыра, так, як і думаў.
— Гэтага ты не бойся,— супакойваў майстар.— Ты ж і да слясарнага верстака прыйшоў з такімі ж самымі ведамі, а цяпер, бачыш, як авалодаў справай. Я папярэджу каваля, ён чалавек добры, усё зразумее.
— Воля ваша, я згодзен.
— Ну, і добра. Заўтра адразу ідзі не ў цэх, а ў кузню.
Як і дамовіліся, назаўтра Міхась зранку скіраваў прама ў кузню. Каваль сустрэў зычліва і цёпла. Відаць, папярэдне майстар пагаварыў пра яго, як гэта і трэба было ў такіх выпадках. Звалі каваля Мікалаем Паўлавічам Макаравым. Сам ён ленінградзец, але не з самога Ленінграда, а з вобласці. Калі яны разгаварыліся, дык высветлілася, што адначасова знаходзіліся ў «Крыжах» і таксама ў перасыльнай ленінградскай турме. Толькі з Ленінграда іх адпраўлялі рознымі этапамі-эшалонамі і ў розныя месцы.
— Цябе ў Южлаг, а мяне, браце, адразу сюды, у Нарыльск,— гаварыў Макараў.— Так што я тут старажыл, пяты год «загараю» ў гэтай тундры.
— Можа, Мікалаў Паўлавіч, гэта і лепш. Менш пакут перанеслі. Бо там, дзе мне давялося быць,— не мёд.
— Можа быць, можа быць,— згаджаўся каваль.— Я чуў пра тыя мясціны. Гаварылі, што там было пекла.
— Пекла, ды яшчэ і якое! Літаральна, як у вас тут цяпер на ЦЭЦ.
— Ну што ж, дружа, пазнаёміліся, пагаварылі, а цяпер — бліжэй да справы. Нас чакаюць заказы. Скажы шчыра, хоць аднойчы калі-небудзь трымаў у руках гэты молат?
— Калі шчыра, то не,— прызнаўся Міхась.
— Да прыходу ў гэту кузню я таксама ніколі не кавальнічаў. Вось тут пачынаў з маталабойца і дарос да каваля. Можа, і табе пашанцуе?
— Хто ведае, можа, выпадзе такое шчасце і на маю долю,— згадзіўся Міхась з думкай Макарава.
Не адразу засвоіў Міхась гэту не так ужо і складаную справу малатабойца, але ў той жа час і не простую. Тут патрэбна не толькі сіла, але і кемлівасць. Кемлівасці ў яго хапала, а вось што датычыць сілы, то ён яе пакуль не набраў пасля доўгай дарогі і пакутлівай працы на будаўніцтве ЦЭЦ. Молатам махаць — не гайкі наразаць. Ды Міхась і тут не падаў духам. Ён стараўся дагадзіць кавалю, а той, у сваю чаргу, таксама не вельмі патрабавальна ставіўся да яго. Наадварот, падбадзёрваў і дараваў промахі і агрэхі.
— Нічога, Міхась, усё будзе добра. Скора прывыкнеш да кавальскай справы, што пасля і не пажадаеш расставацца з ёю. Галоўнае — гэта тое, што ты заўсёды будзеш сыты. Без пайкі не застанешся,— гаварыў яму Макараў.— Бачу я, што з цябе хутка атрымаецца добры малатабоец.
І сапраўды, не прайшло і месяца, як Міхась свабодна кіраваў сваім молатам, працаваў у такт кавалю. Сумесная і зладжаная праца ў кузні зблізіла Асцёрскага з Макаравым. Яны пасябравалі — так пасябравалі, што пачалі есці з аднаго кацялка. Нешта іх парадніла, а што, дык яны і самі не адказалі б на гэта пытанне.
Цераз Макарава Міхась пазнаёміўся з кладаўшчыком Замяткіным Васілём Фамічом, які да свайго арышту кіраваў адным з буйнейшых калгасаў Мінусінскага раёна Краснаярскага краю. Замяткін быў стары камуніст — з 1918 года. Яму ў свой час давялося ваяваць з полчышчамі Калчака, з бандамі Дутава, з японскімі інтэрвентамі. Пра сваю баявую дзейнасць у час грамадзянскай вайны ён вельмі цікава расказваў. Кожны з рабацяг вагоннага дэпо стараўся зайсці да яго «пагрэцца» — паслухаць змястоўныя расказы.
— Васіль Фаміч, скажыце, калі ласка, за якую «гарэзлівасць» вас прыслалі сюды расказваць нам свае аўтабіяграфічныя апавяданні? — асмеліўся спытаць неяк у яго Міхась.
— За шкодніцтва, дыверсіі і шпіянаж на карысць Японіі,— адказаў ён спакойна і ўсміхнуўся.
— І колькі вам не пашкадавалі?
— Па пяць гадоў на шкодніцтва, дыверсіі і шпіянаж і яшчэ пяць гадоў паражэння ў правах. Як бачыш, поўная выкладка. Па заслугах і плата.
— Так, заплацілі вам добра, можна пазайздросціць.
Цераз Замяткіна Міхась пазнаёміўся і з загадчыкам інструментальнай Макоўскім Іванам Пракопавічам, таксама цікавым чалавекам, украінцам па нацыянальнасці — «румынскім шпіёнам». Гэты зэк меў дзесяць і плюс пяць паражэння. З ім таксама цікава было пагаварыць у любы час на любую тэму.
Так яны потым учатырох і гутарылі ў абедзенны перапынак, і ў часы так званых «перакураў», і ўвечары ў палатцы, а пасля і ў бараку. Хоць за гутаркамі забывалі пра свой горкі лёс, пра свае чорныя думы.
Якраз у гэты час часці Чырвонай Арміі гналі фашыстаў ад Масквы, ад Ціхвіна і Растова. Колькі было радасці тады сярод падняволеных рабацяг! Яны віншавалі адзін аднаго, абдымаліся і нават цалаваліся. Бо гэта былі першыя перамогі ў гэтай страшнай, бязлітаснай вайне. Асабліва радаваліся масквічы, бо ў кожнага з іх у Маскве засталіся сем'і. Разам з імі радаваліся і весяліліся ўсе астатнія, таму што Масква — сталіца і гонар савецкіх людзей. Па-ранейшаму былі засмучанымі ленінградцы, бо іх горад пакуль што заставаўся акружаны, блакіраваны ворагам. Трывожыў лёс сваіх гарадоў кіяўлян і мінчан.