Выбрать главу

Але нядоўга Міхасю давялося працаваць з Мікалаем Паўлавічам Макаравым. Праз два месяцы (а гэта ўжо быў пачатак 1942 года) вярнуўся з лазарэта Юмас, і Міхасю трэба было вяртацца ў майстэрню.

— Шкада мне пакідаць вас,— гаварыў Асцёрскі,— але што зробіш: жыццё наша такое — куды пашлюць, туды і пойдзеш. Ты — нявольнік.

— Ну, нічога, Міхась, спадзяюся, што мы яшчэ разам папрацуем і не раз адвядзём душу за расказамі. Ты толькі, браце, не забывай нас — пры выпадку заходзь, шкадаваць не будзеш,— жартаваў Макараў.

  Токар-шыечнік

— Ну, Асцёрскі, чым цяпер будзем займацца? Зноў буксы рамантаваць будзем? — сустрэў Міхася майстар, калі ён пасля працы ў кузні вярнуўся ў цэх.

— Што загадаеце, тое буду і рабіць,— па-салдацку адказаў Міхась.— Я цалкам у вашай уладзе.

— Мы разам з начальнікам вось што тут падумалі,— пачаў майстар ужо сур’ёзна.— Нам патрэбен будзе калёсны токар, дык мы вырашылі прапанаваць табе асвоіць гэту прафесію. Ты — хлопец кемлівы, павучышся месяц-другі і будзеш працаваць самастойна.

— А хто будзе вучыць мяне? — спытаў Міхась.

— Князеў Віталій,— тлумачыў майстар.— Яго забіраюць ад нас у паравознае дэпо. Але мы паставілі такую ўмову перад кіраўнікамі-паравознікамі і перад ім самім, што пакуль ён не падрыхтуе сабе замену, згоды на яго перавод не дадзім. Спецыяліст ён добры і чалавек неблагі. Так што ўсё будзе ў парадку.

— Добра, я згодзен.

— Але ты, Міхась, запамятай, што тачыць будзеш не бандажы, а толькі шыйкі колаў. Зразумеў?

— Зразумеў — буду токарам-шыечнікам. Так?

— Правільна зразумеў: будзеш вучыцца на токара-шыечніка,— сказаў майстар.— Гэта работа пачэсная, але і адказная. Работа высокай кваліфікацыі — 6—7 разрадаў. А значыць, і аплата высокая.

— Буду старацца асвоіць і такую спецыяльнасць,— паабяцаў Міхась свайму шэфу.

Вось так і пачаў асвойваць новую спецыяльнасць Асцёрскі. Кім толькі не быў ён за чатыры гады лагернага жыцця — лесарубам, землякопам, мостабудаўніком, рэйкаўкладчыкам, абходчыкам, дрывасекам, мулярам, маляром, тынкоўшчыкам, грузчыкам, выхавацелем, настаўнікам, малатабойцам, слесарам... І нарэшце — токарам.

Такарная справа Міхася даўно цікавіла, толькі не такая аднастайная. Гадзіна ў гадзіну, дзень у дзень трэба было рабіць адно і тое ж — тачыць шыйкі колавых пар, пры гэтым не новыя, а тыя, якія сапсаваліся ў дарозе ад гарэння буксаў і іншых дэфектаў.

— Вось бачыш, з якімі шыйкамі прыходзяць колавыя пары? — паказваў Міхасю яго настаўнік Князеў.— Як быццам хто іх скуламі ўсыпаў. А ад чаго б, ты думаў, гэта? Ад гарэння буксы. Метал плавіўся і на падшыпніках і на саміх буксах.

— А чаму так магло здарыцца? — пытаўся Міхась.

— А вось трапілі ў буксу маленькія каменьчыкі ці буйныя пясчынкі, а вагоншчык, які сочыць за гэтым, своечасова не заўважыў, не памяняў паклю, не заліў туды масла-мазуты — і будзь здароў,— тлумачыў Князеў.— Тут, браце, трэба вока і вока! А вось другі прыклад,—працягваў ён.— Бачыш, з якой шыйкай вось гэта колавая пара? Як толькі яна дапяла да дэпо,— і ён паказаў на колавай пары шыйку, зведзеную на нітку.

Калі Міхась паглядзеў на тую шыйку, то ён не паверыў сваім вачам. У гэтай шыйцы, у самай сярэдзіне яе, была канава. Яна падзяляла шыйку папалам.

— З такой шыйкай нам рабіць ужо няма чаго,— зноў тлумачыў Міхасю яго настаўнік.— Тут спачатку трэба памяняць самую вось, а тады ўжо можна будзе і апрацоўваць яе. А вось гэту,— паказаў ён на шыйку з другой колавай пары,— нягледзячы на глыбокія «барозны», можна апрацаваць. Але май на ўвазе,— працягваў ён,— кожную шыйку, перш чым апрацаваць, ды і пасля апрацоўкі, ты павінен змераць штангелем ці ў крайнім выпадку кранцыркулем — азначыць яе дыяметр. Калі ён вытрымлівае ўстаноўленую норму, здавай вагоннаму майстру, як гатовую прадукцыю, а не — адрасуй на замену восі.

Такім чынам яны пераглядзелі цэлы тузін колавых пар, падрыхтаваных для апрацоўкі.

— Запамятай, Міхась, адно, што кожную каравую, скуластую шыйку ты павінен будзеш перарабіць у гладкую, як шкло, і бліскучую, як люстра. Зрабіць яе такой, каб ты мог бачыць у ёй адбітак свайго твару,— сказаў у заключэнне настаўнік.

— Дзякую, Пётр Пятровіч, за навуку і за парады,— гаварыў Міхась свайму настаўніку.— Я буду рабіць усё, каб вас не падвесці і сябе не зганьбіць.