— Вагоны глядзелі? — нехта пытаўся ў начальніка.
— Глядзелі,— адказвае начальнік.
— А колы?
— Таксама глядзелі.
— Асцёрскі глядзеў?
— Глядзеў.
— Ну, тады ўсё будзе ў парадку,— сказаў той.
А вагоны, пра якія ішла гутарка, былі ўрадавыя. Іх было два. У той час якраз чакалася ўрадавая дэлегацыя з удзелам замежных гасцей.
— Бачыш, Асцёрскі, якую ты славу займеў? Сам начальнік дарогі ведае цябе і верыць табе.
— Гэта мяне не радуе, паверце мне, грэшнаму,— адказаў яму Міхась.— Ёсць такая руская прымаўка: «Дальше от царей — будешь целей». Вось такой думкі прытрымліваюся і я.
Можа б, такая пахвала з боку начальства каго-небудзь і ўзрадавала, але толькі не Міхася. Па-першае, яму не пахвала трэба была за калючым дротам, а свабода — тая свабода, для якой ён нарадзіўся на свет; па-другое, яго прафесія — не вагонныя колы і не буксы, а выхаванне школьнага пакалення і само мастацкае слова.
Па натуры і па прызванні Міхась — паэт і настаўнік-выхавацель. А з іншымі прафесіямі ён сутыкаўся і сутыкаецца толькі для таго, каб не памерці з голаду. Ды і не сам ён іх выбірае. Яго вымушаюць мець справу з імі. А працаваць жа ён прывык з дзіцячых гадоў. Любоў да працы, якой бы яна ні была, прышчапіў яшчэ яму — падлетку — бацька. І з таго далёкага часу ён не цураўся ніякай працы, толькі б яна прыносіла карысць чалавеку. Ці гэта на лесапавале, ці на землякопцы, ці з сякерай на цяслярных работах, на слясарным верстаку, ці ў кузні, ці за такарным станком — усюды працаваў ён сумленна і самааддана, акрамя тых момантаў, калі па стане здароўя выходзіў са строю.
Яшчэ мучыла Міхася тое, што родныя мясціны з бацькамі заставаліся ад яго адрэзанымі. І ён другі раз вырашыў напісаць заяву ў Дзяржаўны Камітэт Абароны з просьбай накіраваць яго на фронт. Пасля гэтага ён з дня на дзень чакаў выкліку, але не дачакаўся. Замест выкліку ён месяцы праз тры атрымаў афіцыйны лаканічны адказ: «У просьбе адмовіць». Такі адказ для Міхася быў яшчэ адным цяжкім ударам. «Ну, няхай сабе пазбавілі мяне правоў свабодна жыць і працаваць, дык нават і абараняць краіну ад фашысцкіх захопнікаў...» — думаў ён, лежачы на нарах лагернага барака.
На першую сваю заяву-просьбу, якую ён пісаў яшчэ аж у жніўні 1941 года, ён наогул не атрымаў ніякага адказу. І гэта, можа, было для яго лягчэй. Думаў, што яна не дайшла да адрасата — згубілася недзе ў дарозе. Бо гэта было на пачатку вайны. А цяпер жа ўсё было па-іншаму. Першыя месяцы разгубленасці даўно ўжо мінуліся, ішоў 1943 пераломны год. Як-ніяк, а настрой у Міхася быў панылы.
Юны сябар
Неяк улетку 1942 года, калі Міхась ужо працаваў самастойна і карыстаўся сякой-такой рэпутацыяй сярод кіраўніцтва дэпо і наогул чыгуначнага начальства, майстар прывёў да яго зусім яшчэ юнага, шаснаццацігадовага хлапчука і сказаў:
— Міхась, я вось памочніка табе прывёў. А дакладней — вучня. Гэта сын нашага паважанага цесляра-столяра Ступнікава Івана Васілевіча. Зрабі з яго калёснага токара. Ён — хлопец кемлівы.
— Рыгор Сцяпанавіч, няўжо вы для гэтага хлопца не знайшлі лягчэйшага чаго-небудзь? — не згаджаўся Міхась з майстрам.— Гэта ж рабацёнка не па яго сіле. Вы ж бачыце, што ён зусім яшчэ дзіця.
— Дык што, не згаджаешся браць у свае памочнікі?
— Ды не ў гэтым рэч, Рыгор Сцяпанавіч. Калі ўжо вам пажадалася ўладкаваць гэтага хлапчука на шыечны станок, я не ў сілах адмовіцца,— тлумачыў Міхась майстру.— Справа ў тым, што ён не пацягне такой фізічнай нагрузкі. Калі ўжо вам так хочацца зрабіць з яго токара, то пастаўце яго вучыцца такарнай справе на універсальны станок. Даручыце гэту справу спрактыкаванаму токару Паўлу Крысіну, у яго якраз і вучняў няма.
Майстар пастаяў з мінуту, падумаў і пагадзіўся з прапановай Міхася.
— Праўду кажаш, Асцёрскі. Так я, пэўна, і зраблю. Замест свайго Шуркі пастаўлю вучыцца яго на універсальным. Толькі пайду ўзгадню з начальнікам дэпо.
Назаўтра гэты хлапчук, якога звалі Міколам, як і малодшага брата Міхася, ужо стаяў ля універсальнага станка і ўстаўляў у патрон дэталь, замацоўваў яе і нясмела пачынаў абрабляць. А кіраваў працэсам яго вучобы спрактыкаваны токар Павел Крысін.
Хлопец і сапраўды аказаўся кемлівы. Праз пару дзён ён пачаў ужо сам выконваць нескладаныя такарныя работы, як, напрыклад, апрацоўка і нарэзка звычайных балтоў. А пасля настаўнік пачаў даручаць свайму вучню і больш-менш складаныя работы. За тры месяцы ён у асноўным засвоіў усе працэсы такарнай працы на гэтым станку і пачаў працаваць самастойна.