Яшчэ вучнем Мікола падыходзіў да Міхася, і яны гутарылі аб розным. Ён даведаўся пра тое, што Міхась па прафесіі настаўнік, ды яшчэ і славеснік. А Мікола якраз рыхтаваўся паступіць у сёмы клас вячэрняй школы. Яго бацька забраў з шостага класа дзённай школы, каб пасадзіць сына на ўласны хлеб. Міхась паабяцаў яму дапамагчы ў падрыхтоўцы і, трэба сказаць, абяцанне сваё выконваў.
Цяпер Мікола і працаваў, і вучыўся. Калі з чым не спраўляўся ў вучобе, заўсёды звяртаўся да Міхася, і ён ніколі не адмаўляў яму ў яго просьбе. Асабліва гэта датычылася такіх прадметаў, як мова, літаратура, гісторыя, геаграфія. Мікола ж, у сваю чаргу, прыносіў Міхасю свежыя газеты, часопісы, а таксама і кнігі. І ў дадатак да ўсяго гэтага — навіны з волі. Так і пачыналі яны жыць спярша як настаўнік з вучнем, а потым ужо і як бацька з сынам. Бо да роднага бацькі ён адносіўся з нейкім халадком і недаверам. І гэта не выпадкова. Тут былі важкія прычыны: той у свой час пакідаў сям’ю — уцякаў ад жонкі і дзяцей, спачатку ў Кузнецк, а потым і ў Нарыльск, дзе яны ледзь знайшлі яго і самі прыехалі да яго са сваёй роднай вёскі Канскага раёна Краснаярскага краю. Нават калі яны зноў і ўз’ядналіся, усё роўна жыцця не было. Ад такога няскладнага, пакутніцкага жыцця маці захварэла на сухоты і хутка памерла, пасля чаго бацька прывёў у хату, якую сам, сваімі рукамі зрабіў, другую жанчыну. Дзеці — сын і дачка — неўзлюбілі мачыху і яшчэ халаднейшымі зрабіліся ў адносінах да бацькі. І вось Мікола быў вельмі рады, што Міхась цяпер мог замяніць яму не толькі настаўніка, але і роднага бацьку. Ён убачыў у ім чалавека, на якога заўсёды можна абаперціся і якому заўсёды можна верыць.
Неяк раз у начную змену яны разгаварыліся, і Міхась спытаў у Міколы:
— А ты, Міколка, камсамолец ці не?
— Не, не было калі ўступаць.
— У тваім узросце трэба быць у гэтай маладзёжнай арганізацыі...
— Пагавару з сакратаром. Толькі ж да гэтага трэба рыхтавацца. Могуць яшчэ і не прыняць.
— Я, былы камсамолец са стажам, памагу табе.
Праз нейкі час Мікола прыйшоў у цэх вясёлы, з усмешкай на твары.
— Во ён,— паказаў на камсамольскі білет у чырвонай вокладцы Мікола.
— Віншую, дружа! — паціснуў яму руку Міхась.— А ты баяўся. Пачакай, яшчэ і ў партыю падрыхтуемся.
— Куды мне ў партыю! Туды прымаюць не такіх.
— А якіх жа?
— Ну, як табе сказаць? Асаблівых.
— Вось ты і будзеш асаблівым.
Як і раней, у няволі Міхась нікому, акрамя як мардоўскаму паэту, не прызнаваўся, што піша вершы. А Міколу недзе праз год асмеліўся прачытаць некалькі сваіх вершаў.
— Як здорава! — гаварыў з захапленнем Мікола.— Шкада, што я не магу чытаць па-беларуску. Але ж галоўны сэнс усіх гэтых вершаў я разумею. Калі можаш, перакладзі для мяне на рускую мову хоць парачку з гэтых вершаў,— папрасіў ён.
Міхась паспрабаваў зрабіць пераклад, толькі адчуў, што атрымалася не тое.
— А цяпер ты пішаш ці не? — пытаўся Мікола.
— Амаль што не. Ты ж ведаеш, што нам забараняюць. Баюся, каб яшчэ раз не прышылі контррэвалюцыю. Тым больш што пішу па-беларуску. У час шмону знойдуць, і мне — крышка,— тлумачыў, як мог, Міхась свайму юнаму сябру.
— А ты напішы, дай мне, і я зберагу.
— Не, Міколка, не хачу я ўблытваць і цябе ў сваю справу. Бо ты толькі яшчэ пачынаеш жыць. Не трэба яшчэ адной ахвяры. Хопіць і тых, што ўжо ёсць. У цябе яшчэ ўсё наперадзе.
Праз нейкі час, а гэта было ўзімку 1944 года, Мікола прыйшоў да Міхася і сказаў:
— Ведаеш што, Міхась Раманавіч, аб’яўлены набор на трохмесячныя курсы тапографаў. Зарплата па месцы работы захоўваецца, хоць курсы гэтыя і будуць з адрывам ад вытворчасці. Ці раіш ты мне падацца туды?
— Справа, браце, твая, але я асабіста раю. Заўсёды будзеш з прыродай сам-насам. Кожны дзень новыя ўражанні. Ды і зарплата там, пэўна, вышэйшая, чым тут, у дэпо.
Хутка пасля гэтага Мікола стаў курсантам. А ў Міхася былі свае часовыя перамены ў яго пакутніцкім жыцці.
Зноў кузня
Зімовай раніцай 1944 года да Міхася падышоў майстар. Ён, нічога не кажучы, стаіць і глядзіць, як той варочае калёсныя пары.
— Рыгор Сцяпанавіч, вы штосьці сказаць мне хочаце, ды не адважыцеся.
— Так, ты кажаш праўду, як заўсёды,— сказаў майстар.— Хачу прапанаваць табе нешта, ды баюся, што не спадабаецца.
— Гаварыце, я да ўсяго гатовы, вы ж мяне ведаеце,— гаварыў Міхась.
— Ведаеш, Міхаська, тут такая справа. Сёння ноччу пасадзілі другога нашага малатабойца, дык я хацеў бы табе зноў прапанаваць папрацаваць нейкі час з кавалём Восіпавым, пакуль падшукаем новага,— тлумачыў майстар.— Табе справа гэта знаёма, ды і водгукі неблагія аб ранейшай тваёй працы ў кузні. Як ты на гэта глядзіш?