— Як бы я і глядзеў, а свайго рашэння вы не памяняеце,— адказаў Міхась.— Вы ж, пэўна, ужо ўзгаднілі гэту прапанову з самім начальнікам дэпо. А можа, нават і ідэя гэта яго?
— Калі сказаць шчыра, яго,— прызнаўся майстар.
— Як бачыце, адмовіцца я не маю права. Скажыце, калі я павінен ісці туды?
— Зараз, бо кузні нельга рабіць перапынку.
— А каму станок перадаць?
— Пакуль нікому. Пазней будзем глядзець.
Так Міхась зноў з токара ператварыўся ў малатабойца. Толькі ўжо цяпер ён працаваў на пару не з Макаравым, а з Восіпавым, пры гэтым не з «палітычным», а з «бытавіком».
Іван Восіпаў таксама быў ленінградцам і таксама ўраджэнцам Старарускага раёна. Ён разам са сваім братам Хведарам трапілі туды за нейкае супольнае злачынства. Так яны разам і крочылі па этапах, пакуль не трапілі ў Нарыльск. Іван працаваў кавалём, а Хведар — слесарам-вагоннікам. Калі ўжо надакучала і яму лазіць пад вагонамі, ён таксама перабраўся ў кузню.
На двух горнах у адным памяшканні дзве пары працавалі адначасова. З Макаравым працаваў яго сталы малатабоец Юмас Юзаф, якога ўсе звалі па-руску Іосіфам. Гэта негаваркі, высокі, моцна складзены латыш, які адбываў пакаранне без тэрміну і артыкула. Калі ў яго пыталіся, за што ён трапіў у гэтыя мясціны і на які тэрмін, ён заўсёды адказваў з гумарам:
— За непавагу да сваіх бацькоў на бестэрміновы тэрмін. Калі мне захочацца, тады я і паеду да жонкі, якая, пэўна, рада, што пазбавілася ад мяне.
Сам ён селянін. У час праўлення Ульманіса батрачыў у заможнага селяніна аж да прыходу туды часцей Савецкай Арміі. Гаспадар яго ўцёк за мяжу, а яго павязлі далей ад Латвіі, бо ён добра ведаў шмат каго з тых, хто служыў Ульманісу верай і праўдай. Ён быў рамізнікам у гаспадара.
Міхась хутка з ім пазнаёміўся, а пасля і пасябраваў. Гэта быў выключна сумленны чалавек і добры сябар.
Нялёгка было пераключыцца з адной работы на другую, асабліва на такую, як малатабоец. Паспрабуй прывыкнуць па 12 гадзін узапар махаць вялізным молатам! Гэта не з венікам хадзіць па цэху (а была і такая пасада) і нават і не ля станка стаяць і вадзіць графчыкам па шыйцы восі колавай пары. Тут патрэбна была сіла і трываласць.
Міхасю было ўжо не прывыкаць. Ён, сцяўшы зубы, стараўся, як мог, баючыся, каб не было горшага. А ў лагеры гэта рабілася вельмі проста. Цябе маглі ператварыць нават у нішто. І паскардзіцца не было каму. Ніхто цябе не пачуе і ніхто табе не дапаможа. Бо ніхто там не лічыў цябе за чалавека. Там ты — проста рабочае цягло, і толькі.
Пачалося зноў знаёмае для Міхася жыццё. Цэлы дзень ці ноч ён махаў сваім кавальскім молатам у такт невялікаму малатку каваля. А ў абедзенны перапынак і ў рэдкія часы перакураў ён зноў наведваў кладоўку, дзе слухаў цікавыя расказы яе гаспадара — кладаўшчыка Замяткіна. Разам з ім туды хадзіў і Юмас. А было гэта ўсё побач з кузняй. Там ён пазнаёміўся яшчэ з адным цікавым чалавекам — былым нашым контрразведчыкам даваеннага часу. Той яшчэ цікавей за Замяткіна расказваў асобныя эпізоды са свайго баявога, як сам гаварыў, жыцця. Гэта быў ужо немалады чалавек — гадоў пад пяцьдзесят. Па нацыянальнасці паляк. Але нарадзіўся і жыў на Украіне. Польшчу наведваў толькі па заданнях як легальна, так і нелегальна. Камуніст, удзельнік грамадзянскай вайны. У апошнія гады, да самага арышту афіцыйна лічыўся агентам нарыхтоўчай канторы, а фактычна працаваў контрразведчыкам у пагранічных раёнах Польшчы і Румыніі, якія ў той час былі буржуазнымі. Меў сям’ю, але вельмі рэдка з ёю бачыўся. Пасля таго як ён расказаў пра сябе, ахрысцілі яго «шпіёнам». Так пасля і клікалі, забываючыся на сапраўднае яго імя і прозвішча. А быў гэты «шпіён» не хто іншы, як Казімір Жаброўскі.
— Скажы, Жаброўскі, цяжкая гэта справа быць шпіёнам ці не? — спытаў у яго Міхась.
— Не шпіёнам, а контрразведчыкам,— паправіў той свайго субяседніка.
— Як бы там ні называў, а занятак гэты шпіёнскі,— настойваў на сваім Міхась.
— Не, не ўсё роўна,— не згаджаўся Жаброўскі.
— Для сапраўднага патрыёта высакародны, а для іншых... Самі разумееце.
— І колькі ж табе ўляпілі за тваю высакароднасць?
— Усяго толькі пятнаццаць і пяць паражэння ў правах.
— У чым жа цябе абвінавачвалі? — спытаў урэшце Юмас, які дасюль маўчаў.
— У тым, што быццам бы я працаваў на два бакі — на савецкі і на польска-румынскі. Гэта значыць, што я, камуніст з 1918 года, мог памяняць СССР на нейкія там Польшчы, Румыніі.
— У нас за нішто не судзяць,— падкалоў Макараў.
— У вас, можа, і не, а ў нас судзяць,— адказаў «шпіён».— Значыць, і над табой прысуд правільны, а яшчэ часам крыўдуеш.