— Ну, хопіць разводзіць дарэмныя спрэчкі,— прапанаваў Макараў.— Давай, Казімір Зыгмундавіч, лепш раскажы што-небудзь са свайго баявога жыцця.
— Эх, сябры, расказваць ёсць пра што, але не ведаю з чаго пачаць.
— Ну, вось раскажы хоць пра тое, як ты трапляў у тую ж самую Румынію. Пэўна ж, не так проста было?
— Перабірацца — і не раз — даводзілася ноччу цераз Днестр. Папярэдне развітваешся з сям’ёй, сябрамі і начальствам, якое цябе пасылае, а ўжо сярод ночы непрыкметна сядзеш у падрыхтаваную лодку — і шась на другі бераг. Там цябе хтосьці ўжо чакае. Потым той жа чалавек адвядзе цябе ў прызначанае месца, пасля чаго ты ўжо дзейнічаеш самастойна, але не без інструкцый, канечне.
— Ты даруй мне, што перапыняю, але скажы, як ты ў такі час адчуваў там сябе? — не стрымаўся Асцёрскі.— Ці боязна было аднаму?
— Наіўнае пытанне,— спакойна гаварыў «шпіён».— Уяві сабе, што ты ідзеш па канаце над безданню, у якой ледзь чарнеюцца вострыя скалы. Адна маленькая памылка, неасцярожнасць, і твая песенька спета. Вось і там таксама. Памыляцца контрразведчыку, як і мінёру, няможна. Добра ведаючы ўсё гэта, я рэдка калі распранаўся і разуваўся, начуючы ў гасцініцы ці прыватным доме. І пісталет заўсёды трымаеш пад галавой, а часам і лімонку — гранату.
— А скажы, Казімір Зыгмундавіч, былі такія выпадкі, калі вы сустракаліся з разведчыкамі з другога боку? — спытаў зноў Макараў.
— А як жа, былі, і неаднойчы. Толькі ні яны, ні я не адкрываліся. Яны сачылі за намі, а мы за імі. Яны палявалі на нас, а мы на іх. Быў выпадак, калі нам давялося ўступіць у паядынак. Добра, што гэта адбывалася на нашай тэрыторыі, у Адэсе. Я заўважыў, што гэтага чалавека неаднойчы бачыў у Кішынёве і ў Ясах, а цяпер ён ходзіць па Адэсе. Я паведаміў пра гэта сваім сябрам па службе, і мы яго накрылі ў рэстаране. Дужы быў, халера, ледзь справіліся ўтрох.
— Так, занятак твой быў не з лёгкіх,— сказаў Юмас.
— Дык затое ж і заплацілі няблага,— падкалоў Замяткін.
— Па рабоце і цана,— дадаў Макараў.
— Раскажы яшчэ пра што-небудзь,— прасіў хто-небудзь з кампаніі.
— У другі раз як-небудзь...— не згаджаўся «шпіён».— А зараз трэба ісці прыбіраць цэх, пакуль людзі абедаюць.— Ён працаваў прыбіральшчыкам у дэпо і баяўся страціць такую «добрую пасаду». Бо да гэтага ён дзёўбаў мёрзлую зямлю пад падмурак гарадскога драмтэатра.
Так што работа ў дэпо пасля такой катаргі — рай. Таму ён і трымаўся за яе. Некалькі разоў яму даводзілася падмяняць і малатабойца, калі па якой-небудзь прычыне той не выходзіў на работу. Больш за ўсё па хваробе. А такія вось гутаркі паміж зняволенымі неяк аблягчалі жыццё незаслужана пакрыўджаных людзей. Слухаючы падобныя расказы, яны забываліся на сваё рабскае становішча, у якім чалавеку не дазволена кіраваць сабою. Асабліва калі гэтыя расказы былі з гумарам. Збяруцца паднявольныя, паменцяць языкамі, і лягчэй робіцца на душы. Здавалася, што гэта не ў лагеры, а недзе на калгасным полі ці ў заводскім цэху. Усе гавораць, і ты гаворыш, усе смяюцца, і ты смяешся. Усе часам патрошкі выхваляюцца, і ты выхваляешся, як паляўнічыя ці рыбакі на ўлонні маткі-прыроды.
Вяртанне ў цэх
Каля трох месяцаў — да цёплых майскіх дзён — Міхась махаў цяжкім кавальскім молатам. Ён і яшчэ працягваў бы там ішачыць, каб не адно здарэнне. На дарозе адбылася аварыя з-за сапсаванай колавай пары: перагарэла і абламалася шыйка восі на адным з вагонаў таварняка. Добра, што састаў быў невялікі і амаль паражняк. Праўда, некаторыя з вагонаў папсаваліся, але вялікіх страт чыгунка не панесла, ды і чалавечых ахвяр не было. Але ж факт застаецца фактам: аварыя адбылася з-за не апрацаванай як след шыйкі адной з колавых пар.
У начальніка дэпо кіраўніцтва чыгункі-вузкакалейкі спытала, хто з токараў-шыечнікаў апрацоўваў тую колавую пару. Той адказаў:
— Храмаў Васіль.
— А чаму не Асцёрскі? — пыталіся ў начальніка дэпо высокія чыны.
— Па ўважлівай прычыне не быў на рабоце,— схлусіў той.
— За нядбайныя адносіны да даручанай справы атрымаеш вымову,— запэўніў, начальнік дарогі.
А начальнік вагоннага дэпо, у сваю чаргу, аб’явіў вымову майстру і загадаў вярнуць у цэх, да станка, Асцёрскага. І Міхась зноў пачаў выконваць складаныя аперацыі на прымітыўным такарна-шыечным станку. Ён па-ранейшаму праводзіў павучальныя, карысныя гутаркі са сваім малодшым сябрам Міколкам, які без адрыву ад вытворчасці ў вячэрні час вучыўся на курсах тапографаў. Калі той сутыкаўся з цяжкасцямі ў сваёй вучобе ці працы, Міхась заўсёды памагаў яму. Ды і не толькі гэтым, Міхась памагаў свайму маладому сябру ва ўсіх жыццёвых пытаннях. Ён палюбіў яго так, як толькі можа любіць бацька свайго роднага сына. І Мікола са свайго боку лічыў Міхася другім сваім бацькам, што не вельмі падабалася Ступнікаву-старэйшаму. Ён неяк насцярожана пачаў адносіцца да Асцёрскага, затаіўшы ў душы нейкую крыўду.