Выбрать главу

У летні час і ў Нарыльску было добра. Круглыя суткі свяціла сонца. Пад яго промнямі, хай сабе і слабымі, можна было грэцца і ноччу. А Міхасю часта даводзілася працаваць у начную змену. І, трэба сказаць, яму такая змена падабалася. Ніякай мітусні, ніякага крыку-вэрхалу. Колькі хочаш працуеш і колькі хочаш адпачываеш. Ніхто табе не псуе нерваў, якія даўно і так былі ўжо сапсаваны. Ён прасіў майстра, каб той пасылаў у начную змену і Міколку, і той згаджаўся. А майстар ведаў пра сяброўства двух гэтых на першы погляд розных людзей. Ды і не толькі майстар. Пра гэта ўжо ведалі амаль усе ў дэпо, але глядзелі на такія ўзаемаадносіны па-рознаму.

Неяк раз Міхась рызыкнуў расказаць свайму юнаму сябру аб сваёй сямейнай трагедыі, пра якую ён яшчэ і сам добра не ведаў, але адчуваў гэта сэрцам.

— А можа, Міхась Раманавіч, гэта табе толькі так здаецца? — супакойваў, як мог, свайго старэйшага сябра Мікола.— Паспрабуй яшчэ раз напісаць сваёй Таісе.

— Кажаш «сваёй Таісе?» А ці яна цяпер мая?

— А чыя ж?

— Не ведаю чыя, а толькі ўжо не мая,— сумным голасам гаварыў Міхась.— Я ж табе гаварыў, што яна публічна адраклася ад мяне і пасля не адказала ні на адно маё пісьмо да яе.

— А ты яшчэ раз напішы. Можа, яна тваіх пісем і не атрымлівала.

— Напісаў бы, ды не ведаю куды: Ленінград жа ў блакадзе. Трэба трошкі пачакаць. Мне здаецца, што вось-вось кола гэтай праклятай блакады разляціцца!

— Ну, тады трошкі пачакай,— згадзіўся Мікола.

— Я ж, як толькі магу, стараюся паскорыць канец гэтай ненавіснай блакады. Кожны месяц амаль усю сваю зарплату ахвярую на абарону пакутніка Ленінграда. Жонка як жонка, яна ўжо ніколі не будзе маёй, а сын... Ён жа таксама недзе там пакутуе, калі застаўся жывы.

— Правільна робіш. Я і сам бы так рабіў,— шчыра і пераканаўча гаварыў Мікола.

Гэта гутарка адбывалася ў сярэдзіне чэрвеня 1944 года. А яшчэ да гэтага Міхась пачуў па радыё ноччу 26 чэрвеня, што 25 чэрвеня вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горад Чавусы Магілёўскай вобласці. Назаўтра ж паведамлялася аб тым, што ад акупантаў ачышчана Орша, потым — гарады Горкі, Шклоў і, нарэшце, Магілёў. Радасці не было канца. Каго б ён у той час ні сустракаў са сваіх знаёмых, усім гаварыў:

— Ты ведаеш, мая Магілёўшчына вызвалена ад фашысцкай чумы! Скора Гітлеру будзе капут!

І сябры па працы і па лёсу віншавалі Міхася з перамогай, да якой было яшчэ далёка.

Доўга не думаючы, Міхась сеў і напісаў пісьмы бацькам і двум сёстрам, якія жылі асобна ад бацькоў. Думаў, вось цяпер яны напішуць яму пра сябе, пра сваіх родных і блізкіх. Гэтыя пісьмы былі адпраўлены з першым параходам навігацыйнага сезона 1944 года. А навігацыя па Енісеі пачыналася ў сярэдзіне чэрвеня.

А праз два месяцы пасля таго да Міхася прыйшла новая радасць: 10 жніўня цалкам была знята блакада з гераічнага Ленінграда. І ён тут жа напісаў пісьмы Таісе і былой цешчы — Марыі Пятроўне. У пісьме да Таісы ён паведамляў аб тым, што жыў-здароў і спадзяецца на хуткае вызваленне. Пытаўся ў гэтым пісьме і пра сына. Прасіў яе берагчы іх агульнае дзіця, а таксама і самую сябе. Для парадку некалькі слоў пракляцця паслаў у адрас Гітлера, узваліўшы ўсю віну на яго і за свой лёс. Маўляў, каб не ён, дык і з ім, Міхасём, не здарылася б таго, што ён перанёс і перажыў разам з ёю, Таісай, і іх сынам, Алегам. Хоць сапраўднага віноўніка ён ужо добра ведаў, але ў пісьме не хацеў пра гэта гаварыць, каб не наклікаць на сябе новай, яшчэ страшнейшай бяды. А ў пісьме да былой цешчы ён яшчэ больш хітрыў. Два пісьмы адправіў адначасова міма лагернай цэнзуры. Іх аднёс на пошту Мікола, і яны пайшлі па прызначэнні ў канвертах з грыфам «Авіа».

Не прайшло і месяца, як Міхась атрымаў адказы на абодва пісьмы. Пісьмо ад былой цешчы было лаканічным. Яна паведамляла аб тым, што за вайну яны нагараваліся, але засталіся жывымі і што асабіста яе напаткала вялікае гора: у час бамбёжкі Ленінграда яшчэ ў 1941 годзе загінуў яе муж, айчым Таісы.

Таіса ж настрачыла пісьмо на цэлых чатыры старонкі. Яна пісала: «Міхась, я вельмі рада, што ты жыў і здароў і што не крыўдуеш на мяне за маё маўчанне. Ты ведаеш, што я замужам за палкоўнікам. У мяне ад яго ёсць сын Вова. Наш Алік расце і чакае цябе. Муж мой зараз на фронце — змагаецца з агульным нашым ворагам — фашызмам. Але нягледзячы на ўсё гэта, ты прыязджай, як толькі вызвалішся. Мы цябе чакаем...» І ў канцы: «Таіса».