Горада яшчэ не было, а ўжо з рук у рукі хадзілі планы яго забудоў, вуліц, плошчаў і сквераў. Намячалася будаўніцтва і спартыўных збудаванняў, а таксама памяшканняў машынабудаўнічага інстытута і Дома піянераў, новага драмтэатра.
Працавалі там тысячы такіх жа «камсамольцаў», як і Міхась, толькі на розных аб’ектах. На долю Міхася выпала будаўніцтва новай гасцініцы; спачатку закладваць падмурак, а потым ужо ўзводзіць і сцены з прывезенай туды цэглы.
Дзякуй богу, як гаварыў сабе Міхась, да яго прыходу тут ужо былі выкапаны катлаваны. Ён цяпер рыхтаваў раствор, насіў яго ў насілках-карытах, а часам і на тачцы вазіў да месца прызначэння. Падносіў і падвозіў на тачцы каменне і цэглу. А калі з падмуркам было закончана, насіў цэглу і раствор аж да чацвёртага паверха. Як і на падмурак, раствор насіў у насілках-карыце, а цэглу — на «казе» — спецыяльна зробленым для гэтага ўслончыку. І так з дня ў дзень. Спрабавалі ставіць яго на кладку цэглы, але ён пастараўся паказаць сябе «непрыгодным» да гэтай працы. Можа, сам працэс гэтай працы і лягчэйшы, але ж цэлую змену трэба стаяць на ветры, пурзе і марозе, што не кожны здольны вытрымаць. Бо рабіць усё гэта трэба было голымі рукамі. Таму Міхась і вырашыў схітрыць, паказаць сваю «бяздарнасць». Разы тры яго патрывожылі і пасля таго, як пераканаліся, што ў яго няма такой «кемлівасці», перасталі чапляцца. Махнулі рукой, як на «безнадзейнага», што яго вельмі ўзрадавала. Ён сваімі вачамі бачыў, як выходзілі са строю муляры з абмарожанымі рукамі і тварамі.
Міхасю пашанцавала ў адным, што на пару з ім працаваў былы саліст Казахскага радыё Кастусь Шыраеў. З ім яны не толькі разам працавалі, але і спалі на нарах у бараку. Чалавек гэты па сваёй натуры быў аптымістам. Ён ніколі не траціў надзеі на тое, што яшчэ будзе спяваць, і не толькі па радыё, але і ў вялікіх канцэртных залах. А таму ён кожны дзень, раніцай, правяраў свой голас, канечне, употай ад розных насмешнікаў. Першы раз, калі Міхась яшчэ нічога не ведаў пра яго, нават перапалохаўся. А было гэта так. Раніцай, перад пад’ёмам, ён пачуў, як яго сусед падае нейкія неўласцівыя яму гукі: «Э-э-э! Ы-ы-ы! О-го-го! А-у, а-у! Гага-га!»
— Шыраеў, што з табой? Ты хворы? Ці, можа, у сне спалохаўся чаго?
— Не перашкаджай мне, Асцёрскі! Я голас правяраю.
— Дык ты ж трызніш,— прыставаў Міхась.
— Адстань ад мяне! Я правяраю голас,— адказаў той.
— Як гэта правяраеш?
— А вось так,— і ён пачаў паўтараць свае практыкаванні.— Я ж яшчэ не трачу надзеі на справядлівасць. Мяркую яшчэ паспяваць на волі. І з гэтай марай я не расстануся. Нават калі і прыйдзецца цалкам адбываць гэты дзікі тэрмін, і то ўжо застаецца толькі тры гады. Сем гадоў ужо адбухаў і, дзякуй богу, застаўся жывы.
Але, на жаль, жывым ён не застаўся. Як потым даведаўся Міхась, улетку наступнага года ён, ратуючыся ад цынгі, наеўся нейкай дзікай травы, якую прыняў за палявы часнок, і аддаў богу душу — памёр «сваёй смерцю».
— Царства нябеснае яму! — гаварылі тыя, хто ведаў яго,— таленавітага спевака і цудоўнага чалавека.
Але ўсё гэта было потым. А пакуль яны разам з Міхасём узводзілі памяшканне гасцініцы.
У бараку, дзе жылі Міхась з Шыраевым, было вельмі мала «ворагаў народа». У асноўным яго жыхарамі былі «сябры народа» — жулікі і бандзюгі. А таму нельга было пакінуць там ніякай анучыны, не гаворачы ўжо пра сапраўдныя рэчы ці прадукты. Даводзілася ўсё цягаць з сабою, ідучы на работу. Міхасю пашэнціла, што трапіўся такі напарнік. У сваю чаргу і Шыраеву таксама пашчасціла, што да яго прыйшоў шчыры і сумленны чалавек.
Аднойчы, лежачы на нарах, Міхась спытаў у Шыраева:
— Скажы, Канстанцін Міхайлавіч, за што цябе загналі за гэтыя краты, у гэта пекла?
— За тое, што «ігнараваў сучасныя песні», у якіх праслаўляецца розум і дзейнасць «вялікага правадыра» — Сталіна, а замест іх падбіраў рэпертуар «царскіх песень» (так яны разумелі народныя песні), чым «усхваляў феадальна-буржуазныя парадкі часоў рускага царызму». Мой жа рэпертуар мала чым адрозніваўся ад рэпертуара Фёдара Шаляпіна. Канечне, не па сіле яго выканання, а па тэматыцы і змесце. Хоць я і лічу сябе вучнем гэтага вялікага рускага спевака, але параўноўваць сябе з ім не збіраюся. Гэта было б не больш і не менш як самахвальства з майго боку, не гаворачы ўжо пра нясціпласць.
— А цябе за што? — у сваю чаргу, спытаў той.