— Мяне,— сказаў Міхась,— за тое, што хацеў «аддзяліць Беларусь ад СССР». І ў дадатак да ўсяго гэтага — «рыхтаваў замах на членаў Палітбюро».
— Выходзіць, што мы абодва — контры?
— Выходзіць так,— сказаў Міхась. Яны добра разумелі адзін аднаго і горка ўсміхаліся.
— А завошта цябе кінулі ў гэты сабачнік? — яшчэ раз звярнуўся да Шыраева Міхась.
— Брыгадзіра абазваў крэтынам, а калі яго пачаў абараняць начальнік КВЧ, якому ён паскардзіўся на мяне, і той стаў лаяць мяне і пагражаць, я абазваў начальніка шакалам, які падбірае падлу і аб’едкі. Вось ён і «камандзіраваў» мяне, як ты кажаш, у гэтую псарню. А калі я цяпер выберуся і наогул ці выберуся, хто яго ведае. А ты як сюды трапіў?
Міхась расказаў яму ўсё, як было, і той спачувальна сказаў:
— Звяругі! Чалавек усю радню страціў, а яны яго за гэта — на штрафную. Трэба было звярнуцца куды-небудзь да вышэйшага начальства.
— Ты, Канстанцін Міхайлавіч, чалавек разумны. Каму мы патрэбны? Хто за нас закіне слова? Ты гісторыю вучыў. Скажы, хто калі заступаўся за раба? — горка гаварыў Міхась.— Дарэчы, дзе ты да гэтага працаваў?
— Грузчыкам на гандлёвай базе. Там хоць нялёгка было, але мы не галадалі і абшарпанымі не хадзілі, як зараз,— гаварыў Шыраеў.— Ды і вошай не бачылі. А тут гэтыя казяўкі не даюць жыцця. Пражыў я тут колькі часу, а яшчэ ніводнага разу ў лазні не быў і бялізны не мяняў.
Так яны і трымаліся адзін аднаго, пакуль не патурбавалі Міхася праз якіх-небудзь тры месяцы пасля яго прыходу на гэты пякельны круг.
А ўсё адбылося вельмі проста. Раніцай, у час разводу яго выклікалі і сказалі, каб ён не ішоў на аб’ект, таму што яго чакала іншая дарога. Толькі, як заўсёды, не сказалі куды. На пытанне адказалі:
— Даведаешся пасля, пэўна, табе ж гэта не ўпершыню.
Зноў дэпо
Нечакана для самога сябе, Міхась зноў апынуўся ў бараку работнікаў вагоннага дэпо.
— О, браточкі, паглядзіце, хто прыйшоў да нас,— гучна сказаў Макараў.
Ён першы падскочыў да Міхася, абняў па-мужчынску і першы паціснуў яму руку. За ім тое ж самае зрабілі і іншыя насельнікі гэтага «гатэля». Убаку былі толькі тыя, хто прыйшоў з начной змены.
— Пойдзеш у начную змену,— сказаў яму зменны майстар Васільеў,— твой станок цябе чакае.
А ўсё адбывалася так. У вагоннае дэпо прыйшоў новы начальнік Пярэрва Яўген Прохаравіч. І яму расказаў пра сёе-тое майстар Рыгор Сцяпанавіч. Ён сказаў, што з дэпо забралі лепшага токара-шыечніка, кім яно раней ганарылася і пра якога добра ведае начальнік дарогі. Той спачатку нічога канкрэтнага не сказаў, паабяцаў толькі разабрацца. А пасля таго, як навёў даведкі, звярнуўся ў адпаведныя органы Нарыльска з просьбай накіраваць у яго распараджэнне спецыяліста-чыгуначніка па вагонна-таварнай частцы, Асцёрскага Міхаіла Раманавіча, і там просьбу ўважылі. Вось так Міхась вярнуўся зноў туды, адкуль узялі яго тры месяцы таму назад. Перш чым легчы на нары, ён сам папрасіў, каб спачатку адвялі ў санпрапускнік і памянялі бялізну. А ўвечары ён ужо пайшоў у дэпо ў начную змену — да свайго дапатопнага станка.
Майстра свайго ўбачыў толькі раніцай. Ён узрадаваўся сустрэчы і адначасова паведаміў Міхасю горкую вестку: атрымаў пахаванку на свайго адзінага сына Шурку, месца якога на такарным станку пасля заняў Мікола Ступнікаў, юны сябар Міхася. Ён гаварыў і плакаў. Міхась расказаў аб сваіх стратах і таксама плакаў. І тут у яго ўзнікла думка: напісаць яшчэ адну заяву з просьбай адправіць на фронт — помсціць за брата, бацьку, дваюрадных братоў, за сястру, зяцёў і за Шурку, з якім ён калісьці тут, у гэтым дэпо, быў у добрых, сяброўскіх адносінах. Калі ён прызнаўся ў гэтым майстру, той падумаў і сказаў:
— Рашэнне тваё высакароднае, але пасля гібелі сына я баюся яшчэ страціць і сябра, а таксама добрага работніка. Спачатку добра падумай, а потым ужо рашай,— раіў ён Міхасю.
— А я ўжо, Рыгор Сцяпанавіч, рашыў: заўтра пішу і пасылаю заяву на імя самога Вярхоўнага. Баюся толькі аднаго, што не задаволяць просьбу. Гэта будзе ўжо трэцяя мая заява. Як кажуць, бог тройцу любіць. А можа, і клюне.
— Што ж, вольнаму — воля. Калі рашыў, падавай,— згадзіўся той.
І зноў закруцілася жыццёвае кола, падобнае на тое, якое круцілася на станку. Міхась, як і раней, старанна працаваў на сваім прывычным месцы, як быццам ён ніколі і не адлучаўся з гэтага дэпо і ад гэтага дапатопнага станка.
Усё было добра: яго гасцінна сустрэлі знаёмыя людзі, з якімі ён працаваў ужо больш за тры гады. Адно засмучала: пакуль ён знаходзіўся ў той трохмесячнай «камандзіроўцы», нядбайныя работнікі папсавалі ўсе разцы і графчыкі, расхісталі станіну самога станка, абарвалі ланцуг, з дапамогай якога ён устанаўліваў колавую пару на станок. Ён прыйшоў да гэтага станка, як быццам у дом пасля пажару. Колькі часу прайшло толькі на тое, каб пачысціць і змазаць як след станок. Адным словам, усё было дабіта да ручкі. «Вось чаму так занепакоілася начальства і прыняло ўсе захады, каб мяне вярнуць сюды,— думаў Міхась.— Іх, начальнікаў, непакоіў не столькі мой лёс, колькі свой спакой і дабрабыт».