Выбрать главу

А працавалі на гэтым станку ў адсутнасць Міхася яго ж былыя вучні, якіх ён рыхтаваў самым старанным чынам. Праўда, ён і тады не мог за іх паручыцца, хоць начальства і лічыла іх «надзейнымі бытавікамі». Адным словам, яны ўсе былі з кампаніі блатных, каго цікавіла не работа на станку, а нешта іншае — што бліжэй ляжыць пад рукамі. Яны не вылазілі з лагера. Не паспявалі адбыць адзін тэрмін, як тут жа зараблялі другі. Некаторыя з іх не мелі ніякага ўяўлення аб сапраўднай свабодзе. Яны з дзіцячых гадоў жылі ў такіх месцах, а таму турму і лагер лічылі сваім родным домам. Вось такіх «экспанатаў» і падсоўвалі ўвесь час Міхасю ў вучні на токара-шыечніка.

Праўда, былі выпадкі, калі прыводзілі вучыцца і былых фабзавучнікаў, але і з іх было мала карысці. Яны мала чым адрозніваліся ад зэкаў-«бытавікоў». Тых жа, каго хацеў і рэкамендаваў Міхась, начальства адмаўлялася браць: не дазваляў артыкул крымінальнага кодэкса і «тэрмін пакарання».

Штодзень прыходзілі добрыя весткі з франтоў. Часці Чырвонай Арміі даўно перасеклі дзяржаўную мяжу і ўжо ваявалі на тэрыторыі іншых дзяржаў — Польшчы, Румыніі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Балгарыі — вызвалялі іх народы ад карычневай чумы фашызму. Сям-там воіны нашай арміі перасеклі мяжу і самой Германіі, як, напрыклад, Усходняй Прусіі, якую яны амаль усю ўжо занялі, Сілезіі і Памераніі. Адчуваўся ўжо блізкі канец усёй гэтай чалавечай бойні. Адначасова блізіўся канец і фашызму.

Усё ішло, як трэба. Шкада, што побач з Міхасём не было юнага сябра: ён працаваў ужо ў тундры разам з партыяй тапографаў пасля тых курсаў, да якіх рыхтаваў яго сам жа Міхась. Не было з кім параіцца, пагаварыць пра розныя жыццёвыя праблемы. А тут яшчэ Таіса засыпала пісьмамі. І чым хутчэй набліжаўся дзень вызвалення, тым яна часцей і часцей турбавала яго сваёй пісанінай. Яна, нават не чакаючы адказу на папярэдняе сваё пісьмо, пісала новае. Разам з пісьмамі ў канверты клала фатаграфіі, свае і сынавы. Амаль у кожным пісьме пісала: «Хлопчыку трэба бацька, ён чакае і ніяк не дачакаецца цябе». Адным словам, цяпер яны памяняліся ролямі: чатыры гады Міхась пісаў ёй рэгулярна, але адказаў не атрымліваў, а цяпер, наадварот, пісала яна. Розніца заключалася ў тым, што Міхась, хоць не на ўсе яе пісьмы, але зрэдку адказваў. Пры гэтым адказваў так, як думаў — адказваў груба, па яе заслугах. Толькі яе і гэта не вельмі кранала. «Так, душа яе, відаць, счарсцвела,— думаў Міхась.— З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Пажыла з бяздушным чалавекам — і сваю душу загубіла».

А канец вайны і канец Міхасёвага рабства набліжаўся.

Неяк раз аператыўны работнік лагера паклікаў Міхася і спытаў:

— Вы падавалі заяву аб пасылцы вас на фронт?

— Пасылаў, пісаў на імя самога Вярхоўнага.

— Дык вось заўтра вас і іншых такіх, як вы, сфатаграфуюць, і вы будзеце чакаць адпраўкі.

І сапраўды, назаўтра іх усіх 8 чалавек сфатаграфавалі і сказалі, каб яны чакалі выкліку і далей працавалі на сваіх месцах. Але выкліку такога Міхась не дачакаўся. Прайшоў дзень, тыдзень, месяц, а іх нікога не выклікаюць. Калі яны спрабавалі звяртацца па гэтым пытанні ў аператыўную частку лагера, ім адказвалі, што яны пакуль застаюцца да «особого распоряжения».

Здарылася акурат так, як у 1940 годзе з вызваленнем. Другі раз у лагерным жыцці Міхасю не пашанцавала.

Пакуль суд ды справа, дык Міхась дачакаўся не выкліку на фронт, а вестак аб хуткай перамозе, а потым і самой Перамогі. Толькі тады ён здагадаўся, чаму яго не выклікалі: там, на фронце, ён ужо быў не патрэбны. Без яго справіліся.

А з якой жа радасцю стрэлі гэты Дзень літаральна ўсе: і вольнанаёмныя і «ворагі народа» — зняволеныя! Вольнанаёмныя спадзяваліся на жыццёвыя палягчэнні і паляпшэнні, а таксама і на тое, што цяпер ні іх саміх, ні іх родных не пашлюць туды, адкуль не кожны вяртаўся, а калі і вяртаўся, дык увесь знявечаны. А зэкі думалі, што цяпер пачнуць разбірацца і невінаватых будуць вызваляць — пасылаць да сваіх сем’яў. Але памыляліся як першыя, так і другія. Калі першыя не дачакаліся свайго жыццёвага палягчэння, то зняволеныя — вызвалення.

Пасля Перамогі яшчэ больш былі закручаны гайкі, асабліва ў такіх месцах. Усе аказаліся напалову зняволенымі: забараняліся ўсякія пераезды з аднаго месца на другое і таксама пераходы з аднаго месца работы на другое. Краіна апынулася ў суцэльным лагеры і цалкам падпарадкоўвалася волі любімца Сталіна — Берыі і іншых яго памагатых. А што датычыць зняволеных, дык нават тых, хто адбыў свой «тэрмін пакарання», затрымлівалі ў лагеры «до особого распоряжения». А калі яно прыйдзе, тое «особое распоряжение», ніхто не ведаў і ведаць не мог, бо ўсё трымалася пяты год і ўсё «до особого распоряжения». Ад тых саманадзейных, занослівых афіцэраў, якіх Міхась бачыў у пачатку вайны ў Краснаярску, засталіся толькі прозвішчы ды імёны, а дакладней — іх цені. Хадзілі каля дэпо і прасілі ў такіх жа зняволеных кавалачак хлеба. Аднойчы Міхась не стрымаўся і сказаў, звяртаючыся да іх: