Больш за паўсотні чалавек моўчкі працавалі да сёмага поту. Бо падганялаў назбіралася хоць адбаўляй. Акрамя назначанага на гэты дзень брыгадзіра былі дзесятнікі, прарабы, чыгуначныя майстры, тэхнікі. Карацей кажучы, нахлебнікаў хапала.
Час ішоў непрыкметна. І вось, калі дабраліся да паловы гэтага завалу, прывезлі баланду і быў аб’яўлены перапынак.
Як і працавалі, елі моўчкі «смачную» сечку. Амаль кожны пажадаў бы дабаўкі, ды яе не было. А на свежым паветры апетыт быў куды большы, чым у памяшканні. Калі ж пакончылі з абедам, пачалі шуткаваць, расказваць анекдоты. А «бытавічкі» спрабавалі згуляць у карты (у «ачко»), але ім не дазваляў аднадзённы брыгадзір.
А вакол буяла прырода сваімі багаццямі і фарбамі. Побач чырванелася марошка, але яна аказалася забароненым плодам — канвой не дазваляў яе рваць. Канваір стаяў, як свечка, і сачыў за рухам кожнага чалавека.
І вось адзін з зэкаў усё ж такі рызыкнуў падпаўзці з паўметра і, лежачы, адшчыпнуць пару ягадак. Але не паспеў данесці іх да рота, як пачуўся глухі стрэл (у тундры стрэлы паходзяць на шчаўчкі), і ў хлопца цераз рот пацякла кроў... Міхась спачатку падумаў, што гэта яго вырвала, стала млосна ад ягад. Бо ён знаходзіўся ад Міхася не больш як за метр. А той узмахнуў рукамі і заціх...
— Забойца! Што ты нарабіў? — пачуўся голас тых, што ляжалі побач з ахвярай.
Усе зразумелі, што адбылося відавочнае забойства. Спачатку забойца і сам быў напалохаўся свайго ўчынку, а потым апамятаўся і закрычаў:
— Лажыся! Усе лажыся! Страляць буду!
Усе павольна, як нехаця, падпарадкаваліся — ляглі.
Праз лічаныя хвіліны на месца здарэння прыляцелі тры энкавэдысты: оперупаўнаважаны, следчы і эксперт. Яны паварушылі, паварочалі ахвяру, памерылі рулеткай адлегласць ад ляжанкі зняволеных да марошкі, напісалі заключэнне і загадалі брыгадзе ляжаць тварам да зямлі, пакуль не будзе новага распараджэння.
Праз нейкі час вярнуўся ўжо адзін оперупаўнаважаны разам з двума новымі канваірамі, таму што канваіра-забойцу яны знялі з гэтага паста і, відаць, паставілі ў іншае месца, каб не адбылося тут яшчэ якога непаразумення. Па настроі людзей відаць было, што яны абураны ўчынкам канваіра. А таму оперупаўнаважаны заявіў:
— Не хвалюйцеся дарэмна, усё зроблена па закону. Ваш сябар Мікалай Цароў хацеў уцякаць. А цяпер, калі вы яго паважаеце, выкапайце яму магілу, бо вам яшчэ трэба будзе працаваць — разбіраць завал.
Калі ўсе пераканаліся, што Мікола Цароў сапраўды мёртвы, яны на самым пагорку, амаль на тым жа самым месцы, дзе яго сустрэла смерць, падрыхтавалі ямку і закапалі ў ёй свайго сябра. А перад тым як закапаць, нехта сарваў галінку марошкі і паклаў яму ў рукі.
— Яна завяла яго ў магілу. З ёю няхай ён будзе і там. Нябожчык вельмі любіў гэтую ягаду,— сказаў адзін са зняволеных.
Як хавалі, ніхто не заплакаў, усе трымаліся мужна. А пасля ўжо, як напружанасць прайшла, многія ціха і моўчкі выціралі слёзы, праклінаючы ў душы забойцу.
Калі ж была пададзена каманда зноў пачаць работу, ніхто не падняўся з месца. Усе моўчкі ляжалі на зямлі. Спачатку іх угаворвалі, потым загадвалі, пагражалі, але нічога не памагло: да самага вечара ніхто не падняўся з месца. Пэўна, і сам Сталін ці Берыя не паднялі б іх. Гэта была як жалоба па Міколу Царову, якому заставалася быць за калючым дротам усяго толькі некалькі дзён з тых васьмі гадоў, якімі яго «ўзнагародзілі» ў 1937 годзе за «дыверсію і шпіянаж» на карысць Японіі.
У тую ноч Міхась не спаў, як і шмат хто з яго сяброў. У кожнага стаяў перад вачыма самасуд — несправакаванае і адкрытае забойства чалавека. Тым больш што незадоўга перад гэтым Міхасю давялося бачыць і другую ахвяру, якую напаткала недарэчная трагічная смерць.
Зусім яшчэ маладзенькі хлопец, так прыкладна гадоў 20, загінуў пад вагонам, які ён рамантаваў у начную змену побач з дэпо. Ён, відаць, паміраў цяжкай, пакутлівай смерцю па віне і зменнага майстра, і інжынера па тэхніцы бяспекі. Вагонная рама, якую ён для зручнасці падымаў на дамкраце, сарвалася з гэтага няхітрага прыстасавання і ўпала яму прама на жывот. Колькі ён так пакутаваў, колькі заставаўся яшчэ жывы, ніхто не ведае. Яго знайшлі пад цяжарам гэтай вагоннай рамы толькі раніцай. Ніякага медыцынскага агляду, ніякай экспертызы ніхто не рабіў. Паднялі раму, выцягнулі мёртвае цела, адвезлі некуды і на гэтым паставілі кропку. Нават вымовы нікому не далі за такую бяспечнасць і абыякавасць да чалавека.
А хлопцу гэтаму таксама да канца тэрміну заставалася некалькі месяцаў. Яго судзілі за нейкую дробязь і далі тры гады. Гэта было ў час вайны. Яму тады толькі-толькі споўнілася 18 гадоў. І вось два гады і тры месяцы адбыў. Ён расказваў, што на бацьку маці атрымала пахаванку і ён заставаўся за гаспадара. І каб выратаваць сям’ю ад голаду, нешта недзе ўзяў, і яго судзілі, пасля чаго прывезлі ў Нарыльск. Да лагера ён працаваў слесарам у нейкім вагонным дэпо Уральскай чыгункі. Звалі яго Якавам Зайцавым.