Наступнай ахвярай стаў Іван Сяргееў, якога столькі часу бярог Міхась, але ўсё ж не ўбярог. Яго з’ела дызентэрыя. Хворага завезлі ў лазарэт, дзе ён і памёр. Неўзабаве пасля гэтага на яго імя прыйшла пасылка. Лагернае начальства, ведаючы пра яго смерць, буйнымі літарамі напісала на скрынцы гэтай пасылкі свой умоўны знак — «чорны», што азначала мёртвы, і адправіла пасылку таму, хто яе пасылаў,— жонцы нябожчыка, у горад Сестрарэцк. Праз нейкі час тая ж пасылка разам з пісьмом зноў прыйшла ў штрафную калону нумар тры. У сваім пісьме, якое выпадкова трапіла ў рукі да Міхася, жонка пісала: «Ваня, чамусьці мая пасылка, адрасаваная на тваё імя, зноў вярнулася да мяне, пры гэтым на яе вонкавым баку чамусьці буйнымі літарамі напісана слова «чорны». Няўжо, Ваня, ты стаў цяпер чорным? Напішы мне, калі ласка, што гэта азначае?»
Канечне, Ваня ўжо напісаць не мог, бо на тым свеце пісем не пішуць. І гэтую справу ці абавязак узяў на сябе Міхась. Ён напісаў жонцы Івана Сямёнавіча ўсё, як было і што здарылася, нічога не ўтойваючы і не дадаючы. Прасіў яе трымацца мужна і больш не траціцца дарэмна. Бо інакш усе яе клопаты і расходы пойдуць на карысць лагерным «прыдуркам».
Хутка ён атрымаў адказ, у якім яна вельмі і вельмі дзякавала Міхасю за яго чалавечнасць, за яго сяброўскія і шчырыя адносіны да яе нябожчыка мужа.
Фядотаў і Сяргееў памерлі, а Канеўскага і Лёсіка перавялі ў іншыя брыгады. Міхась застаўся ў адзіноце. Нейкі час ён, не маючы надзейнага напарніка, біў ломам яшчэ не адталую зямлю і дзёўбаў гранітныя скалы адзін, пакуль не знайшоўся добры напарнік. А такім для яго стаў былы інжынер па сельскагаспадарчых машынах, выпускнік Ленінградскага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Уладзімір Уладзіміраў. Яны неяк адразу пасябравалі і стараліся заўсёды працаваць разам — быць напарнікамі. Нешта аб’ядноўвала іх, радніла. Было ў іх штосьці агульнае. Яны дружна білі ламамі ці кіркамі, дзяліліся думкамі і марамі, кожнай маленькай радасцю і горам. Яны так пасябравалі, што спалі разам — бок у бок, накрываліся адным бушлатам, а другі падсцілалі пад сябе на сырыя круглякі барачных нараў, бо не было там ні матрацаў, ні коўдраў, тым больш падушак. Не ўсім давалі і бушлаты з абуткам. Хто ў чым і з чым прыехаў, тым і карыстаўся. Паколькі іх прывезлі ўзімку, шмат хто быў у валёнках. Для зімовага сезона гэта было добра. А вось прыйшла вясна, пачало прыграваць сонца, а яны вымушаны былі хадзіць у тых валёнках, якія ім перадалі ў перасыльную турму. Калі ж зямля нагрэлася як след, яны здымалі свае мокрыя і пабітыя валёнкі і хадзілі босымі. Так і працавалі з ламамі, кіркамі і рыдлёўкамі. Міхасю добра запамятаўся адзін момант з тагачаснага іх жыцця і паднявольнай працы. Было гэта 20 сакавіка 1938 года. Сонейка так прыгрэла, што яны паскідалі з сябе не толькі валёнкі, але і кашулі, селі на край забою, пазвешвалі ногі і пачалі знішчаць «сараканожак», якія не давалі жыцця. Бо ў лазні яны не былі з дня арышту. Ад поту пачала разыходзіцца па рубцах і не па рубцах вопратка. Цэлую гадзіну абедзеннага перапынку яны змагаліся з гэтай поганню.
У той жа дзень сябры па няшчасці далі сабе слова дапамагаць адзін аднаму ў любы час і пры любых умовах і абставінах. Калі хто з іх трапіць у бяду, другі павінен будзе ратаваць яго. І слова сваё яны трымалі. Але пра гэта будзе гаворка потым. А пакуль што яны знаходзіліся ў аднолькавым становішчы: абодва былі рабочым быдлам. Хадзілі бруднымі, у абшарпаным адзенні, босымі і аслабелымі. Надзеі на выжыванне было мала. Іх абнадзейвала і суцяшала толькі ўзаемнае сяброўства. І ўсё-такі, нягледзячы на гэта, яны абмяняліся дамашнімі адрасамі, як яны гаварылі, на ўсякі выпадак.
Праз нейкі час Уладзімірава выклікалі і адправілі кудысьці ў іншае месца. А куды — ніхто з яго сяброў, як і сам ён, не ведаў. У лагеры ніхто ніколі не ведаў, каго і куды збіраліся весці ці везці. Толькі праз год Міхась выпадкова даведаўся пра лёс свайго сябра: яго перавялі спачатку на пасаду майстра, а потым — інжынера і нарэшце — галоўнага інжынера майстэрняў. Пра гэта Міхась выпадкова даведаўся праз аднаго зняволенага — работніка тых самых майстэрняў.
Пасля таго як Уладзіміраў пакінуў штрафную нумар 3, Міхась зноў застаўся адзін. Брыгада, у спісах якой ён лічыўся, складалася ў асноўным з крымінальнікаў. Прадстаўніком гэтага асяроддзя быў і брыгадзір Розаў па мянушцы Бык. Ён пасадзіў Міхасю на плечы яшчэ трох-чатырох дармаедаў — амаль усю сваю шайку-лейку. Усе цяжкія работы выконвалі сапраўдныя рабацягі, а пайкі атрымлівалі палавінныя — за 50 працэнтаў нормы. Сваёй жа браціі ён выводзіў нормы на 100 працэнтаў, каб яны атрымлівалі пайку ў 1100 грамаў хлеба і адпаведны ёй прыварак. Неяк Міхась спрабаваў быў заікнуцца пра гэта брыгадзіру, на што той адказаў яму па-лагернаму, «шчыра»: