З велічнай млявасцю тым часам з аўдыторыі выплыла генеральская дачка Паліна Басаргіна.
— Пяць балаў, — абвясціла яна. — Гавін запаў на мяне, век Парыжа не бачыць.
Трэба было заходзіць менавіта Ігнату Мазуру, але той рашуча адмовіўся:
— Пачакаю.
Замест яго, а значыць да выкладчыка Гавіна, пайшоў вядомы на курсе зубрыла і, як хадзілі чуткі, — стукач, выдатнік Павел Слімакоў.
Ужо моцна нервуючыся, студэнт Ігнат Мазур чакаў выхаду Вані Гужына. Як толькі той паказаўся з дзвярэй, Мазур пасунуўся ў аўдыторыю.
«Да выкладчыка Мацкевіча, — круцілася думка. — І каб трапіць толькі да таго».
У аўдыторыі было чыста, светла і пахла сумессю таннай жаночай парфумы і кветак. На стале перад выкладчыкам Гавіным стаяла вазачка з букетам. Сам выкладчык — укормлены, самазадаволены, карыкатурна імпазантны — разглядваў, нібы нецікавае яму насякомае, узмакрэлага ад напругі студэнта Паўла Слімакова.
У супрацьлеглым кутку за сталом адзінока сядзеў выкладчык Пятро Мацкевіч. Яго спакойны, крыху іранічны твар з жывымі, разумнымі вачыма быў павернуты да напаўрасчыненага акна, за якім квола зелянела некалькі таполяў.
Студэнт Ігнат Мазур павітаўся і нерашуча спыніўся. Як паставіцца да яго выкладчык Мацкевіч? Што ён за чалавек увогуле? Ці не запамятаваў ён яго пасля іх сумеснага «пікніка» з Зялёнкам і Гужыным? Дык тады ў іх усё прайшло па-сяброўску.
— Гэта я, маё прозвішча Мазур, — урэшце мовіў ён.
— Заходзьце, — запрасіў Мацкевіч і паказаў Ігнату Мазуру на крэсла перад сабой. — Цягніце білет. Які там нумар?
Студэнт Ігнат Мазур назваў нумар білета і пытанні. Выкладчык Мацкевіч зірнуў у бок Гавіна, які ў супрацьлеглым куце аўдыторыі ляніва дапытваў Паўла Слімакова і сказаў напаўголаса:
— Ну, гаварыце што-небудзь. Пра дадатковую вартасць, прыкладам. Не маўчыце.
Студэнт Ігнат Мазур глытнуў перасохлым горлам і, цвёрда гледзячы ў вочы экзаменатара, адказаў:
— Так званая дадатковая вартасць і многае іншае, пра што пісаў Маркс, — гэта ахінея. Няма ніякай дадатковай вартасці, ёсць энергія зоркі — гэта значыць, нашага Сонца.
Паўза.
— Так, так. Што яшчэ скажаце?
— Больш няма чаго, — панізіў голас студэнт Ігнат Мазур.
— Давайце пра футбол, — з ледзь прыкметнай усмешкай сатыра ў кутках вуснаў сказаў выкладчык Пятро Мацкевіч. — Любіце футбол? Я, прыкладам, і стадыён часам наведваю. Калі мінскае «Дынама» гуляе. А чэмпіянаты свету абажаю. Якая зборная каманда асабіста вам падабаецца?
— Зборная Германіі. І яшчэ люблю глядзець гульню італьянцаў.
— І за што падабаюцца? Гаварыце, не маўчыце. Тым больш, што нашы погляды тут поўнасцю супадаюць. Трэба ж такое…
Яшчэ хвіліны дзве-тры студэнт Ігнат Мазур называў прозвішчы вядомых гульцоў, коратка расказаў нават пра знакамітую «бітву пры Бёрне» — урэшце змоўк.
Паўза.
— Якую адзнаку вы хочаце? — нечакана спытаў яго выкладчык Пятро Мацкевіч.
— «Добра», калі можна. За чарговы траяк могуць пазбавіць стыпендыі, а «пяцёрка» выкліча падазрэнні.
— Давайце залікоўку.
Выкладчык Пятро Мацкевіч паставіў адзнаку «добра» ў ведамасць і ў залікоўку Ігната Мазура.
— Энергія зоркі, — па-змоўніцку ўсміхнуўся ён, — вось у чым першапрычына. Тут вы правільна заўважылі. Усё астатняе — лухта.
Юля Маракова яшчэ не здавала, і Ігнат Мазур адвёў яе ў бок і сказаў:
— Ідзі толькі да Мацкевіча. І ўсё будзе, як у мяне.
— А што ў цябе?
— Чатыры балы.
— Во як. Ды пачакай, раскажы падрабязна.
Але студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яе. Ля акна ён убачыў адзінокую постаць Святланы Конкінай і заспяшаўся туды.
Студэнтка Конкіна, як заўсёды някідка, нават ледзь не нядбайна апранутая ў белую кашулю і ў чорную спадніцу, сустрэла яго звыклай іранічнай усмешкай на пульхных вуснах. У руцэ яна трымала прыпаленую цыгарэту. Зялёныя вочы дзяўчыны нічога не выяўлялі: ні трывогі, ні заклапочанасці, ні якога ўзбуджэння перад іспытам.
Студэнт Ігнат Мазур запаліў і, свядома мінаючы залішнія падрабязнасці, параіў дзяўчыне здаваць іспыт толькі выкладчыку Мацкевічу.
— А мне Гавін падабаецца, — нібы насуперак яму сказала Святлана Конкіна і дадала з прыхаваным здзекам:
— Ён так глядзіць на мяне, бедны…
— Ён жорстка прымае. Ты можаш не вытрымаць іспыт. І чаго гэта ён на цябе глядзіць? Самазадаволены індык. Па-мойму і на галаве ў яго нешта накшталт завіўкі. Нават ты такую не зробіш.
— А я іспыту не баюся. Я і «Капітал» Маркса неяк пачытала.