Выбрать главу

Толькі раніцай студэнт Ігнат Мазур вярнуўся ў свой пакой, заваліўся ў пасцель і, не зважаючы на неспакойнага з досвітку Міхася Байкова, які з сялянскай уніклівасцю ўстаўляў жалезныя апоры свайго ложка ў запоўненыя вадой бляшанкі ад кансерваў — усё гэта ад клапоў — моцна заснуў.

* * *

Неяк атрымалася, што на практыку тэрмінам на два тыдні Ігнату Мазуру загадалі збірацца ў адзін абласны цэнтр на тэлебачанне. Дзіўна было, што ён сам такога жадання быццам і не выказваў. Ён ведаў, разумеў: тэлежурналістыка набірае моц, выходзіць на першае месца ў сродках масавай інфармацыі, — але ўсё-такі падсвядома адчуваў — яго месца не на тэлеэкране, а ў рэдакцыі газеты ці якога часопіса, а тут… Публічнасць — гэта не для яго. Да таго ж, на кафедры тэлебачання працавала маладая, даволі істэрычная, на яго погляд, аспірантка Спіркіна, якая, калі трэба было і не трэба, уздымаючы ўверх вочкі, усклікавала: «Агеньчык! Агеньчык!», за што і атрымала адпаведную мянушку.

Студэнт Ігнат Мазур яе не паважаў і засцерагаўся — яна часта завальвала на іспытах.

Ён, вядома, хацеў застацца на практыцы ў Мінску, нават не важна дзе, бо тут заставалася Святлана Конкіна. Але хадзіць у дэканат і прасіць не хацелася. Трымаўся далей ад кіраўніцтва факультэта.

У абласны цэнтр разам з ім на практыку паехалі Юля Маракова і яе сяброўка Надзея Гусакова. Дзяўчаты замацаваліся за «тэленавінамі», а Ігнат Мазур папрасіўся ў рэдакцыю літаратурна-драматычных перадач. Пасялілі практыкантаў у зале, дзе завяршаўся рамонт, спалі яны цераз шырму: дзяўчаты на раскладушках, а Ігнат Мазур на старой караткаватай для яго канапе. Урэшце, уладкавалі іх, як ён палічыў, няблага, выдалі нават коўдры і бялізну.

Загадчыкам рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач аказаўся мужчына гадоў сарака, чарнявы, смугласкуры, з бегаючымі чорнымі вочкамі і ўчэпістымі рукамі з даўгімі пальцамі. Назваўся ён Казімірам Маратавічам Шахто. Заняты сваімі справамі, упэўнены ў выключнай сваёй важнасці, ён амаль не звярнуў увагі на практыканта. Студэнт Ігнат Мазур пагаварыў з ім пра свае абавязкі — зрабіць адзін прахадны сюжэт — пагартаў планы рэдакцыі, прагледзеў адну з перадач — давалі запіс вячэрняга спектакля мясцовага драмтэатра, яшчэ нешта неістотнае, і з трывогай адчуў, што тут яму няма чаго рабіць. Рэдактар, на Ігнатаў погляд, так ён вырашыў пасля некалькіх гутарак з ім, быў звычайны правінцыйны літёлуп, з невядома якой адукацыяй і які нямаведама як апынуўся на сваёй пасадзе. Плюс быў адзін: Казімір Шахто не заўважаў Мазура і не сачыў за ім: не прымушаў сядзець на лятучках і прыходзіць рана ў кабінет, дзе ў кутку яму, як практыканту, паставілі часопісны столік.

У сувязі з тым, што амерыканская проза якраз перажывала своеасаблівы бум, Ігнат Мазур вырашыў зрабіць у сваю практыковую перадачу эсэ пра «вялікую пяцёрку»: Фіцджэральда, Фолкнера, Хэмінгуэя, Стэйнбека, Дос Пасаса. Знайшоў нават некалькі каляровых здымкаў пісьменнікаў, прыдумаў кароткі сюжэт.

Але яго ідэю загадчык аддзела Казімір Шахто ўспрыняў, як асабістую знявагу. Высветлілася, што гэты, на думку студэнта Ігната Мазура, вяртлявы, правінцыйны тэлежучок, нават не ведаў, хто такія Дос Пасас, Фолкнер, не чытаў ніводнага з вядомых пісьменнікаў і так усхваляваўся, што пабег раіцца да дырэктара.

— Гэта што — пісьменнік? — перадусім тыцкаў ён даўгім пальцам у фотаздымак Уільяма Фолкнера, дзе нобелеўскі лаўрэат па літаратуры быў зняты за цяслярскай працай на сваёй ферме, у падраным пінжаку, выцвілых джынсах і з пляскатай пляшкай віскі, якая выглядала ў яго з кішэні. — Калгасны конюх гэта, а не пісьменнік! — вішчэў Казімір Шахто, — і ты прапануеш такія здымкі ў перадачу? А тэкст? Ты каго прапагандуеш? Для нас яны ўсе — буржуазныя, ідэалагічна няўстойлівыя прадстаўнікі замежнай культуры!

Дырэктар абласнога тэлебачання Кухарчук змушаны быў прагледзець сюжэт і выказаць свае адносіны.

— Скажыце, — раптам асцярожна звярнуўся ён спачатку да студэнта Ігната Мазура зусім з іншага боку, — сябра Вярхоўнага суда Мазур — не ваш сваяк?

— Так, — раптам зманіў раздражнёны ўсім гэтым Ігнат Мазур, — сваяк.

— Вы не хвалюйцеся, мы паставілі ў план ваш сюжэт. Ну, крыху дапрацуеце з рэдактарам, — паабяцаў дырэктар Кухарчук. — А ўвогуле мы бачым, што вы праяўляеце ініцыятыву, паводзіце сябе прыстойна, спадзяюся, так будзе і далей, і практыку вам абавязкова залічым. Вы згодны, Казімір Маратавіч? — звярнуўся ён ужо да рэдактара Шахто.