Выбрать главу

Студэнт Ігнат Мазур сабраўся, апрануў свой адзіны касцюм, свежую кашулю, наваксаваў чаравікі і рушыў у аэрапорт. Праз нейкі час невялікі пасажырскі самалёт «АН», які амаль штодня курсаваў да сталіцы, узняў яго ў паветра.

* * *

Увесь час і ў самалёце, і пакуль дабіраўся з аэрапорта ў тралейбусе да інтэрната, студэнта Ігната Мазура не пакідала ледзь не ліхаманкавае прадчуванне блізкага шчасця.

У краме па дарозе набыў бутэльку таннага сухога віна і адразу скіраваў наверх па лесвіцы, да пакоя, дзе пражывала Святлана Конкіна.

Ён пастукаў у дзверы, прыадчыніў іх. Адна з першакурсніц, бялявая дзяўчына са здаровым вясковым румянцам на твары, сядзела за сталом і нешта пісала ў сшытак. Больш у пакойчыку нікога не было.

— Конкіна калі прыйдзе? — павітаўшыся, спытаў Ігнат Мазур.

— А яна не прыйдзе.

Паўза.

Студэнт Ігнат Мазур асэнсоўваў інфармацыю.

— Гэта яшчэ чаму?

— Яна тут больш не жыве.

— А дзе жыве?

— Не ведаю. Быццам недзе зняла кватэру.

— І яна нічога не пакідала, не прасіла перадаць?

— Нам тут — нічога. Яна з намі ўвогуле мала размаўляла. «Так, не», — і ўсё.

Студэнт Ігнат Мазур больш не дапытваў дзяўчыну і пайшоў у свой пакой. У пакоі нікога не было, дзверы, як заўсёды ў апошні час, зачынены, і ён пайшоў на вахту па ключ.

На вахце прагледзеў раскладзеныя паштовыя канверты. Адзін, ад Ані Балтас, быў адрасаваны яму.

Студэнт Ігнат Мазур выйшаў з інтэрната — цераз дарогу быў скверык. Сеў там на лаўку, ускрыў канверт і пачаў чытаць.

Ігнат!

Нас таксама спіхнулі на практычныя заняткі. Я працую выхавацельніцай у дзіцячым садку. Вольнага часу небагата, але дырэктарка яшчэ не сапсела па ўзросце і з ёй можна калі-нікалі паразумецца. Чым займаюся ў вольны час…

З сябрам мужа сястры схадзіла ў кіно (гэта, каб ты крыху параўнаваў) — не больш. Глядзелі «Рудабродага» Курасавы, і я была ў захапленні ад Т. Міфунэ — якая моц. Затое майго кінапартнёра стужка не ўразіла, і ён увесь час гаварыў нейкія глупствы. Расплявалася з ім на вуліцы. Затое ўжо на «Зацьменне» Антаніоні пайшла адна і выйшла з залы ў стане эмацыянальнага і нервовага зрыву. Які там прыгожы Ален Дэлон! І фільм нібы просты, але вельмі глыбокі і нават трагічны.

Спадзяюся, хутка пабачымся. І тады ўсё абгаворым. Хочаш — я прыеду да цябе на зборы?

Р.S. Нумар дзіцячага садка — «21».

Р.Р.S. Згуляем у пінг-понг?

Твая Аня.

* * *

Ветру амаль не было. На сонечным баку ўжо адчувальна прыгравала. Там-сям хадзілі па зямлі каўкі. Адна з іх трымала ў дзюбе дробную галінку — мабыць, дзесьці будавала гняздо. Студэнт Ігнат Мазур нерухома сядзеў на лаўцы і слухаў шум горада. Раптам звыклая туга ахапіла яго, ён падумаў, што зусім не ведае, як жыць далей і да якой мэты імкнуцца, і што ён як быў, так пакуль і застаўся самотным і неўладкаваным у жыцці няўдачнікам.

Ён убачыў мятліка — звычайную, распаўсюджаную ўвесну і летам чырвона-чорна-жоўтую крапіўніцу. Мятлік сеў яму на руку і варушыў вусікамі. Раз-пораз крохкія яго крыльцы схвостваліся, а потым зноў раздзімаліся, прымаючы на сябе сонечнае цяпло.

Студэнт Ігнат Мазур нечакана ўспомніў народную прыкмету, калі мятлік сядае на каго-небудзь, гэта азначае, што да таго прыходзіць каханне…

Адвячоркам, як пачало ўжо сутонець, у пакой вярнуўся Дзяніс Маркін. Убачыў Ігната Мазура, які паліў чарговую цыгарэту, а таксама пустую бутэльку на стале, і сказаў:

— А я думаю, хто гэта на вахце ключ забраў? Ты, можа, практыку скінуў?

— Ды не. Заўтра назад.

— А я тут адзін, — сказаў Дзяніс Маркін. — Байкоў паехаў у сваю раёнку. Хто на практыцы, а іншыя — на вакацыях.

— Паслухай, Дзяніс, — сказаў Ігнат Мазур, — хто з нашых тут, у інтэрнаце, застаўся?

— Ды амаль усе раз’ехаліся. Хіба што Зялёнка, Ганабец тут. Яшчэ Гужын, дзяўчаты некаторыя засталіся. Ганабец у міліцэйскай газеце прыбартаваўся, Зялёнка — на радыё, Гужын ля цэка камсамола ашываецца, ну, усіх не пералічыш.

— А сам практыкуешся?

— У акруговай вайсковай газеце. Я пасля збораў, як званне атрымаю, пайду служыць. Можа, там, у газеце, і застануся. У мяне бацька — вайсковец. Дапаможа. Дый перспектыва, сам уяві: у сорак пяць на пенсію, а працу пасля, калі захочаш, то заўсёды знойдзеш.

— А мяне ніхто не пытаўся? — кружыў здалёк вакол свайго Ігнат Мазур.

Студэнт Дзяніс Маркін раптам ляпнуў сябе па невялікай галоўцы.