Паўза.
— Скончылася віно, — сказаў Ігнат Мазур. Я яшчэ выпіць хачу. Можа, збегаць? За «аліка» не палічыш?
Студэнтка Святлана Конкіна прыўстала з зэдліка і патушыла цыгарэту.
— Давай лепш паспім, — сказала яна. — Абдымі мяне, як мінулым разам.
Кіраўніком дыпломнай работы ў Ігната Мазура была выкладчыца Алена Сініцына. Тэму па расійскім часопісе «Наш современник» і супрацоўніцтве з ім Салтыкова-Шчадрына па сутнасці падказала яна, але толькі пасля таго, як пачаў працаваць і ўжо шмат напісаў, ён раптам зразумеў, што раўнадушны і да тэмы, і да часопіса. Не адчуваў, што нешта там кранае яго настолькі, каб імпэтна гарэць. Урэшце, многія студэнты проста бралі вядомыя раней тэмы, знаходзілі тэксты дыпломных, якія пісаліся некалькі гадоў таму і пра якія ўжо даўно ніхто не памятаў. Яны набывалі іх і проста перапісвалі, пазбаўлялі сябе ад лішніх клопатаў.
Сваю дыпломную работу ён усё ж дапісаў. Працаваў урыўкамі, па-ранейшаму без натхнення. Выкладчыца Сініцына адчула гэта і была не вельмі задаволена. «Чакала ад вас большага, — сказала яна неяк яму. — На добрыя чатыры балы пацягнеце, а я для вас, Мазур, планавала „выдатна“».
Урэшце на тым і вырашылася. Абараніўшыся, студэнт Ігнат Мазур адразу выкінуў усё гэта з галавы.
Некаторыя выкладчыкі патрабавалі, каб студэнты абавязкова наведвалі кансультацыі перад іспытамі. Таму на кансультацыі прыходзілі амаль усе. Ігнат Мазур таксама стараўся прысутнічаць на іх, калі выпадала. Прыходзіла на кансультацыі і Святлана Конкіна, хоць неяк прызналася студэнту Ігнату Мазуру, што яна ўвогуле дамаседка. У аўдыторыі і на перапынках паміж заняткамі яны па-ранейшаму амаль не падыходзілі адно да аднаго, хоць і пераглядваліся. Не раз Ігнату Мазуру хацелася забыцца на гэтую невядома як узнікшую канспірацыю, падысці да дзяўчыны і абняць яе пры ўсіх, — урэшце чаго і каго саромецца, але нешта стрымлівала.
Скончылася ўсё гэта непрыемным выпадкам. Аднойчы на перапынку Святлана Конкіна стаяла ў кутку ля падваконня і паліла цыгарэту. Да яе падышоў вясёлы Ваня Гужын, паклаў ёй на плячо руку, другую працягнуў, каб выхапіць у дзяўчыны цыгарэту. Тая даволі рашуча адпіхнула яго і адвярнулася да акна. Гэта якраз убачыў Ігнат Мазур і падазрэнні, загнаныя ў падсвядомасць пасля размовы з Юляй Мараковай, усплылі наверх. Ён раптам адчуў, як моцна ненавідзіць хамаватага, упэўненага ў сабе Гужына. Рашуча падышоў да яго. Тым часам Гужын, смеючыся гаварыў нешта дзяўчыне, якая адвярнулася да яго спінай.
— Хадзі сюды, Ваня, — нечакана для Гужына, крануў яго за рукаў Мазур.
— Куды гэта — сюды? — па-дурному спытаў Ваня Гужын, напэўна яшчэ нічога не разумеючы, але пайшоў за Мазурам.
Яны спусціліся ўніз, пад лесвіцу.
— Ну, ты што, Ігнат? Якая праблема? — спытаў Ваня Гужын, мабыць, прадчуваючы нядобрае.
— Дзяўчыну ручкамі сваімі белымі не кранай, а то я табе пальцы на іх у іншы бок павыкручваю, — ужо не валодаў сабой Ігнат Мазур.
Паўза.
Некалькі секунд Ваня Гужын няўцямна глядзеў на яго, а потым сплюнуў у бок.
— Ды пайшоў ты.
Замест адказу студэнт Ігнат Мазур, амаль не замахваючыся, левым бакавым стукнуў таму ў твар. Ваню Гужына адкінула да сцяны, з разбітых вуснаў пацякла кроў. Але неўзабаве ён падхапіўся, толькі ў бойку не палез, а пакратаў рот, прасіпеў:
— Ты мне зуб выбіў, хістаецца. А вось гэтага я табе не дарую. Зараз жа напішу заяву ў міліцыю і здыму пабоі. Дарожку да дыплома я табе перакрыжую.
Да іх ужо збегліся аднакурснікі. Падышлі і дзяўчаты.
— Ды ты мужык ці баба? — раптам сказала Юля Маракова, якая прыйшла сюды ці не адной з першых і стала паміж хлопцамі, дадала: — З-за нейкай лухты ў міліцыю? Цябе, Ваня, можа ў дзяцінстве з падваконня скінулі галоўкай уніз? Трымайце яго, дзяўчаты! Няхай памірацца!
Мірыцца Ваня Гужын не пажадаў, але і бегчы ў міліцыю пад націскам дзяўчат пасаромеўся. На тым усё быццам і скончылася, але студэнт Ігнат Мазур адчуў, што вельмі стаміўся. Нервы яго былі напяты, ім нечакана авалодала туга — ён разумеў, што ў яго жыцці часам менш стане людзей.
Між тым наблізіліся вакацыі, а на вакацыях студэнт Ігнат Мазур заўсёды стараўся зарабіць хоць якія грошы.
На адным з невялікіх прамысловых заводзікаў па вытворчасці бытавой тэхнікі яго ўзялі на кароткачасовую працу грузчыкам-экспедытарам. Удвух з вадзіцелем — рахманым дзядзькам сталага веку — яны з тыдзень ездзілі па гарадах і пасёлках рэспублікі. Заадно Ігнат Мазур навучыўся вадзіць машыну, на трасе, калі было свабодна, сядаў за руль — дзядзька ахвотна давяраў яму і, нібы інструктар, тлумачыў правілы дарожнага руху і расказваў пра тэхнічныя тонкасці ў рабоце матора.