Расставацца з усімі ўсё ж вельмі сумна. На цябе я крыўды не трымаю, няхай табе шанцуе ва ўсім. Надзя Гусакова пазнаёміла мяне з сябрам свайго абранніка. Хлопчык маладзейшы за мяне на год, КМС па вольнай барацьбе. У нечым наіўны, у іншым рашучы, хоць і рахманы. Хоча ехаць са мной. Можа, і згаджуся.
Вось і ўсё. Бывай.
P.S. Бабам усё-такі не давярай. Я сама іх не цярплю. А ты ўлюблівы.
Юля.
З дарогі варта было б прывесці сябе ў парадак, да таго ж, студэнт Ігнат Мазур адчуў раптам, што галодны, і нават чарговая цыгарэта не магла перабіць гэта пачуццё. Жаданне хутчэй пабачыць Святлану Конкіну не пакідала яго, але ён цвяроза вырашыў, што пойдзе да дзяўчыны крыху пазней, хоць знаёмая ранейшая ліхаманка зноў ахапіла яго. Ён схадзіў у кавярню непадалёк, дзе нешта з’еў, а потым вярнуўся ў інтэрнат. Як заўсёды напрыканцы лета ў доўгіх калідорах інтэрната было шмат зусім незнаёмых, панаехаўшых з розных месцаў, людзей — у асноўным маладых хлопцаў і дзяўчат, якія здавалі ўступныя іспыты. Прыйшлі пасля трэніроўкі са стадыёна насупраць футбалісты: дублёры з першай лігі, якія, як разумеў, часова тут пасяліліся, бо праводзілі назаўтра чарговы матч, хадзіла з камендантам нейкая камісія, а можа, і не, ён так вырашыў — не то правяралі, не то проста цікавіліся справамі.
Вельмі стомлены студэнт Ігнат Мазур крыху адпачыў, а потым спусціўся паверхам ніжэй, каб трапіць у душавую. Ключ ад яе ў летні час, як ён ведаў, знаходзіўся ў каменданта Міколы Грука — так яго звалі. Пакойчык каменданта быў насупраць, камісія, якая ўжо значна паменела, бо адзіная жанчына знікла, а засталіся двое немаладых, блізка да пенсійнага ўзросту мужчын, — усе гучна размаўлялі. Дзверы былі прыадчынены, Мазур пачуў:
— …А што я магу зрабіць? — гаварыў камендант інтэрната Грук, — тут летам — прахадны двор. Асабліва, калі абітурыенты панаедуць. І што на першы погляд дзіўна, але характэрна — дзе больш дзяўчат, там і неспакойна.
— У якім сэнсе? — спытаў яго адзін з суразмоўцаў — хударлявы, з зачэсанымі па-плябейску назад сівымі валасамі.
— У прамым. Распуства пачынаецца. Не прымеш меры адразу, не выселіш адну-другую на вуліцу — чорт ведае што будзе. Некаторыя здаюць дакументы, а потым паводзяць сябе як хочуць. Ведаюць жа, што ўсё роўна не паступяць. Бывае, што студэнты і студэнткі таксама паводзяць сябе не вельмі…
У нас тут гады два таму хлопцаў з Захаду падсялілі. Дык дзяўчаты — за імі. Адна, як памятаю, з шэсцьдзясят шостага кутняга пакоя на трэцім паверсе, дык адразу, як мне далажылі, дваіх прывяла: у мяне, кажа, дзень нараджэння — дык запрашу я парачку чужых. І што ёй зробіш?
Студэнт Ігнат Мазур не стаў далей слухаць, а прыадчыніў дзверы і папрасіў у каменданта Грука ключ ад душавой.
— Вазьмі, — сказаў камендант інтэрната Грук, даючы ключ, — вернеш праз гадзіну.
Праз паўгадзіны студэнт Ігнат Мазур замкнуў душавую і панёс ключ у каменданцкую. Камендант інтэрната Грук, забіраючы ключ, спытаў:
— Ты чаму не пры справах?
— Адпусцілі са збораў. На два дні.
— Ну, служы. Я вось дваццаць пяць год, лічы, форму не здымаў. (Мазур ведаў, што да гэтага Грук служыў у міліцыі.) Вам што? Прысвояць лейтэнантаў і раз у пяць год на вучэбныя зборы. А я…
— Паслухайце, — перавёў гутарку на іншае Ігнат Мазур. — Вы тут, я краем вуха пачуў, пра студэнтку з шэсцьдзясят шостага пакоя ўспомнілі, тую, што з чужымі дзень народзінаў спраўляла. А як яе звалі? Яна і цяпер тут жыве?
Паўза.
Камендант Мікола Грук пакрывіў вусны ў незразумелай усмешцы.
— Ты, Мазур — так здаецца тваё прозвішча, — зашмат хочаш ведаць. А гэта не на дабро. Задумвацца пачнеш. Захварэеш. Дзяўчына тая нядаўна сышла на прыватную кватэру. Сама не з мясцовых. Ці то з Рыгі, ці то з Таліна. А ў цябе які ўвогуле інтарэс?
— Ды ніякага.
Студэнт Ігнат Мазур зманіў. Яго падсвядомасць падавала ўжо яўны сігнал небяспекі, які пагрозліва разрастаўся ў чорную, дэпрэсіўную і атрутную расліну.
Ён пакінуў каменданта Міколу Грука, вярнуўся ў свой пакой, старанна апрануўся, рукі ў яго чамусьці пахаладзелі, і праз вахту выйшаў на вуліцу.
Гаспадыня кватэры, дзе здымала пакойчык студэнтка Святлана Конкіна, сустрэла яго даволі ветліва. Але ветлівасць была робленай — жанчыну выдавалі вочы.
— Святланы пакуль няма, — сказала яна. — Пачакаеце, дык я вам гарбаты налью.
— Не турбуйцеся, — адмовіўся Ігнат Мазур. — Я, можа, пасля зайду.
— Ды хіба што ёй перадаць? — упарта цікавілася гаспадыня.