— На выбар. У адзін з абласных цэнтраў. Але гэта пасля збораў.
— Урэшце, цяпер гэта твае праблемы.
— Ну, не можаш жа ты ўзяць вось так і — з’ехаць, — зноў вырвалася ў Ігната Мазура.
Святлана Конкіна зацягнулася ў апошні раз.
— Запраста. Як гэты недапалак, — сказала яна і выкінула яго ў сметніцу. — Хоць мне ні з кім так добра не было, як з табой, Ігнат. Пэўна, сапраўды ў нас вірусы аднолькавага штама.
Студэнт Ігнат Мазур праглынуў камяк у горле, адчуў, як зноў халадзеюць рукі. Сказаў:
— Застанься. Адслужу гэтыя два тыдні і ўсё вырашым.
— Ты бедны студэнт. І я не з багатых. І ты — раўнівец. Так і будзем існаваць утраіх? У сэнсе — ты, я і тэлегонія?
Паўза.
Студэнт Ігнат Мазур абняў дзяўчыну, уткнуўся тварам у яе цёплую шыю, удыхнуў пах яе валос. Тая нейкі час сядзела моўчкі, а потым рашуча ўстала.
— Давай так, Ігнат. Вырашым усё да раніцы. Я падумаю і ты таксама. Сустрэнемся. Калі аднаго з нас не будзе, то, сам разумееш. І не трэба тады лішніх слоў. А цяпер — бывай.
— І ты бывай, Света.
Рэстаран быў запоўнены прыкладна напалавіну, але наведвальнікаў паступова прыбывала. Студэнт Ігнат Мазур замовіў гарэлкі і не вельмі багата з закускі — грошай значна паменела. Афіцыянтка прынесла гарэлку і напрыканцы падсадзіла яму за столік двух афіцэраў. Адзін з іх быў у званні маёра, другі — капітан. Ігнат Мазур выпіў адразу ледзь не шклянку, і мяккая хваля алкаголю ахінула падсвядомасць, адразу амаль незаўважна, быццам спала напружанне апошніх дзён, але думкі раз за разам вярталі яго да ўсяго таго ж надакучлівага пытання: што рабіць? Бо, меркаваў ён, жыццё нясе яму яўную паразу, і ён праваліўся ў ім, як правальваецца футбольны абаронца, які рызыкоўна пакінуў сваю зону і далей можа толькі тупа назіраць у адчаі, як на браму непазбежна насоўваецца небяспека.
Афіцэры гаварылі мала, ён улавіў толькі, што пра Чэхаславакію. Далей, з аднаго боку ад яго, за столікам сядзелі дзве маладыя пары. Яны пілі віно і пэўна гаварылі нешта смешнае, бо часта хіхікалі. Затое з іншага боку ён са здзіўленнем пачуў замежную гаворку: праз столік трое немаладых мужчын з абветранымі загарэлымі тварамі пілі віно і нешта даволі ажыўлена абмяркоўвалі паміж сабой.
Праз некалькі хвілін іх гаворку пачулі і афіцэры за яго сталом, азірнуліся некалькі разоў і адзін з іх — капітан, сказаў:
— Чэхі.
— Славакі, — паправіў яго маёр.
— Дальнабойшчыкі, — зноў выказаў здагадку капітан. — Возяць усё Еўропе. Вось і сюды іх занесла.
Студэнт Ігнат Мазур моўчкі наліў сабе ў фужэр і зноў выпіў.
Раптам славакі заспявалі. Тое, што яны былі менавіта славакі, студэнт Ігнат Мазур зразумеў адразу, як толькі пачуў песню. Гэта была песня з пласцінкі Святланы Конкінай, якую яны не раз слухалі разам. Ён праглынуў камяк у горле, павярнуўся тварам да століка, дзе спявалі дальнабойшчыкі, «рэднэкі», як назваў іх у думках, і стаў падпяваць. Словы, блізкія да роднай мовы, ажылі ў яго памяці.
Славакі раптам сціхлі і здзіўлена ўтаропіліся ў яго.
— Гэй, братан! — паклікаў урэшце адзін з іх з націскам на першы склад. — Хадзі да нас!
Студэнт Ігнат Мазур падумаў, урэшце выбраўся з-за століка, перасеў да славакаў. Праз некалькі хвілін яны добра паразумеліся — зноў жа мовы былі блізкія, і ён патлумачыў славакам, што студэнт. Але доўга сядзець і выпіваць за чужы кошт ён не хацеў, нягледзячы на ўзнікшую ўзаемную прыязнасць да «рэднэкаў». Новы прыступ раптоўнай тугі авалодаў ім, ён адчуваў ужо, што доза ап’янення і так перавышана, а таму развітаўся са славакамі, паклікаў афіцыянтку, разлічыўся і няцвёрдай хадой спусціўся ўніз.
Але на выхадзе яго ўжо чакалі двое маладых людзей з непрыкметнымі тварамі, адзін з іх даволі моцнага целаскладу. Яны заступілі шлях і адцёрлі Ігната Мазура ўбок. Мацак прытрымаў яго за рукаў пінжака.
— Вы хто такі? — спытаў ніжэйшы ростам напарнік. — У вас ёсць пры сабе дакументы?
Студэнт Ігнат Мазур вырваў руку і, нягледзячы, што яго хіснула, даволі акрэслена і хутка прыняў баксёрскую стойку.
— Ну? У чым справа?
— Дакументы.
— А хто вы такія?
Мацак неахвотна выцягнуў чырвонага колеру пасведчанне, разгарнуў і паднёс да вачэй студэнта Мазура.
Ігнат Мазур падумаў і дастаў свой студэнцкі білет. Хлопцы зірнулі і спыталі:
— Многа выпіў?
— Нармальна.
— А дзе жывеш?
— Ды побач. У інтэрнаце, — з прыхаванай злосцю і неахвотна адказаў студэнт Ігнат Мазур і дадаў: — Ды не цісніце вы на мяне. Бачыце — шмат выпіў. Магу і званітаваць.
— Чаго да замежнікаў падсеў?