Выбрать главу
ЖЫЛА-БЫЛА РАКА
«Не адгаворвайце, — рака прасіла Сваіх разумных, асцярожных сёстраў. — Я маю знаць, што там, за гэтым лесам. Я толькі гляну і назад вярнуся».
А за дубровай стэп ляжаў асмяглы, Любімы толькі кавылём ды ветрам. І рэчка-неўгамонка навучыла Яго, няплоднага, сады выпешчваць.
«Малю, застанься тут! Навек пашана І слава з тваім імем будзе зліта». «Даруйце... Але ж мне мусова трэба Даведацца, што там, за той гарою...» — Шапнула рэчка стэпу вінавата.
Быў шлях яе і доўгі, і нялёгкі. Нарэшце стаў лавіць напяты слых Якісьці невыразны, певыказны, Як мара неакрэсленая, пошум. Забілася няроўна, гулка сэрца У шчасным прадчуванні адкрыцця. Ды трэба ж! Паслізнулася рачулка На шэрай, абыякавай скале І ўніз — грудзьмі ў бяздоннае правалле!.. I, падаючы, шчэ вярнуць паспела Замоўленай сівой цясніне мову І на ляту ўжо ўчула шчэ пра мора, І мільганула яснае: «Дайсці б!..»
Жыла-была рака... Жыві, рака!
1970
АДЛІГА
Перапацелі шыбы, учора шызыя, І цінькаюць цяжкія кроплі зрэдку. З чаго ж ты, сэрца, радасцю пранізана? Я толькі ў маі знаю цябе гэткім!
О сэрца, ты такое рызыкоўнае:
У студзені адліга — не прадвесне. Табе ж хапае промня выпадковага, Каб ашукацца І каб уваскрэснуць!
1970
Я ВАС ЛЮБЛЮ
На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею, І калі позірк позіркам злаўлю, Як птушанё, спалохана нямею. Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
Святла, што падарылі, не растрачу. І шчырых слоў ніколі не згублю. ...Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?.. Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
1970
НЕСПАКОЙ
У мяне ўсё добра, ціха, ясна. Гэткі ж ясны і спакойны дзень. Дык чаму ж, як пры бядзе уласнай, Штось таемнае душу гняце?
Сонца залівае тратуары У абдымках густалістых ліп. Углядаюся ў людскія твары: Чый жа боль сягоння мне баліць?
1971
* * *
Ціхая ласка рук, Стрыманы дотык вуснаў... Замоўкну. Перагару. У будні мае вярнуся. Нібы дзве зоркі мы. Значыць — не месца скрусе. Будуць грымець грамы, — У будні мае вярнуся. Будуць старэць сады У штоліпнёвай задусе, Стануць гады ў рады... У будні мае вярнуся. Пісьмы ўсе... не спалю... Памяць скручу у вузел. Забуду зусім. Разлюблю. У будні мае вярнуся.
...Думала, мур кладу. Верыла, што — надзейна. Раду якую знайду? Дзе ж мне цяпер падзецца? Ціхая ласка рук, Стрыманы дотык вуснаў... Зноў не згараю — гару... Зноў не згараю — гару...
1971
* * *
А можа, так яно і трэба, Каб то буран, то капяжы, Хадзіць у буднях, як у зрэб'і, Свой несці крыж і даражыць надзеяй, роспаччу і верай?
Так, толькі гэтак быць павінна: Аднойчы спрагнуць трох дарог І выбраць тую пуцявіну, Дзе згубай грозіць кожны крок, каб — усміхнуцца пераможна!
...З адным не прымірыцца мне: Што я кахаю Вас, Вы — не...
1971
ВЯРБА
Хто ўпершыню назваў цябе плакучай, Самотная вярбіначка-вярба?
Відаць, вялікім горам быў засмучаны, Нязмернаю была яго журба, Калі ў табе, датуль незаўважанай, Сябе самога раптам распазнаў, Як некалі дзікун, спасцігшы занава, Што сутнасць і людзей, і дрэў — адна. І што даецца толькі тым жывучасць, Хто годны ў муках сцвердзіць сваё «я».
Ці не паэт назваў цябе плакучаю, Вярба мая, сястра мая?