Выбрать главу
VII. 1982—IV. 1983
ТРЫ КАЛАСКІ ЛЮБОВІ І СМУТКУ
Трыпціх
1 Вось і ўсё. І за Вечнаю Брамаю весніцы, За якімі душа ўмела ў сонцы пабыць...
Прымірыцца... Не прагнуць таго, што не здзейсніцца. Засяродзіцца: што тут шчэ змога рабіць?
Не ўціхай толькі, памяць мая здрасаваная. Прытаўчу, прытапчу безнадзей гадаўё...
Свецяць, мамачка, рукі Твае спрацаваныя. Мама, свеціць трывушчае сэрца Тваё...
2 А па начах ляцяць, як зёрны, знічкі. Ссаламянела месяца брыво. Гай амаўкае, слухае крынічку, Якая зноў спявае пра жніво.
Жніво, жніво! Высокая часіна Цяжкой натомы рук і свята душ, Ганараванне кожнай каласіны, — Цяпер яе ніякі глум не руш! Яна як чалавек, прайшла ўсё пекла, — Жывою выйшла з павадку яна, Яе і падмароззе не падсекла, І суш яна змагла, і перуна!
І вось цяпер, на палявым улонні, Каб кожны працаунік быў сыты, каб Лагоднеў свет — у шчырыя далоні Стакроць вяртае жыццяносны скарб.
А па начах спадаюць долу знічкі. Усё празрысцей робіцца ў садах. Да ранку чуцен голас той крынічкі, Дзе з даўніх даўняў спеўная вада.
Ой, лета, лета, лецейка, Даспела ў полі жыцейка. Прасіў каласочак дзявочак: — Сажніце мяне ў снапочак! Бо я ўжо ў полі набыўся, Буйнага ветру начуўся, Дробнага дошчу напіўся. А мне ўжо ў полі няміла, Сонейка тварык спаліла, Дык я паляжу ў стадоле І зноў пабягу у поле...
А промні сонца ад расы абудзяць Пшаніцу, жыта, ячмяні, аўсы — І ў шчыравалыіым, у маторным гудзе Знябудзецца мінуўшчына зусім.
Хай знебываецца, хай прападае — Каму маркот бясхлебіцы шкада?! Пяе крынічка, ды не дападае Да мітуслівых спеўная вада...
Ты нам даруй, матуля, тваім дзецям, Што мы не ля магілы ў гэты час, Што да паўночы з шызага дасвецця Не адпускае хлебны клопат нас...
Даруй, хоць так было яно адвеку, Заўжды вялося гэтак на зямлі, Што трэба дбаць пра поўныя засекі, — Не ўсім пра мёртвых думаць ёсць калі...
Жывым — жывое? Што ж, жывым — жывое. Тут, можа, й мудрасць людскага быцця, Што раны нашы мы ў турботах гоім, Каб мела наша спадчына працяг.
А ці ж яна адзіна ў хлебе — сале?..
Бядуе бацька: «Зводзіцца гняздо. Дзяцей бязглузда выкрадаюць далі. Нішто іх тут не ўтрымвае, нішто. Раней была зямля патрэбна, хата, А сёння — лёткай птушкаю ляці. Цяпер людзей за добрую зарплату 3 гнязда крайсвету можна адвясці. Дый робяць як?.. Здаецца, сама ў сіле, Здаецца, дужы, сыты, малады, — Крый бог, каб мы так замаладзь рабілі, — І лыжкай хлеб не сёрбалі б тады!..»
Шуміць сасна над матчынай магілай...
Паслухай, мама, як сасну, мяне. Усё, чым нас ты, мама, адарыла, Мы ўжо не прамарнуем, не. Якія б нам у твар вятры ні дзьмулі — Яны любоў не выстудзяць ужо. Да скону пчолам бараніць свой вулей, Свой спадак працы, сонца і дажджоў.
Калі мы тут багатыя на ўсмешку, На шчырасць, на давер, на песню — мы
Багатыя табой, тваёю сцежкай, Што ты ў вясну тарыла нам з зімы.
Калі на сонцы не шукаем плямаў, Калі і роспач нас не заграбе, Калі й надзеі мы не здрадзім, мама, — Мы гэтым абавязаны табе.
У нашым, часам з прымаразкам, леце Удосталь і маланак, і асця. Хай вам, бацькі, не плачацца па дзецях: Нам сцежкі вашы весці ў глыб жыцця.
І хай кіруе векавая памяць: Дзе толькі сытасць — там душы няма. Не пакідай нас, ма!..
3 А ў палях так жыццядарна жыта Абнімае маладую шыр! Жыта, жыта, вечны скарб, спажытак Чалавечых цела і душы!