Выбрать главу
1971
* * *
Чакаю цябе. Так жаўронак світання чакае, 3 чужой чужаніцы дадому вярнуўшыся ўночы. Чакаю цябе. У сваім неспакоі блукаю, Які мне то памяць тваю, то няласку прарочыць.
Жыву без цябе, як без лесу бяроза на ўзгорку Высокая, дужая, толькі заўжды ў адзіноце, Нязломная, толькі ці ведае хто, як ёй горка Адной грэцца сонцам, калі гэта сонца ўзыходзіць...
Чакаю цябе.
1972
* * *
Я думала, люблю адну вясну: Вясной так лёгка пераблытаць, дзе я, Вясною так пяюць ва мне надзеі, — Я думала, люблю адну вясну.
Я думала, што восень не цярплю: Так непрытульна і маркотна ўвосень, Так адзінока з тым, што не збылося, — Я думала, што восень не цярплю.
Але загуў прасторы сіні звон — І колькі часу ўжо адно ўяўленне У родны край вядзе, як у збавенне, — Ударыла разлука ў сіні звон.
І ўсё прымаю, лета і зіму, Паводку бурную і ліставею. Калі зямля, як сонца, душу грэе, — Благаслаўляю лета і зіму!
1972
ЯЛІНА
Не пытаю, яліна, чаму З боку поўдня пышней тваё голле: Неаднойчы і нада мной Сцюжа люта скуголіла.
І зусім не пытаю, чаму Ты ніколі у поле не выйшла: Без сябрыны побач і я Не выжыла б.
1973
КРЫНІЦА
Бярозавым святлом упала поўня У ціха разгайданы ветрам гай. Абавязкова некалі прыпомніць Табе твая шчаслівая туга І гэты гай, і апантанасць поўні.
Пачуццяў іншых абарваўшы прывязь, Абавязкова вернецца сюды Твая душа, як па жывіцу, прыйдзе Да гэтае крынічнае вады, Пачуццяў іншых абарваўшы прывязь.
Яна адна тут, ясная крыніца. Цяпер ты і не думаеш, бадай, Што толькі ў ёй адзінай і бруіцца Жыццё, якім гаворыць з намі гай. Любоў... Яна — як гэтая крыніца... Бярозавым святлом упала поўня...
1973
СОН-ТРАВА
Якая дзіўнасць... Аж неверагодна... Схмялелы ліпень, чабаровы свет, І раптам — кропляю нябёс пагодных — Званок світальны сон-травы ў траве.
Якая дзіўнасць... Дзе, у чым прычына, У якой нястачы вод, святла, цяпла, Што кветка толькі зараз расцвіла, Свой май у ліпні толькі прыручыла?
Якая дзіўнасць... Я крануць не смею Бунтоўны, не ў пару, яе агонь: У хмельнасці чабору страсна спее Званок няспраўджанага сну майго.
1973
У ВЯНОК ЛЮБЕ
* * *
Твая істэрыка раздратавання Пры возеры, пераплываным мною, Калі цябе жахае, што жывою Мяне прадонне ўжо неверне, Не!— Твой лямант Зноў і зноў мяне ратуе ў цяжкім сне...
Няўжо і там, І за мяжою невяртання, Табе так страшна плачацца Па мне?..
* * *
Знаёма-новы, Ледзь абжыты дом. Мне абжываць яго. І1 ты Заходзіш. Не прывідам — Жывая. Пытаешся, ці я ўзяла вазон — Без кветкі ў хаце Як без гаспадыні... З патайным хваляваннем Я дзялюся Арэхамі з табой. І ты ўсміхаешся, бярэш... А неўзабаве, Цябе схаваўшы похапкам за дзверы, Аўтобус, Перапоўнены людзьмі, У пільную дарогу вырушае. Праз шыбу шэрую Твая відаць мне постаць. Ды ты ўжо не звяртаеш Увагі на мяне. Сачу шчымліва, Як прападае ў далечы Аўтобус...
Вяртаюся ў тон звычна-новы дом, У ледзь абжыты: З краю на стале — ТАБОЙ ПАКІНУТЫЯ МНЕ АРЭХІ...
* * *
...Усе задумы, словы, крокі, сны — Яны не абрываюцца труною: У душах блізкіх ядрацца яны Неўразумелай, жорсткаю віною.