А свет — ранейшы?.. І не той, і той:
У кожнага свой смех і свае слёзы.
Атаву спеліць позні травастой,
І кнігаўкі крычаць ў апошніх лозах.
Усё, як пры табе. І я сама
У клопатаў ранейшых у палоне,
Як пры табе. Але цябе — няма,
«Няма й не будзе...» — сэрца захалоне.
Дык што ж такое, гэтае жыццё?!.
Я азіраюся: твой сын малодшы
На ўзмежжы, колючыся аб асцё,
Збірае ў жменьку цёплыя валошкі...
1974
* * *
Штогоду з бярозы
мільярды насенінак падала,
І сёння мільярды віруюць,
як зорная россып,
Каб з іх прараслі —
апраўданнем, аплатаю —
Чатыры бярозкі.
1974
ВАСІЛЬКІ
Як рана васількі завасільковелі!
Ці гэта я спазняюся? Няўжо
Мінулася вясна? Адна аскоміна
Перапарэлых, выгарклых дажджоў...
Спазняюся. Ва ўсім... І рассыпаюцца,
І выпадаюць звёны спакваля,
Як поры года з пачуццёвай памяці,
Памкненняў, дружбы звёны...
А ў палях
Красуе жыта! Як і трэба ў чэрвені.
Не знае глеба ленасці душы.
Каля дарогі ў каласоў гушчэвіне,
Як воклік лета, васілёк дрыжыць.
1974
* * *
Твайго палону прагну я —
Не адпускай мяне, работа.
Хай дыхае у твар спякотай
Ралля суровая твая.
Адно на ёй, адно на ёй
Каласаваць таму спакою,
Што непастойнасцю сваёй
Знявечаную памяць гоіць.
Ён, як бясцэнны дар, нясе
У плыні руху забыванне,
Што след наш тут — след па расе,
Што вечны тут адны пытанні.
Але з прасветласцю якой
Сцвярджаць я свету не баюся
Сваёю кожнай баразной:
Жыву!
Люблю!
Не наталюся!
1974
ТРЫ ПЕСНІ
Колькі песень ты, мамачка, некалі ведала —
мора!
Калі рэдка спяваевда,
мусяць яны забывацца.
А тры песні твае
не канчаюцца нават у горы:
Песня працы,
Яшчэ — песня працы,
І зноў — песня працы.
1974
* * *
Не сніся мне. Навошта снішся мне?
Усё між намі выяснена, вырашана,
І пра ўгавор наш помню я і ў сне.
Не сніся мне.
А стрэч не пазбягай. Не бойся стрэч.
Цябе маёй пяшчотай не абражу я.
Рук не ўскладу на шалі тваіх плеч.
Не бойся стрэч.
Насупраць сядзем. Ты ўсміхніся мне.
І я ў адказ — спакойна і нязмушана.
Пра угавор наш помню я і ў сне...
Не сніся мне.
1974
БАЛАДА МАРЫ
Дзівосным пер'ем грае цёплы птах, —
Ажно шчыміць і замірае сэрца
Ва ўзбуджана шчаслівай паняверцы
Раскошу гэту бачыць блізка так.
І рукі узлятаюць да яе,
І пальцы чуюць трапятлівасць цела!
Але,
зіхоткая,
амаль нясмела
Ірвецца птушка прэч
і растае...
Асірацела гойдаецца трон —
Вечназялёны куст, што цуд той гушкаў.
Была такой вясёлкаваю птушка —
Скуль на далоні чорнае пяро?
1974
* * *
Мы стрэнемся, хоць нас ужо не будзе,
Не будзе ні мяне, ані цябе.
Наступнікі, нязнаныя нам людзі,
Аявяць немагчымае цяпер.
І той, хто нас адорыць стрэчай гэтай, —
Сярод уласнай лютае зімы
Знячэўку словам нашым абагрэты, —
Не будзе нават ведаць ён, што мы
Нягучнай тою, запаветнай песняй,
Што болем адазвалася на боль,
Нябачана ў чужой душы ўваскрэслі.
...А тут я размінулася з табой.
1974
СНЕГАПАД
Замець —
3 белага свету ды з чыстага поля.
Як дзівосна туліцца гарачай шчакою
Да шалёна-вясёлага твару завеі...
Зноў, як некалі, толькі ў харошае веру.
Зноў, як колісь,
пяшчотай заходзіцца сэрца.
Толькі белая замець. Ні гора. Ні смерці.
Белы вір раўнавагі. Ні здрады. Ні звады.
Не канчайцеся, вейце, мае снегапады...