Выбрать главу
Хоць кропля з абяцанага нам маем Збываецца праз мулкія гады. Прыляж, мая даверлівая мама, Спяю табе, як мне спявала ты. Задрэмлюць веі над вачыма карымі — Не дам упасці й парушынцы я. Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая, З вясной сваёю, любая мая.
Любоў нябёсы над табой трымае, Любоўю зораць дні ў тваім акне. Прыляж, мая усмешлівая мама, Спяю табе, як ты спявала мне. Задрэмлюць веі над вачыма карымі — Не дам упасці й парушынцы я. Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая, 3 вясной сваёю, любая мая.
1975
ЗВЫЧАЙНАСЦЬ ПАД МІРНЫМ НЕБАМ
Гарэзяць на падворку дзеці. Курыць туманцам нізкім пожня. Усё звычайна ў гэтым свеце: І першы ўсхліп, і ўздых апошні — Як дым над комінам вясковым, Як тонкі месяца акрайчык. Спакон вякоў было такое: Смяюцца людзі, людзі плачуць.
Ступае на каціных лапках Ноч зорна-жнівеньскае масці. Чаму ж ад кволай думкі зябка — Што згэтуль знічкай мне прапасці? Усё звычайна ў гэтым свеце, І першы ўсхліп, і ўздых апошні — Былі каб толькі вечна дзеці, І дым над комінам, і пожня!
Ды як набыць бясстрашнай сілы Без горычы, без наракання Сысці ў нябыт, а што любіла — Пакінуць тут усё дазвання, Калі й надзеінка не свеціць, Што ўпэўніцца зноў будзе можна: Усё звычайна ў гэтым свеце —
І першы ўсхліп, і ўздых апошні?..
1975
ТРЫ ДУДКІ
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!.. Падзьмеш у адну — і высахнуць слёзы; У Другую падзьмеш — засмяешся знячэўку; Возьмеш трэцюю — пусцішся ў скокі...
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!
Паўжыцця давялося схадзіць, Каб здабыць вас, І цяжка даць веры яшчэ, Што ў руках у мяне вы.
Але ў першую дудку таямнічага слова падзьму — Высыхае слязіна; Паднясу другую да вуснаў — і ўсміхацца гатова; А на трэцяй зайграю — смех паклоніцца нізка слязе За спатканае шчасце.
1975
* * *
...Трапечаш між людзьмі — Ліст у лістве густой. Расіначку садзьмі — І ліст ужо не той. І ўжо інакшы свет, Інакшы ў часу твар. Пакуль ты у лістве, І ты — яна, ліства.
У слотнае радні І ўлік свой, і правы. ...Чуць, як лістком адным Балюча куст жывы...
1976
ПЕРШЫ СНЕГ
Над даляглядам вечар устае, У шыбы вецер апантана ляскае, І снег, і снег, як спозненая ласка! ...I гэтак жа, як ласка, растае.
Яшчэ лісты самотныя гараць, Яшчэ не ўся трава ў зіму ўмарожана. Не гавары са мной неасцярожна, Пяшчотай выпадковаю не рань.
На недавер мне сіл яшчэ стае. Не веснавосць з вясёлкавымі краскамі — А снег, а снег, як спозненая ласка, І гэтак жа, як ласка, растае...
1976
ТЫ
Быў. І не было. Пры выпадковых, Неназолістых спатканнях зрэдзь Бестурботна ападалі словы 3 доляю ні радаваць, ні грэць.
Быў. І не было. Не бачна воку, Як карэнне дастае з зямлі Пад ільдамі, камянямі сокі, Каб у дрэва песню лета ўліць.
Дзёрзка выбухнула лістота — Твая пяшчота. Што яна шукала ў маім лёсе? Сцверджання? Бунтоўнай праваты? Што шукала — ці знайсці ўдалося?
Быў. І не было. І раптам — ТЫ!..
1976
* * *
«Палюбі мяне! Палюбі мяне...» — Прашаптаў і асек дыханне... Хістанулася ранне У расчыненым насцеж акне,
Скаланулася да глыбінь На пагоду свежа і золка... «Палюбі мяне, палюбі!..» — Трапятнулі зраселыя зёлкі.