Выбрать главу
Ледзь шчакой крануся вецця — Абсыпаюць цветам промні. Як цябе, глыбока помню: Мірам гэта ўсё завецца...
1977
* * *
Той краёчак далягляду І дагэтуль прад вачыма: Дзве ляцелі аблачыны Па краёчку далягляду!
Паасобку, Ды суладна, Так напеўна, Так парыўна, Побач, поруч, Неадрыўна ад краёчка далягляду!
Незліянае адзінства, Блізкасці, і меж улада, І нятоеная радасць — На краёчку далягляду! Разам — І падмен не трэба! Роднасць — І даволі платы! На краёчку далягляду — Ў самым сэрцы свайго неба!
1977
РОДНАСЦЬ
Падумаць толькі, што нас падзяляла... Ты ж быў у маім лёсе! Ды цяпер Такое адчуванне, што не знала Ніколі я сапрауднага цябе.
Падумаць толькі... Спела столькі часу Прыхільнага сяброуства цеплыня, Каб раптам натуральна так пачауся Адлік інакшы новым нашым дням.
Усё, жыло падспудна што, употай, Цяпер лунае, за вітком віток. Няпэуны сум свядомай стаў маркотай, І радасць адшукала свой выток.
Падумаць толькі: мне ты не прысніўся, — Іначай як бы стацца так магло, Што страх набыў акрэсленыя рысы І яву спадзяванне набыло, Што знойдзе чалавек, чаго шукае, Пакуль, пакутай моцная, расце І ў сэрцы прага роднасці людская Не саступае месца пустаце.
1977
* * *
Кажы ласкавыя мне словы, Дары пяшчоту мне сваю, І прызабудуся вяснова, На ўскрайку шчасця пастаю...
Хай хоць на момант ашукаю І немагчымасць, і бяду, Так хораша і нечакана Вакол мезенца абвяду!
І сіл прыбудзе мне нанова, Прад непапраўнасцю ўстаю, — Кажы ласкавыя мне словы, Дары пяшчоту мне сваю.
Не ўсё збываецца, і, мусіць, Пара змірыцца з гэтым нам. Але пакуль душа не хлусіць, Што песня ты ў мяне — адна,
Мая апора і аслона У безнадзеі на краю — Кажы ласкавыя мне словы, Дары пяшчоту мне сваю.
1977
* * *
Панянькавала за свой век нямала Мар, і памкненняў, і жаданняў я, А заклінаю так, як заклінала: Хай беражэ цябе любоў мая.
Заступіць хай усе шляхі-дарогі Любой нягодзе і любой слаце, Каб, як хваробы, роспачнай знямогі Ніколі не спазнаў твой доўгі дзень.
Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, — Хай светлай будзе лёсу каляя! — Ад злой няўдачы, ад ліхой намовы Хай беражэ цябе любоў мая.
За сэнс высокі, што жыццё займела, За мой вясёлкаю замкнёны круг, Дажджынкай шызай ці сняжынкай белай Я прыпаду к табе і паўтару:
Дзе б ты ні быў, якой бы ні была я І кім бы для цябе ні стала я, — Хай над табою ластаўкай крыляе, Хай беражэ цябе любоў мая.
1977
* * *
...Успрымаць, як цуд, што я жыву, Чую галасы бацькоў і руні;
Са здзіўленнем дзён маіх дратву Пазнаваць у расспяваных струнах;
Дзівавацца каменю й лістку, Дзівавацца кораню й дажджынцы;
Зноў адчуць, што я на валаску Над прадоннем спеленых дажынкаў;
Ведаць пэўна, што рука твая Мне не дасць аб камяні разбіцца.
Як магло са мной такое збыцца?! Дзівавацца гэтаму ўдвая...
1978
* * *
Так доўга чалавек глядзеў пад ногі, Навобмацак шукаючы дарог, Нібы ў пачатку даў сабе зарок Нідзе не спатыкнуцца, покі змога.