Якім пакутным быў няроўны крок!..
А зоры так зіхцелі над разлогай!..
І ўскінуў горда галаву нябога:
«Ад бед сябе я тут не абярог.
Быў я пакорны. Вырас нецярплівы.
Даволі плазаваць пад зорнай злівай:
3 самое зоркі дом сабе зраблю!»
І ўладна з гэткай сілаю шчымлівай
Наблізіў зоры да сябе!.. Шчаслівы
Ці будзе ён,пакінуўшы Зямлю?..
1978
СТУДНЯ
Уладзіміру Андрэевічу Калесніку
Піць.
Не толькі вуснам.
Сэрцу піць.
Кожны сам сваю капае студню.
Дзе ж мая крынічка спіць?
Важкі, вязкі глей далоні студзіць.
Піць.
Каб не адной.
Яшчэ кагось,
Шчэ адну хоць
Блізкую мне душу
Напаіць з калодзежа майго.
Да крынічкі я дабрацца мушу!
Уздыхну, шчаслівая, тады,
Праз гады дарогу пацалую,
Прыпаду да ломкае йады,
Смагу наталю
I... засмуткую.
1978
І ЧАЙКІ
Сугучча апярэння і паставы годнай,
Праніклівага зроку вастрыня,
Імклівасць дужых крыл,
Дакладнасць руху
Ім —
Лёткім злучнікам нябёсаў і вады —
Азёрным чайкам волялюбным
Дадзена.
І вось —
Яны
Над сметнікам крыкліва мітусяцца
I, нібы вераб'і караткапёрыя,
Да хрыпу сварацца
За чэрствую скарынку...
1978
* * *
Я думаю пра мой найлепшы дзень.
Узыдзе ён,
Як келіх макавы,
Вясёлкава зайграе
Насычанымі гранямі сваімі.
Як летні ясень, спраўджаны лістотай,
Як поле жыта з васільком у вуснах,
Нібы калодзеж з зоркаю на дне,
Знутры свяціцца неўгасальна будзе
Мой дзень найлепшы,
Крышталёвы келіх,
Ушчэрць наліты мірам на Зямлі.
Найлепшы дзень мой!
Мой блакітны птах.
Зялёны промень сонца пры заходзе.
Саргасавае мора ў акіяне.
Якая згода явы й летуцення,
Здзяйснення й помыслу,
Натхнення й плёну!
Як пахам яблык,
Як азонам вецер,
Як полымем касцёр,
Увесь працяты маёй любоўю
І маім каханнем.
О, дзень мой дасканалы!..
1978
ТВАР У ТВАР
Маладая,
Нібы расінка на лістку барвінковым,
Наструнена прыкіпела
Ля калыскі свайго немаўляці,
Не ў сіле адвесці вачэй
Ад чужога калецтва:
На калёсках
(не мае ног)
Па вуліцы рухаўся
торс чалавечы...
Скрып калёсак старога салдата,
Ледзь улоўны звон медалёў
Нясцерпным набатам званоў хатынскіх
Біў у скрыні жанчыны,
І ў ажынавых зрэнках яе
Перахлістваліся пякліва
Боль,
замяшанне
і страх,
А ў зграбнай паставе застыла
Насцярожанасць рысі:
Трапяткая рука захінала міжволі,
Усё захінала карунковай накідкай
калыску...
1978
* * *
Вечназялёнаю галінай — спробы
Няўтоленую смагу наталіць...
А непадсудны хіба толькі робат:
Яму нішто людское не баліць.
А нам — гарэць,
і падаць,
і ўзнімацца,
І праклінаць свой лёс, і пець хвалу.
На радасці не можаіп расстарацца,
Жыццё,
ну што ж — пакутамі хвалюй!
Бо не аслепіць дробязная ўдача,
Знарочыстую любасць не прыму...
Не марна
так па-веснавому
значыць
Барвяны ліст прыцьмелую траву.
Заўжды існуе недзе гай расцвілы
І светлякі ў зраселай мураве.
Хай вольна табе дыхасцца, мілы.
Твой сум кароткім ценем праплыве.
1978
ЧОРНАЯ ЗОРКА
За разважлівасцю, ўдумлівасцю —
Як за крапасной сцяной.
Годны рух цвярозы твой,
Слова сказанае ўзважана,
Столькі вытрымкі паважнай, —
Закратованы спакой.
О, якое гэта шчасце,
Што жыве на свеце хтось,
Каб хоць зрэдку, час ад часу
Выбаўляць цябе з палону
Незалежнасці тваёй.
Каб вяртаць табе самой
Існую цябе, такую —
Рассмяяную, слабую,
Безразважную, пакорную, —
Па якой няўсцерп смуткуеш
Па-за ўзведзенай сцяной
Волі й мудрасці тваёй!..
Спагадаеш чорным зорам,
Звышмагутным,
Тым, з каторых
І праменьчыку не вырвацца...