Паўлінка. Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам ці графам. Ды і што гаварыць! Адам і Ева і то былі мужыкамі.
Адольф (здзіўлены). Адам і Ева?!
Паўлінка. І Ной, і Езус…
Адольф. Што я чую? Адкуль гэта, панна Паўлінка, усе ведаеце?
Паўлінка. Ого, не скажу!
Адольф (просячы). Проша сказаць.
Паўлінка. Не тэй б'іце! Вот салапяка!
Адольф (паправіўшыся). Ды скажыце!
Паўлінка (нецярпліва). Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усе вам раскажа. (Адольф прайгрывае.) Дурань пан! Дурань пан!
Адольф (папраўляючы). Гаспадар. (Раздав карты.)
Паўлінка (убок). Які чорта гаспадар, калі дурань?
Адольф. Што панна Паўлінка кажа?
Паўлінка. Кажу: але, гаспадар. (Хвілю маўчаць. Паўлінка убок.) Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай. І трымае ж яго нядобрае! (Да Адольфа.) А ці, пан Адольф, жаніцца хочаце?
Адольф. Ой, страшэнна хачу. А панне Паўлінцы замуж хочацца?
Паўлінка. Ого, яшчэ і як хочацца!.. Калі ўдасца, дык яшчэ і сягоння, можа, пайду.
Адольф. А я ж яшчэ з таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым не гаварыў.
Паўлінка. Аб чым — аб гэтым?
Адольф. Ну, аб тым, як я жаніцца буду, а панна Паўлінка замуж ісці. (Прайгрывае.)
Паўлінка. Ізноў пан дурнем! Ізноў дурнем!
Адольф. Гаспадаром!.. (Раздав карты.)
Паўлінка. А можа, ужо будзе? Нешта спаць як бы хочацца. (Зявае, устав і паглядае ў акно. Убок.) А што, калі не прыйшоў?
Адольф (не пачуўшы). Хто не пайшоў?
Паўлінка. Я кажу, каб хаця дождж не пайшоу. (з удаванай жаласцю.) Я так жалею, так жалею пана Адольфа, каб не замок, што аж тут нешта трасецца. (Паказвае на грудзі.)
Адольф. І я таксама панну Паўлінку жалею і цяпер, і потым.
Паўлінка. Калі гэта — потым? Як пан Адольф яшчэ дурня возьме?
Адольф. Ды не! Тады, як будзем… як будзем… ну, як гэта сказаць?
Паўлінка. Ізноў скруціў! (Папраўляе.) Вось гэтак было, гэтак біць трэба, а з гэтай хаджу, і пан Адольф ізноў дурань, дурань, дурань!
Адольф. Гаспадар!
Паўлінка. Усе роўна, хоць гаспадар, але, як карты паказваюць, дык дурань!
Адольф. Хай будзе і так! Цяпер за тое, што панна Паўлінка мяне гэтак абыграла, вазьму ды паеду. (Устав.)
Паўлінка (з аблягчэннем, убок). Сабраўся-такі нарэшце.
Адольф. Дабранач панне Паўлінцы! Проша чакаць, — я прыеду па канчатак.
Паўлінка. Забярыце лепей яго цяпер!
Адольф. Каго?
Паўлінка. Ды канчатак той.
Адольф. А панна Паўлінка ўжо жартуе. (Адвітваецца. Выходзячы, убок.) Вот так на ўсе бакі дзеўка! Адным словам, як сторублёвая кабыла. Гэткая-дыхт для мяне жонка!
З'ява 9
Паўлінка адна
Паўлінка (неспакойна). А той, можа, хай бы лепей і не прыйшоў. Так усе неяк усярэдзіне трасецца… І нашто гэта я яму абяцала? Лепей было б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзщъ ад акна да акна і паглядае.) Падшахнула ж мяне нядобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела.) А можа, не прыйдзе?… (Сумма.) А калі не прыйдзе, то, значыцца, ён ужо мяне не любіць болей. Не, няхай прыйдзе лепей, а там — што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае ў пальцы.) Прыйдзе, не прыйдзе, прыйдзе, не прыйдзе, прыйдзе… (Весела.) Прыйдзе, прыйдзе! А цяпер — любіць ці не любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і перакідае карты.) Любіць, не любіць, к сэрцу прыжме, к чорту пашле; любіць, не любіць, к сэрцу прыжме… (Весела.) Так, так, любіць, к сэрцу прыцісне! Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба збірацца. Але мушу ўперад паслухаць, ці спяць старыя. (Ідзе і падслухоўвае ў дзверах бакоўкі). Спяць, ажио храпуць, як бы суконкі дралі. (Падыходзіць, глядзіць у акно, задумваецца.) Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае пацеркі і прымярае.) Во! Гэта дык трэба забраць, — так мне з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую таксам а трэба ўзяць. Усе гэта звяжам у хустку. (Рассцілае хустку і складвае свае рэчы.) А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо ў чым жа я з ім бегаць буду? Шнуровачку такжа вазьму, бо хто ж яе тут будзе насіць? І-і!! ужо болей, здаецца, нічога. (Звязвае і ідзе к ложку. Чуваць шорах за акном. Паўлінка сціха.) Ай, хтось там прыйшоў! (Весела.) Прыйшоў мой міленькі, прыйшоў! Такі карты прауду паказалі. (Ідзе к акну.) Хто там?
Голас з-за акна (прыдушаны). Я!.. Я!..
Паўлінка (углядаючыся ў акно, убок). Нічагутанькі не відаць! Цемната страшэнная! (У акно.) Хто — я?
Голас. Я!.. Я!.. Ну, ці ж не пазнала?
Паўлінка. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі звяжу і коўдру.
Голас. Ды мне нічога не трэба!
Паўлінка. Мала што не трэба, а я вазьму… (Хутка ідзе к ложку, звязвае падушкі і коўдру ў посцілку.) Ну, ужо гатова! (Адчыняе акно і выкідвае вузлы.) Пераймай, а зараз — і мяне! (Да сябе.) Трэба з бакоукі ўзяць верхнюю вопратку і хустку, толькі б хаця ж старыя не прабудзіліся. (Зніжае агонь у лямпе і ідзе у бакоўку. Па нейкім часе выходзіць стуль адзеўшыся.) А цяпер і сябе трэба выкінуць! (Шыбка ідзе к акну. Чуваць шорах у бакоўцы.) Ай, нехта ўстаў!
З'ява 10
Паўлінка, Сцяпан
Сцяпан (выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коўдрай). Хто тут? Хто тут лазіць апоуначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! (Паўлінка, перахрысціўшыся, кідаецца ў акно. Сцяпан убачыў.) Гвалт! Злодзей! (Бяжыць к акну і хватае Паўлінку за ногі.) Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!.
З'ява 11
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета
Альжбета (выбягае — як Сцяпан — акрыўшыся коўдрай; уся трасецца). Матачка найсвентшая! Што тут робіцца?! (Мацае па сцяне.) Зараз, зараз нясу стрэльбу. (Хватае за гіру ад гадзінніка, гадзіннік з грохатам валіцца са сцяны і разбіваецца.) Ай, што ж я нарабіла!
Сцяпан (трымаючы Паўлінку за ногі, да Алъжбеты). Куды цябе немач уперла? Падкруці хутчэй кнот ды памажы цягнуць!..
Альжбета (бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!
Паўлінка (перавесіўшыся праз акно). Цягні, братка, ямчэй!
Альжбета (падкруціўшы. кнот і бегучы к Сцяпану). Божухна мой! Гэта ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея?
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не мялі языком ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.
Паўлінка. Мацней, мацней, браток!
Альжбета (памагаючы Сцяпану цягнуць). Што ты, дзеткі, здурэла, ці што?… (Сцягваюць Паўлінку з акна на хату.)
Сцяпан. Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды манілася ляцець?
Паўлінка (апіраючыся рукой аб стол, патупіўшыся). Я!.. Я!., хацела замуж ісці!
Сцяпан і Альжбета. Праз акно?!
Паўлінка. А што ж, калі татка і мамка праз дзверы не пускаеце.