З'ява 12
Тыя ж і Пранцісь. Адольф, Агата
Пранцісь (без шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа). Собственно, пане дабрудзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.
Агата (цягнучы вузлы). А як жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага акна капаўся. Паўлінка, Сцяпан і Альжбета. Пан Быкоўскі?
Пранцісь. А так, так, пане дабрудзею. Адольф, Адольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!
Сцяпан (да Адольфа). Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасці, зладзюга, каханенькі, родненькі!
Адольф (заікаючыся і не разумеючы, у чым рэч). Я… я… збіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз акно, кудой выехаць…
Пранцісь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз акно павыцягваў. Можа, і шапку маю ўкраў.
Агата. Ты зараз, п'яніца, тудэма-сюдэма, і галаву забудзешся. Гэта ж аж дамоў давалокся і тады толькі агледзеўся, што шапкі забыўся.
Пранцісь. Собственно, а баба нашто, — каб усяго пільнавала. Але злодзея, пане дабрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.
Сцяпан (да Паўлінкі). Дык гэта ты, каханенькая, родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?
Паўлінка (глуха). Божухна мой, Божа! Якімку арыштавалі!!
Сцяпан (самадавольна). Хе-хе-хе! ужо гэтае мужыцкае насенне не будзе больш нашых сцежак паганіць.
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі.
Сцяпан (да Адольфа). А ты, каханенькі, родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды, вон з маёй хаты, каб твая і нага тут не была! Не мог, як трзба, па-хрысціянску — з сватам, з запаведзямі маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Вон! Вон!
Адольф. Я… я… толькі хацеў дарогі запытацца…
Пранцісь (развязваючы вузлы). Собственно, злодзей, пане дабрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз акно пакраў. К урадніку, марш! К урадніку, гІцаль, вось-цо-да!
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі. (Дзіка.) Ха-ха-ха! Звяры сляпыя!!! Як сноп валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: «Вады! Вады…»
Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, у мяне ёсць кроплі. (Дастае з кішэні пляшку і пырскае ў твар Паўлінцы гарэлкай,)
Агата (кідаючыся да Лранціся). Тудэма-сюдэма, ашалеў!..
Сцяпан (панура). Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і сканчылося.
Заслона.