Паўлінка (устаючы з ложка). Проша паненак сюды прысесці, а, паны кавалеры, вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў.
Сцяпан і Альжбета (вылазячы з-за стала). А як жа — трэба, трэба! Дзяўчаты садзяцца на ложку, хлопцы каля іх на табурэтах; жартуюць між сабой.
Альжбета (падыходзячы да музыкаў). Хадзіце, міленькія, выпійце са шкляначку гарбаты.
Музыкі. Дзякуем пані! Мы ужо сягоння пілі.
Альжбета. Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца. (Забірае інструменты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкаў за стол і сама садзіцца. Да Паўлінкі.) А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!
Сцяпан (закурваючы люльку). Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма.
Музыкі. І без гэтых кропель будзем жывы. Чуваць стукат у сенцах.
Сцяпан. А бач, нехта такі хоць нарэшце з'явіўся. Трэба ісці ды глянуць, а то яшчэ ў дзверы не луча. (Ідзе.)
Адзін з гасцей. Нясі, Божа, нежаматага ды багатага!
Адна з гасцей. Жаніць будзем!
Паўлінка (стаўляе музыкам гарбату, пидыходзе і глядзіць у акно. У бок.) Ах, як жа цёмненька!
Адзін з гасцей. Каго так, панна Паўлінка, выглядаеце?
Паўлінка. Таго ж — нежанатага ды багатага.
З'ява 2
Тыя ж і Адольф Быкоўскі
Сцяпан (спатыкаючы Адольфа ў дзверах). А-а! Нарэшце з'явіўся, дарагі госцік! Што ж гэта, каханенькі, родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?
Адольф (вешаючы пальто на сцяне каля парога). Пахвалёны ў хату!
Колькі галаcоў. Навекі! Навекі!
Адольф (вітаючыся са Сцяпанам), Выбачайце, што трохі прыпазніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з тары, што каля Прытыкаў,- і мяне выкінуў, і вось зламаў, так што аж мусіў другую каламажку ўзяць; праз тое і замарудзіў.
Адзін з Музыкаў (убок да другого). Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс! Прыстау конь, ды ўсё тут.
Другі Музыка. Няўжо ж што. У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў, і тая ўжо скарэй яго панясе.
Сцяпан (да Адольфа). Проша ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе усе тут.
Адольф. Дзякую, дзякую, вашэці. Проша са мной клопату не рабіць. Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ёй бокам і не згінаючыся.
Альжбета. Проша пана Адольфа, проша за стол! Можа, вып'еце гарбаты і чаго закусіце? (Да Паўлінкі.) Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!
Адольф (садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурваючы папяроску). А што ж у васпанства добрага чуваць?
Сцяпан (прысаджваючыся к сталу). Ды што у нас чуваць? — Старая баба не хоча здыхаць, а маладая замуж ісці.
Адольф (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.
Альжбета (да Сцяпана). А, ваша, схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага.
Адольф. Не турбуйцеся. Я яго добра прывязаў.
Сцяпан. Каханенькі, родненькі, хоць і прывязаў, але сена, пэўна, не даў. У нас так: госць як папала, а жывёліну дык трэба добра дагледзець. (Выходзіць.)
З'ява 3
Тыя ж без Сцяпана
Паўлінка (стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзячыся аподаль). Што ж гэта пана Адольфа конь хацеу разнясці?
Адольф. А як жа! Тры сотні вясной заплаціў і толькі клопату нажыу. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх не ўгоніш.
Паўлінка (хітравата). Пэўне і авечкі ў пана Адольфа таксама гілююць?
Адольф. А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як ударыць гарачыня, дык яны чуць не усе чыста круцяцца на адным месцы.
Паўлінка (ідучы па гарбату для сябе, убок). Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут (паказваючы пальцамі на сваю галаву) матылі мае, а думае, што яны зыгуюць.
Альжбета. Якія ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?
Адольф. А нішто сабе. (Відам лгучы.) Жыта нажаў коп са дзвесце, аўса таксама са дзвесце, ячменю — з сотню.
Адзін з гасцей. А колькі ж у пана зямлі?
Адольф. Валокі з паўтары добрыя будзе.
Госць. І лес ёсць?
Адольф (абціраючы хустачкай лоб). А як жа — ёсць: з паўвалокі, калі не болей. Сосна у сасонку!
Госць. І сенажаць ёсць?
Адольф. Ёсць, ёсць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог, як шафран.
Музыка. Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?
Адольф. Н-нуу, так! з добрую паувалочку!
Альжбета. У нас ворнай зямлі, мусіць, і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.
Паўлінка (сеўшы з гарбатай пры стале). Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.
Адольф. О, у мяне гаспадарка ні ў чым не зблыша. У мяне жонка і то будзе лепшая, як у ва ўсіх.
Адзін з гасцей. Каб толькі не ўдалася наравістая.
Паўлінка. Цікавасць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?
Адольф. Гэта пакуль што сакрэт.
Паўлінка. А мне пан Адольф скажа?
Адольф. Так. Але перш гэту і маме, а пасля ужо і васпані на самае вушка.
Паўлінка (беручы ў яго шклянку). Добра, добра! Пан Адольф як ведаў, што я трохі глухавата.
Адольф. Глухавата?!
Паўлінка (ідучы па гарбату, убок). Трэба шэршня за нос павадзіць, каб і дзесятаму заказаў, як жонкі купляць.
Альжбета. Пан Быкоўскі, здаецца, у нас першы раз?
Адольф. А так — першы!
Адна з гасцей. Дык пану трэба даць пацалаваць старую бабу.
Адзін з гасцей. Пан Адольф толькі да маладых ды багатых лас, а старыя ў яго ў рахунак не йдуць.
Адольф. А праўда, праўда! Я толькі да маладых маю імпэт.
Альжбета (убок). І дурны ж ён, як відаць.
Паўлінка (падаючы гарбату Адольфу). Да каго гэта маеце такі імпэт, да дарагіх кароў ці дарагіх кабыл?
Альжбета. Ды не! Пан Быкоўскі мае імпэт толькі да маладых дзяучат.
Адольф (п'ючы гарбату). Але ж, але. Толькі да маладых дзяўчат.
Паўлінка. А кільчака часам з гэтага не нагоніце на язык?
Альжбета. Што ты?! Ці ж пан Быкоўскі конь?
Музыка (убок да другога). Конь не конь, а як відаць, дык быдлё парадашнае.
Адольф (да Паўлінкі). Панна Паўлінка дык усе мне капліменты гавора.
Паўлінка (рассеяна). Ага! Капліменты. (Да музыкаў.) Мацуйцеся, мацуйцеся, музыканцікі. А то ўжо ногі чэшуцца. Так і хочацца з панам Адольфам сыпнуць лявоніху.
Адольф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю.