Музыка (да Паўлінкі). Дзякуем! Ужо як належыць сабраліся, цяпер можам і рэзнуць што-колечы для паненкі. (Садзяцца на свае месцы і зводзяць інструменты.)
Паўлінка (да Адольфа). А якія ж вы танцы гуляеце?
Адольф. Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. (Выходзячы з-за стала, цалуе Альжбету ў руку, да Паўлінкі.) Ну, што ж? Можа, мы з паненкай папрабуем?
Паўлінка. Калі ж я гэтых мудрых танцаў не толькі што не умею, але ніколі нават іх і не бачыла.
Адольф. Не бойцеся! Я на усе лады выучу паненку скакаць. (Бярэ Паўлінку як да танца, да музыкау.) Зайграйце нам гэрц-польку!
Музыка. Мы гэтага не умеем.
Адольф. Ну, дык падзі-спаць!
Музыка. Першы раз чуем.
Адольф. А можа, падзі-кварту знаеце?
Музыка. І гэта першы раз чуем.
Паўлінка (як бы бядуючы). А-ёй-ёй! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.
Адольф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоувайся ды вырабляй нагамі так, як і я.
Паўлінка. Значыцца, будзем гуляць пад язык.
Смех. Адольф іграе на язык і без толку выкручваецца з Паўлінкай.
Адольф (паказвае). Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галава у левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два, тры, то направа, то налева… Усе прыглядаюцца да іх і смяюцца.
З'ява 4
Тыя жі Пранцісь, Агата, Сцяпан
Пранцісь (п'яны). Пахвалёны Езус. Вось-цо-да, пане дабрудзею.
Колькі галасоў. Навекі! Навекі!
Пранцісь (глянуўшы на Паўлінку і Адольфа). А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку ці ў сумашэдшым доме?
Адзін з гасцей. Гэта пан Быкоўскі навучае панну Паўлінку навамодных танцаў.
Пранцісь і Агата распранаюцца.
Пранцісь. Можна, можна далей круціцца, як у хваробе святога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!
Адольф (далей паказваючы Паўлінцы). Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два, тры!
Паўлінка (вырываючыся). Не, такі нічога не выйдзе. Не кемкая я да навукі.
Адольф (садзячы Паўлінку). Гэта толькі трудна першы раз, а пасля пойдзе ўсё гладка, як пугай высмаліць!
Ходзіць па хаце, махаючы каля твару хустачкай. Пранцісь, Агата і Сцяпан садзяцца за стол; Альжбета падае ім гарбату.
Пранцісь. (закурваючы люльку са Сцяпанам). Собственно, пане дабрудзею, кабыла заблудзіла і праз тое трохі спазніліся. Але гэта глупства, глупства! Яшчэ парой будзе, вось-цо-да.
Агата. Якое чорта заблудзіла! Пакуль аб'ехаў, тудэма-сюдэма, усю ваколіцу, як пагарэлец, дык і поўнач чуць не агарнула. Тудэма-сюдэма, усе тары тэй сабе шукаў.
Пранцісь. Ты, баба, собственно, маўчы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі не кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане дабрудзею, Барнашоў, дзе пайшоў, там і прайшоў. (Да гасцей.) А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане дабрудзею, пакуль казінец не ўбіўся ў ногі.
Паўлінка. А праўду дзядзька кажа. Будзем гуляць, нашто дарма час марнаваць! (Да музыкаў.) Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце… каб аж свет хадыром пайшоў!
Музыкі іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф з Паўлінкай, другія госці — хто з кім. За сталом Пранцісь са Сцяпанам частуюцца гарэлкай з пляшкі, якую першы прынёс з сабою.
Адольф (танцуючы, прыпявае)
Паўлінка (адпяваючы)
Адольф.
Паўлінка.
Адольф.
Паўлінка.
Адольф.
Паўлінка.
Сцяпан (як сціхла гульня). Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян да ружанцаў.
Пранцісь (пацягваючы з пляшкі). Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішэні пуста, затое ногі сыпюць густа. Каб яму яшчэ ды мой розум растропны, дык зусім было б добра, пане дабрудзею.
Агата. Кінь ты ужо, тудэма-сюдэма, плявузгаць, як латак у млыне! Гуляюць — няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.
Альжбета (да Пранціся). Можа б, чаго, сватка, закусілі?
Пранцісь. Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да гасцей.) А вы, пане дабрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты не гоне, вось-цо-да.
Паўлінка (да Адольфа). Можа, пан Адольф, спяеце нам штоколечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце.
Адольф (астанауліваючыся). Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых.
Колькі галасоў. Дык проша спець. Мы усе просім.
Адольф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую ж бы панна Паўлінка хацела?
Паўлінка. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.
Адольф (пяе няскладна, махаючы хустачкай па твары.) Плываё голэмбі, Летаё лабэндзі; з нашэго кахання, Пэўна, ніц не бэндзе.
Паўлінка. А такі ж нічога не будзе.
Адзін з гасцей. Ціж гэта «голэмбі» плываюць, а «лабэндзі» лятаюць?!
Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім не буду пець.
Альжбета. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае ды пяе; ведама, — блазнота, што яны знаюць!
Паўлінка. (паглядзеўшы ў акно). Выбачайце, пан Адольф! У мяне няўмысле вылецела слаўцо.
Колькі галасоў. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш не будзем!
Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.