Выбрать главу

Адольф. Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!

Колькі галасоў. Не, не! Не будзем!

Адольф (пяе). Гляжу я без толку на хладную шаль, І чорную душу церзае печаль.

Паўлінка (душачыся ад смеху). Ці ж у пана Адольфа чорная душа?

Адзін з гасцей. Нашто ж глядзіш на яе, пан, без толку?

Адольф (насупіушыся). Болей пець вам не буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца.)

Паўлінка. Дык і спяём калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (Убок.) Эх, скарэй бы ўсё гэта скончылася!

Адзін з гасцей. А такі ж спяём, і усе разам.

Паўлінка (да Адольфа хітравата). А пан Адольф нам паможа?

Адольф. Ані думау.

Колькі галасоў. А што мы спяём?

Паўлінка. «Дый куды ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?…»

Адольф. Фі, мужыцкая!

Паўлінка. А пан Адольф, можа б, хацеу, каб завялі якога манчыза?!

Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане дабрудзею.

Сцяпан (да Пранціся, сціха). Каханенькі, родненькі, не кратайце яго! Ён, бачыш, як я ужо і казау, масціцца да маёй Паулінкі. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.

Паўлінка. Ну, дык што? Згода на гэту?

Колькі галасоў. Згода, згода! А пасля другую.

Паўлінка. Толькі не збівацца з толку. Глядзець, як буду я рукам! тахты адбіваць.

Колькі галасоў. Добра, добра!

Пяюць. Паўлінка, сумна ўсміхаючыся, дырыгуе, пасля і Пранцісь падходзе і пляшкай адмахвае тахты; музыкі такжа сваёй ігрой памагаюць.

Дый куды ж ты, дуб зялёны, Пахінаешся? Дый чаго ж ты, мой міленькі, Задумляешся?

Пранцісь (як перасталі пець). А цяпер, вось-цо-да, «Як жа мне не пець», пане дабрудзею.

Адольф. Ізноў мужыцкую!

Пранцісь. Але, мужыцкую, але, вось-цо-да! А вас-пан, собственно, сваю панскую схавай свінням на снеданне.

Агата (падыходзіць і цягне Пранціся за полы). Кднь ты ужо, тудэма-сюдэма, з поля сходзіць!

Пранцісь. Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане дабрудзею!

Паўлінка. Ну, будзем пець «Як. жа мне не пець, як жа не гудзець?…».

Пяюць, як першую.

Пранцісь (як скончылі). А цяпер, собственно, «Чачотачку», пане дабрудзею.

Колькі галасоў. Чачотачку, чачотачку! (Пяюць чачотачку.)

Спарадзіла чачотачка семера дачок, Спарадзіла невялічкіх семера малых…

Альжбета (як сціхлі). Аддыхніце, міленькія, хоць трохі, а то замарыліся дужа. (Да Пранціся.) Хадзіце, сваток, за стол, ды, можа, чаго закусіце, бо і ты ж памагау.

Пранцісь (садзячыся). Собственно, глупства, вось-цо-да. Маладым трэба паказаць, паказаць, пане дабрудзею, а яны усе патрапяць… правільна толькі навучыць іх. (Папіваючы з паяшкі, да Сцяпана.) А ты, сват, трымайся, вось-цо-да. Я не дам, яны маладзічкі яшчэ, паспеюць.

Сцяпан. А праўда, праўда, сватка! Яшчэ іх пара не ўцякла. (Выпівае.)

Паўлінка (каля гасцей). А што ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напяяліся, дык, можа, ізноў пагуляема?

Пранцісь (закусваючы). Собственно, пачакайце, я зараз скамандую, пане дабрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога не ведаеце.

Паўлінка. Ну, добра, пачакаем. (Да Адольфа.) Што ж гэта, пан Адольф, надуўся, як мыш на крупы або як апошняе ў печ усыпаўшы?

Адна з гасцей. Пан Адольф, відаць, закахаўся.

Адольф. Ну, дык што, калі закахаўся?

Пранцісь (перажоўваючы яду). Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем лявоніху, пане дабрудзею!

Усе. Лявоніху! Лявоніху!

Адольф. Ізноў мужыцкае!

Паўлінка. (да Адольфа, прыпадхлебваючыся). А мы з панам Адольфам сыпнем лявоніху, сапраўды, сыпнем! Адпусціцеся на мяне, грэшную, болей ці ўдасца так весела з вамі паскакаць.

Адольф. Ды я ўжо вельмі не гневаюся. Калі ўжо так хочаце, дык пойдзем, што ж там надта такое?!

Пранцісь (да музыкаў). Собственно, рэжце, пане дабрудзею! (Да Альжбеты.) А мы з сваццяй тупнем, вось-цо-да!..

Сцяпан (да Агаты). А мы з сваццяй, каханенькая, родненькая!

Музыкі іграюць лявоніху. Кабеты трохі ўпіраюцца, але пасля ідуць, за імі іншыя госці. Паўлінка з Адольфам.

Пранцісь (прыпявае):

О, Лявоніха Сымоніха была, Ды Лявону хлеба, солі не дала! О, Лявоніха Сымоніха, а-ей! Не хадзі ламаць капусткІ маей!

Альжбета.

Хоць капуста зарасла лебядою, Не пайду яе палоць за табою. Прападзі ты і з капустай сваёй, Не сушы ты маладосці маёй!

Сцяпан.

О, Лявоніха, ты жонка мая, Дый не мытую сарочку дала; Не качаную, не мытую, Толькі шоўкам абашытую.

Агата.

А мой татка, дзевярусенька, Вядзі мяне памалюсеньку. Не вядзі мяне па пожынцы, Вядзі мяне па дарожынцы; Па пожынцы мае ножкі не йдуць, Па дарожынцы дык самі бягуць.

Адольф.

Як я бегаў, дык і бегаў, Абы мілую праведаў; Як каціўся, дык каціўся, Абы к мілай прыхіліўся.

Паўлінка.

А калі ж я у матулькі жыла, Як вішанька у садочку цвіла, Дасталася злому духу — мужыку, Ссушыў мяне, як ліпінку у духу.

Адольф.

Ты, бярозачка, бярозка мая, Ты, бярозка, нецярзбленая; Тваё лісце не сярэбранае, Нашы дзеўкі непаседлівыя.

Паўлінка.

Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў сад, — Завядзі мяне к татульку назад; Не вядзі мяне у лес, а ні ў бор, — Завядзі мяне к татульку на двор!

Пранцісь (як перасталі гульню, да Сцяпана). Собственно, і дала ж твая баба мне дыхту, вось-цо-да. Аж лыткі трасуцца, пане дабрудзею.

Сцяпан. І твая, каханенькі, родненькі, не адстала, — аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.

Агата. Абодва вы кавалёвыя мяхі, тудэма-сюдэма, непаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкага даваў.

Альжбета. А праўда, свацейка, праўда. Ім толькі каля пляшкі круціцца, а не з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісці.