Ала Сямёнава
ПЕРАД ГЕНІЕМ ЛЁСУ
Літаратурныя версіі паводле рэальнага, іррэальнага, дамысленага
Маім землякам,
людзям Наваградчыны,
прысвячаю
Святло загадкі
Дрэва жыцця
Раней гэта быў горад рыцараў i паэтаў. У пару сваіх ружовых мрояў i белых бантаў яна адчувала ix прысутнасць не толькі ў памяці чытаных кніг. I нават не толькі ў гэтым, спракаветным: „Дзве вежы вякі тут збіраюць на веча...” Ёй здавалася — у самім паветры ёсць нешта куды больш адчувальнае, як сама рэальнасць атачэння. Водгук, водбліск ідэалаў мінулага, ідэалаў вечнага. Аблічча ж зямлі нібыта давала расшыфроўку душы гэтых мясцін.
Ёй пашанцавала. Яна мела магчымасць зведаць гэты эліксір, бальзам, канцэнтрат духу. Глытала не разбаўленае бензінавым чадам i мітуслівым галёканнем натоўпу паветра, а зведала чысты, натуральны экстракт нябёс, настоены на паэзіі быцця, водары эпох, рамантычных марах, практыкаваннях інтэлекту i па непахісным кодэксе местачковых суадносін. Ёй пашанцавала. Тут — яе пачатак...
Яна кожнага года вяртаецца сюды...
Дзеля чаго? Каб заканесерваваць надзейна ўспаміны? Пахі, колеры, адчуванні маленства? сустрэць людзей юнацтва? Большасць з ix далёка адсюль. Ці ўвогуле па той бок добрага i злога. Не, яна едзе не толькі таму, каб пакласці кветкі на ix магілы. Хаця на могілкі абавязкава ідзе...
...Можа, яна вяртаецца сюды таму, што толькі туг i было сапраўднае? Бо толькі чаканне — існае? У сапраўджаным канкрэтыка руйнуе наслойванне сэнсаў. Гармонія першапачатковая, harmonia praestabilitata, раскідваецца, распадаецца на відавочнае, веды трушчаць непахіснасць таямніц. Цуд быцця блякне ад нудоты штодзённага, рэчаіснасць запіхвае індывідуума ў натоўп, у выпадковыя соцыумы — суседзяў, сунрацоўнікаў, сустрэчных, пляжыць асобу ў чарговых гістарычных сутаргах. ...Яна ўвесь час. збіраецца ехаць. A дні бяруць у палон. Мінае зіма, ідзе вясна, пракручваецца, як у калейдаскопе, лета, надыходзіць восень. I толькі недзе прыземкам, як у палонку, яна кідаецца ў вандроўку. I, прыехаўшы, разумее, чаму нікому не дала званка. Не напісала. I не будзе спяшацца тэлефанаваць.
Яна павінна быць тут сам-насам. Любая прысутнасць канфіскуе яе галоўны скарб. Прывідны? Мабыць. Рэальны? Таксама магчыма. Але ў кожным выпадку бясспрэчна — калі нехта побач, знікае адчуванне сябе адзіным суб'ектам сярод мноства існасцяў, якія так доўга i пэўна — займаюць сваё месца — у Космасе, Сусвеце, на планеце Зямля, на гэтай геаграфічнай прасторы, з пэўнымі гістарычнымі адзнакамі.
Замкавая гара... Касцёл... Цэрквы... Пагоркі...
Горад увесь на пагорках. Скрутак вуліц, што стройным рэзрухам, ладным бязладдзем колькі ўжо стагоддзяў імчаць уніз з цэнтральнага пляца стромымі зломамі.
Гэты пейзаж пракручваецца ў яе ўяўленні як часткі Святога Ружанца. Sanctum Sanctorum. Святая Святых.
Яна магла б прамовіць, як Сальвадор Далі: горад майго дзяцінства, юнацтва i ўсяго жыцця.
...Людзі яе жыцця. Знаёмыя...
Абавязковыя візіты...
Ці блізкія ёй людзі, якім яна абавязкова надае ўвагі? Блізкія. На аддаленасці. І аддаленнасць тая не залежыць ад прасторавай дыстанцыі, што паміж імі. На cyceдняй вуліцы, у недалёкім горадзе, побач... Аддаленасць, дыстанцыя — як неабходны i бясспрэчны гарант суадносін. Гэта мела для яе надзвычайную прыцягальнасць. Не інакш. Аддаленасць рабілася абсалютам, ператваралася у самамэту, у нешта выразна эйдэтычнае.
Гукі званоў плывуць — як некалі. I гак, як тады, галсчуць вароны у восеньскі, халаднавата-адчужаны дзень. І водар гэтае пары — даўні, памятны. I сённяшні — недалёкія кастрышчы, спелы яблычны дух... Дадаецца яшчэ нешта — раней не было... Смурод ад машын... Нешта няўлоўнае... Пах часу?
I яна спадзяецца... I выракаецца ўсяго... Як тады. I як сёння. Нават смерць, што падціснулася бліжэй, на велічыню збытых гадоў — на аддаленасці непрыняцця. На нейкі час. Не in aetemum — не назаўсёды.
Яна едзе ў гэты горад, каб адчуць свой сённяшні стан як інерцыю папярэдняга руху.
Бяжыць ад будзённага жыцця? Так. Але i не толькі таму. Хоча наноў адчуць хараство свету? Пазнаць, дзе ж там, у высокай Натуры, месціцца яе местачковае ego?
Вярэдзіць пытанне — у якіх усё ж суадносінах яно з еўрапейскай свядомасцю? З усяленскім вопытам? Які спектр мае для яе святло Загадкі? Загадкі Быцця. Дзе самая найвялікшая таямніца вымагае маўчання. I самае Высокае Імя не вымаўляецца наўслыш...
Горад пачатку... Частка яе істоты. Яе існасці. Горад, у якім спрасаваліся Вечнасць i Гісторыя. I імгненні рэальнага сённяшняга жыцця. Горад, што ніколі не знікаў у яе ўсведамленні. Горад, на гербе якога быў Чорны Анёл — Анёл у ценю сваіх крылаў.