Вряд ли, гений, ты распределяешь кету
В белом доме против кооператива...
І наўрад ці геній суадносіць зямны час толькі з абмежаваным тэрмінам зямнога жыцця. Ён вызначае сутнасці ў адпаведнасці з вечнасцю Боскага, сакральнага часу. (Нават калі канкрэтна пра тое не мысліць). Хаця ў наш час рэнесанснае, даўняе, былое адчуванне часу саступае месца „асабістаму”, личностному адчуванню. Аднак нешта ад сярэдневечнага i рэнесанснага, вызначальнага на культуровым шляху чалавецтва ад Нараджэння Хрыста: ars moriendi — мастацтва памірання, мастацтва выкарыстання жыццёвага шляху, набывае новае вымярэнне: напрыклад, пошук свецкіх спосабаў дачынення да вечнасці — пасмяротнай славы.
Прыжыццёвы імідж... Гераізіраваны партрэт... Псіхалагічны, жанравы партрэт... Аўтапартрэт... (Літаратурны, жывапісны). Дзённікі, хронікі... Аўтабіяграфіі i біяграфіі... He проста апісанне, a канструяванне i рэканструяванне ў пэўным ракурсе... Уражанні ад чалавека... Ад творцы... Моманты, эпізоды, фрагменты... Стэрэатыпы... Клішэ масавых уяўленняў... Легенды... Міфы...
Так бы мовіць, нешта накшталт кананізацый свецкага кшталту... I — негатывы замест партрэтаў... Пародыі на сапраўднае...
„Аліўкі часу, успаміны...”
Гіём Апалінэр
Калі застаецца апошняя рыса ў зямным існаванні — застаюцца: творы. Застаецца i памяць — не заўсёды дакладная, часам капрызлівая, з кантамінацыямі, пераўвелічэннямі, схільнасцю да полюсных вызначэнняў.
Пасля адыходу з жыцця пачынаюць ледзь не кананізаваць творцу, выдаюць успаміны — якія нібыта жыція Святых, мітусяцца з помнікамі, музеямі, дошкамі памяці... I наадварот. Забываюць ці згадваюць зусім не адпаведна створанаму. Не спяшаюцца сабраць i выдаць спадчыну. Да гэтай пары так i не сабраная i не выдадзеная спадчына Уладзіміра Самойлы. (Тое, што зроблена У. Конанам i A. Лісам - неацэнна важна, аднак яны толькі пазначылі арыенціры даследавання i пошукаў. Ёсць звесткі, што працуюць у гэтым рэчышчы — можа, пакуль мой допіс з часопіснай публікацыі ператворыцца ў кніжную версію, з’явіцца i выбранае У. Самойлы). A Самойла — літаратар i мысленнік еўрапейскага ўзроўню! Так i няма кніжнага варыянту поўнага спіса „ Успамінаў” А. Я. Багдановіча (друкаваліся ў часопісе „Нёман” у 1994 годзе). А гэтыя мемуары маюць самадастатковую літаратурную, этнаграфічную, гістарычную важкасць, зусім незалежна ад таго, што Адам Ягоравіч Багдановіч быў бацькам Максіма Багдановіча. Так i застаўся адзіным кніжным выданнем мемуараў даўні кнігадрук, хутчэй — публікацыя фрагмента: „Страницы из жизни Горького” (Мн., 1965).
Увогуле ж — пасмяротная слава i пасмяротныя міфы i легенды — з’ява досыць стыхійная, не заўсёды пацверджаная рэальнымі фактамі творчасці. Як i няслава... Нездарма ў старажытным Рыме згадвалі: „Leonem mortuum etiam catuli mordent”. - „ Мёртвага ільва кусаюць нават шчанюкі”.
Памятаю, чытала ўспаміны аднаго літаратара. Не буду згадваць прозвішча: ён нябожчык. Хаця I. Бунін на гэны конт меўся заўважыць: „ Нябожчык? Што за чын такі?” Дык вось гэты беларускі літаратар, што пры жыцці аднаго чыноўнага нашага пісьменніка запабягаў перад ім — наўскапыта i „на полусогнутых”, раптам старанна папырскваў памыямі ў мемуарах, каб дагадзіць іншаму, яшчэ жывому, а таксама — „ўплывоваму”.
A колькі бруду i падману давялося „змываць” пазнейшым даследчыкам з некралога Эдгару По, апублікаванага пад псеўданімам душапавернікам пісьменніка Руфусам У. Грысуолдам!
Як лёгка абкатаць, абваляць у гноі факцік — падаць яго, пахіхікваючы, з „самымі добрымі намерамі”! Часам гэта робяць тыя, хто лічыўся сябрамі. Пасля смерці. Пры жыцці... Як згадваў Аляксандр Сяргеевіч Пушкін:
Уж эти мне друзья, друзья!
Об них недаром вспомнил я.
. . . . . . . . . . . . . . . .
А что? Да так. Я усыпляю
Пустые, черные мечты,
Я только в скобках замечаю,
Что нет презренной клеветы,
На чердаке вралем рожденной
И светской чернью ободренной,
Что нет нелепицы такой,
Ни эпиграммы площадной,
Которой бы ваш друг с улыбкой,
В кругу порядочных людей,
Без всякой злобы и затей,
Не повторил стократ ошибкой,
А впрочем, он за вас горой:
Он так вас любит... как родной!