Аднак духоўнае жыццё не знікае. I з’яўляюцца матэрыялізаваныя пацверджанні плёну духа. „Культура плённае існаванне” (Б. Пастарнак). I ад таго існавання ўзнікаюць творы, што даюць падставы згадаць думку Мікельанджэло Буанароцьці: „Beata l’alma, ove non corre tempo”. - „Шчаслівая душа, што не падуладная бегу часу!”
Не падуладная — аб’ектыўным, непасрэдным, самадастатковым існаваннем твораў мастацтва. I — суб’ектыўным, са-творчым успрыняццем гэтых твораў, жывой свядомасцю i актыўнай памяццю. Не падуладная бегу часу — натхнёнай творчасцю той „шчаслівай душы” i натхненнем „рэцыпіентаў”: чытачоў, гледачоў, слухачоў... Гарманічная суадноснасць, двухбаковы рэзананс, той чар, таямніца, якія даюць доўгае жыццё мастацтву (ars longa). Арыентуючыся не на актуаліі моманту (гэта асабліва выразна гучыць па-расейску „злободневность”), а на каштоўнасці sub specie aeternitatis.
I згадаю тут двух мастакоў, двух творцаў — не ўзносячы ix на п’едэсталы, не штампуючы нейкія эстэтычныя ўзоры. Зыходзячы з блізкасці ix духоўнага складу, інтэлектаў, духоўнага чуцця. З пэўных дэфініцый, звязаных з антыноміямі асабістага перажывання, інтуітыўнымі спасціжэннямі, у нечым тоеснымз са спасціжэннем сакральных тэкстаў, з непасрэдным уяўленнем сутнасцяў Быцця. З тых суб’ектыўных уражанняў, што былі ў сляпой — ці прадвызначнай? — плыні часу — сугучныя нейкаму пачуццёваму стану творцаў — са-творцаў, свядомаснай i падсвядомаснай сістэме адносін, узаемазалежнасці гармоніі i дысанансаў, логікі i алагізмаў...
І хаця тут размова пра канкрэтных асоб i — пра канкрэтную творчасць — усё гэта разам з тым: па-за прагматызмам падзейнай логікі, па-за прымітыўным тлумачэннем уздзеяння асобы i творчасці. У сферы — ідэі чыстай творчасці, у сферы — абсалюту, той вышыні, што недасягальная, але да якой імкнуцца паэты (у шырокім разуменні слова паззія: ад старагрэцкага — poiesis: творчасць).
...Памятаю гасцінны некалі дом сярод соснаў i цішыні — на Іслачы... Беларускі паэт з Польшчы запрашае слухачоў паслухаць з магнітафона спевы Данчыка (Багдана Андрусішына), на тую пару ў нас яшчэ амаль невядомага. I, мабыць. нешта ў эфекце гэтага голаса, нейкая высокая сутнасная форма, адгукаюцца ў свядомасці паэта, у значнасцях слоў яго пісьма. Паэта — Яна Чыквіна.
Лодка i вёслы. Цвітуць берагі.
Пясочак сыплецца з жмені,
Як нашага побыту час дарагі.
...Шляхі Музыкі i Паэзіі перасякаюцца. Музыка i Паэзія прыпадабняюцца адна адной. Hi музыку, ні паэзію нельга пераказаць. „... музыкі нам недаступная ідэя”, — задумаецца Ян Чыквін. I пачне — ні больш, ні менш — „будоўлю... мараў”.
І хаця Ян Чыквін па складу свайму мысленнік i філосаф, а паводле афіцыйнага статуса літаратуразнаўца, доктар навук, прафесар, выкладчык, — у пісьме ягоным, i ў непасрэдных кантактах з аўдыторыяй заўсёды адчуваецца ўсё ж менавіта гэтая вызначанасць яго натуры, яго існасці — паэт.
І калі непасрэдна вядзецца размова пра яго творчасць, i творчасць яго калег па літ’аб’днанню „Белая Вежа” — у Беластоку, у Мінску ў Доме літаратара, у Доме дружбы, яшчэ на якой творчай імпрэзе — прысутнічае не толькі непасрэдны герой урачыстасці i рабочай сустрэчы з яго непасрэдным выступлением: тут магутная прысутнасць мноства творчых актаў паэта, яго творчых эмоцый, мноства форм i сутнасцяў.
I, здаецца, звычайны шэранькі восеньскі дзень — але ён змяшчае ў сабе i навальніцу ў Беластоку, i „неонавыя кастры” Варшавы, i „даспелае сонца”, што „да плячэй паэта „туліцца”, i „сны залатыя” родных паэту Дубічаў... I „цвярозы холад пазнання”... I прадвызначаная гармонія гукаў, сэнсаў, зменнасцяў Быцця — адстароненыя мроі, адвольныя сістэмы, таемны ход імгненняў. Незвычайнае адчуванне жыцця, таямнічая матэрыя моўленага i невымаўленага, слоў i маўчання, i — моўных канструкцый, званых паэзіяй: усё нагадвае пра містычную бездань дадзенасцяў i пра яснасць i цэласнасць Знешняга Свету.
Можна браць непасрэдны ўдзел у такіх дзействах, можна не браць. Не ў тым сэнс. Часам, мне здаецца, не маючы падзейнага, слоўнага ўдзелу, не быўшы персанажам дзейства, можна адчуць i момант сустрэчы з Асобай, i той момант — стыхійны, падсвядомы — калі вы адчуваеце нараджэнне нейкага асобага свету нават i больш ярка.
А свядомасць наша не проста ўспрымае моўленае на якой сустрэчы пра Яна Чыквіна, яна — пад уплывам магнетызму яго тэкстаў, яго i нашых, чытацкіх, узлётаў думкі, гэтай высокай асабовай (личностной) свабоды i — адначасова — болю духа... Паўната быцця — i скептычная рэфлексія. Шматлікасць светасузіральных эмоцый — i самота: не тая, што вакуум адзіноты, а — мройная адухоўленасць, згусткі духоўнай рэальнасці, згусткі сэнсу.