Храналагічна быў той час, калі, з аднаго боку, творчасць Алеся Разанава пэўная частка (калі не большасць) беларускага літаратурнага атачэння ўспрымалі вельмі складана, часам — варожа, а з другога боку — створанае ім пераходзіла ад аднаго да другога, нібыта аб’ядноўвала яго прыхільнікаў, як у старажытнасці аб’ядноўваў пасвечаных абмен пласцінамі кувезнага (чеканного) золата.
Памятаю вечарыну ў Доме мастацтваў (што каля касцёла Святога Роха). I поўную залу вось тых самых прыхільнікаў: мастакоў, навукоўцаў, людзей розных літаратурных i нелітаратурных прафесій. I — двух апанентаў Алеся Разанава, побач з ім, на сцэне: літаратуразнаўцы, што спецыялізаваліся на вывучэнні паэзіі. I хаця Алесь Разанаў — паэт зусім не для вялікай аўдыторыі i ўжо цалкам не эстрадны, але гэта быў той самы выпадак, калі сабраліся „пасвечаныя”, калі творчасць паэта абуджала ў кожным сваё і набывала ў іншым тую самую асобую каштоўнасць.
У непасрэдных стасунках з людзьмі Алесь Разанаў адыгрываў вялікую ролю самім актам свайго быцця, сваей духоўнай прысутнасцю. Хаця маюць значэнне i ненасрэдныя, i дзелавыя кантакты. І такія прасветленыя моманты, як той, калі Алесь Разанаў паказваў нам у рэдакцыі здымкі: ён ca сваёй па-ранішняму маладой жонкай Галінай. (Не стэрэатыпныя фота „на памяць”, а паэтычныя выявы — яны ўдвух на лугавіне, нібыта ўвабраўшы ў сябе хараство ўсяго бачнага свету).
Калі твая будучыня
сумесціцца з будучыняю сусвету —
усе словы дарэчы,
усе ўчынкі да месца,
усе стрэлы ляцяць у цэль.
І мабыць, гэтае мае „хаця” недарэчы. Усе моманты жыцця, існавання ў часе — гэта i патаемныя трансфармацыі Быцця, духоўныя здвігі, нематэрыяльныя акты рэчаіснасці. І творчасць — чужая — становіцца часткай духоўнага існавання іншага чалавека. Дзіўная, складаная радасць, прасякнутая тугой i сумнівам. Часам — дзейсная, штуршок для ўласнага дзеяння, часам — рассяроджаная ў бясконцых пытаннях. Да суб'екта творчасці. Да жыцця. Да...
Творчасць Алеся Разанава вызначылася мноствам кніг, пункцірамі Быцця, у якіх — i прэзэнтацыі новастворанага, толькі што выдадзенага.
Скончыўся дождж.
Цякуць
адкінутыя адлюстраванні.
I зноў — натхненне чытача, слухача. Не просценькі захліп — ах! — a складаны, няўлоўны працэс, калі адбываецца нейкая трансфармацыя, свядомая i стыхійная, ад слоў вымаўленых i ад фраз, словаў схаваных, непраяўленых — калі слова значыць куды больш, як яго моўная функцыя. Калі стыхійныя, унутраныя рытмы творцы супадаюць, сутыкаюцца, перакрыжоўваюцца з рытмамі чытачоў. Усё захоплена, насычана ўтварэннямі нейкага Свету — тоеснасцяў, аналогіяў, суадносін, нейкай жыццёвай i мастацкай сістэмы, нейкіх вобразаў, што існуюць у гэтай духоўнай сферы. Канцэнтрацыя пачуццяў, духоўная сітуацыя, поўная няўлоўна-мройных уражанняў, самавыяўленняў душ — i адасабленне, маўклівая абарона кожнага ўласнага „Я”, стынь неўвасобленага, абпаленасць паўсядзённай эмпірыкай. I — адчуванне ўзнятасці на вышыню паэта. I — боязь згубіць гэтую вышыню ў сабе. I — адчуванне духоўнай рэальнасці, якая адпавядае „суверэннай асобе”.
I вось што важна i заканамерна — Алесь Разанаў ніколі не спрабуе падладжвацца пад нечыя густы — не мае на мэце нікога „выхоўваць”, клікаць (не кажу пра кан’юнктурнасць, мімікрыю, злабадзённасць), аднак з пэўнага часу беларуская маладая літаратура так ці інакш знаходзіцца ў свядомасным полі паэта, яго літаратурнага вопыту (побач з пільным углядваннем i творчым засваеннем сторанага сусветнай культурай).
Канкрэтна на гэтым пытанні засяроджвацца не буду, а вярнуся да той умоўна-эстэтычнай ноты, да таго асобага свету сутнасцяў i сутнасных аналогій, да „вызначанасці быцця”, што „насычана не адчуваннем або шматграннай матэрыяй..., а духам i ведае сябе як усю ісціну i сапраўднасць” (Гегель).
I вяртаючыся да гаго, Мікельанджэлавага, „beata l’alma” — Шчаслівая душа, не падуладная бегу часу, да „унутранай сутнасці” індывідуума i да таго, што звычайна гэта „не абыякавая адзінкавасць індывідуума, але нешта субстанцыяльнае, сапраўды ўсеагульнае” (Гегель), пазначыць, што менавіта таму i ўзнік гэты допіс. Як разважанне... Пра творчасць i творцаў... Пра сувязь падзейнага i сутнаснага... Пра вечную таямніцу таленту. Незалежнага ад падзейнай эмпірыкі. І залежнага. Ад сітуацый. Ад дзеянняў канкрэтных асоб. Ад рэалій часу. Ад складу абставін. Ад верагодных i неверагодных спружын рэчаіснасці. Ад таямнічых рухаў падсвядомасці творцы. I — незалежнага: у галоўным. У створаным. Дзе набываюць галоўную значнасць — „сэнсы маўклівых нябёсаў”. У сваей неадменнасці.