Часоп. „Тэрмапілы” (Беласток), 2003, № 7. (За подпісам: Альбіна Сямёнава).
У МРОЙНЫЯ ХВІЛІНЫ ПАДАРОЖЖАЎ
Паралелі, аналогі, алюзіі
У сваю пару, пасля вандроўкі ў Францыю, у 1978 годзе, у адной з рэдакцый я распавяла была гаворку пра нататкі. I вельмі мэтанакіраваная i дзейсная асоба імярэк паглядзела на мяне так, нібыта мне стрэліла ў голаў вырошчваць бручку ў ружоўніку. Маўляў, звар’яцела няшчасная: гэткі ашалом ад эмоцый, а тую Belle France, так бы мовіць, толькі адным вокам бачыла: што такое дзесяць дзён (ці дванаццаць)! Я сумелася i паклала накіды ў стол.
Пасля падарожжа ў Італію ў 1987 годзе зноў узяла сумніва — ўскруг усё віравала, усё змянялася кожнага дня: што тая Італія?
Але яна ўзнікала — хрэстаматыйна-знаёмая, a ў нечым вядомая толькі мне i маім спадарожнікам. Памяць вяртала — чакана i нечакана — i далёкія французскія ўражанні. I ўсё гэта пакідала адбітак на дні ўчарашнім, на дні сённяшнім, на падзеях апошняга часу.
Ды i гэтыя краіны мараў сталі, на жаль, бліжэй далека не для ўсіх маіх суайчыннікаў. Жалезную заслону адчынілі, але шляхі на Захад, ды i на Усход, перапынілі для многіх найперш эканамічныя няўладзіцы.
Тады... Тады свабода слова толькі абвясціла пра сябе, усе пафасна (пафас у былым Саюзе быў хранічны) абвяшчалі перабудову.
Яшчэ здавалася нязрушнай КПСС, яшчэ мала хто мог уявіць, што „Союз нерушимый республик свободных» лічыць апошнія гады. Незалежнасць рэспублік здавалася фантастыкай. Меркаванні, што неўзабаве падаліся б звычайнымі, тады выдавалі не менш, як крыміналам.
Тымчасам мы выракліся, адмовіліся, разбурылі. Апынуліся на руінах. Ці то будавалі новы гмах, ці то зноў стваралі паветраныя замкі.
I вяртаючыся да старых допісаў, я трымаюся гэтага сюжэта таму, што хачу знайсці калі не грунт існавання, дык хаця б нейкія зачапкі ў гэтым свеце. Магчыма, тут ёсць схільнасць да таго, што пэўным часам пазначылі было гэткім гаспадарча-інвентарызацыйным паняццем: агульначалавечыя каштоўнасці. Хаця па сутнасці зноў паперадзе інтарэсы дзяржавы.
І камерцыялізацыя асабістага. I — словы, словы, словы...
А — ва ўсе часы былі i ёсць яшчэ прыкметы быцця — сталыя i зменныя, залежныя ад геаграфіі i нацыянальнай ментальнасці i паўсюдна агульныя, пазнавальныя прыкметы, што вызначаюць проста жыццё. „Блажен, кто посетил сей мир в его минуты роковые...” Хто ведае... Што больш меціць быццё: гістарычныя ці пазагістарычныя імгненні? Калі людзі проста існуюць — радуюцца, спрачаюцца, спасцігаюць навуку, вучаць іншых, робяць, кахаюць, бяруць шлюб, мысляць, ходзяць у госці... Падарожнічаюць. Не ў перыяды ж вялікіх гістарычных змен узводзяць бажніцы, ствараюць карціны, будуюць гарады, вырошчваюць сады, гадуюць кветкі...
Восеньскі падарунак
Вандроўка ў Італію была нечаканая. Гэткі падарунак восені. Здаецца — тым самым момантам, калі пані Удача нібыта забылася нават пра тваё існаванне, а жыццё толькі i робіць, што кідае цябе ў накдаўны, i ты ўжо рыхтуешся да чарговага наканаванага хуку — а тут раптам узнікае той самы сподачак з блакітным акрайцам. Італія...
Весь груз тоски многоэтажный —
Сгинь в очистительных веках!
У галаве — мешаніна. Нейкая чаўпра з вежаў, нефаў, купалоў. Цэркваў, палацца... Каналы, гандальеры... Хаця не, Венецыі ў маршруце няма. „Кавалак неба, што трапіў на зямлю” — Неапаль — таксама заетаецца ў баку. Затое — будуць Рым, Фларэнцыя, Мілан, Балонья, Рэджо-Эмілія...
Лацыё, Умбрыя, Таскана... „Голубоватым дымом вечерний зной возносится, долин тосканских царь...” Мітусня цытат. Нейкія ўрыўкі з фільмаў дэ Сантыса, Вісконці, Антаніёні, Феліні. Слоўная феерыя Анны Маньяні, самнамбулічны позірк Монікі Віцьці, каскад рухаў Марчэло Мастраяні... Напаўзабытыя факты i даты... З Базары, Муратава, Джывелегава... I зноў — радкі, радкі, радкі...
„Omnia mutantur, nihil inferit.” A яны былі аптымісты, старажытныя рымляне. „Усё змяняецца, нічога не знікае”.
Так, безумоўна,трэба было б давесці да ладу, сістэмы факты, надсвежыць памяць, пэўна даведацца — але ўжо няма часу. Пачынаецца вандроўка. I абавязковыя няўладзіцы, неспадзяванкі, недарэчнасці. Хіба ў нас інакш магло быць? Самалёт з Мінска ў Маскву (група журналістаў, тады яшчэ СССР, вылятала з Масквы) позніцца на пяць гадзін, гатэля ў Маскве няма, патрэбнае аддзяленне Інтурыста я знаходжу, добра паблукаўшы па калідорах i холах Астанкінскага гасцёўнага комплексу. Паводле не самых лепшых традыцый не самых лепшых часоў нам паведамляюць процьму правілаў, інструкцыяў: перасцерагаюць, папярэджваюць, даводзяць „да ведама”.