І тым не менш — напаўяве, напаўсне мы аказваемся ў аэрапорце Леанардо да Вінчы, або Ф'ю Мічына. Выпраўляемся далей. Не ў Рым, a ў Остыю: чэмпіянат па лёгкай атлетыцы, усе гатэлі вечнага горада занятыя.
... Мост, перасохлая, выцвілая рачулка, як быццам нехта плескануў вады на звычайны шэры жвір. Высвятляецца, аднак, — гэта хрэстаматыйна вядомы Тыбр. Усё змяняецца? Ці проста канец спякотнага лета?
А светлы, рудавата-вохрысты колер будынкаў каля дарогі — колер „трастэверын”, колер Рыма.
Наш „Сатэліт-палас” у Остыі сціплы. Але з усімі выгодамі цывілізацыі. Асноўнае насельніцтва гатэлю падчас нашага знаходжання там — паліцыянты.
Раніцай каля гатэля — усё блакітнае i сіняе ад кашуль-уніформаў i машын: першынства свету, муніцыпальная паліцыя пачынае працоўны дзень. Пачынае свой дзень i Остыя — грукацяць жалюзі крамаў, мужчына паважна вядзе сабаку на ланцужку, жанчыны паліваюць кветкі ў лоджыях. Вуліцы чысцюткія, дагледжаныя. Лоджыі патанаюць у зеляніне. А мы, праглынуўшы кубачак кавы i булачку-расету, сядаем у наш „Італбус”, шыкоўны, з кандыцыянерамі, з аграмаднымі светаахоўнымі шыбамі.
У „Сатэліт-палас” мы прыязджаем уначы. I тое, што Остыя — старажытны горад, порт, што мора побач, мы ведаем выключна тэарэтычна. Хаця нашы гіды нас пераконваюць: не трэба засмучацца - у ваду ўсёроўна лезці нельга. Уяўляем сабе малюнак накшталт „Чырвонай пустыні” Антаніёні i супакойваемся.
У Рым. Толькі ў Рым.
... Мабыць, i ў першыя дні стварэння свету магло быць вось такое мяккае, цёплае, пахмурнае надвор'е, будзённы дожджык, што спраўна сыпле на сімвал Рыма — Калізей. „Пясок мораў i кроплі дажджу i дні вечнасці хто вылічыць?” Востры водар — туберозаў? Але ж я з тых няўдаліц, якія заўсёды гавораць: нейкая птушка, нейкае дрэва. (Прыгадваю Янку Брыля, што бязлітасна кпіў над гэтымі невукамі).
Калізей стаіць адасоблена, нішто яму не замінае. Як у часы Цэзара. Нікому не рупіць пабудаваць побач сучасны гмах. Тут маюць павагу да прапорцыяў старажытнасці, да архітэктурнага рытму Старажытнага Рыма.
Хаця ёсць i відавочная эклектыка эпох. Турыстычныя карнавальныя атрыбуты. Конь з фаэтонам. Зразумела — калясніца Геліёса мела іншы выгляд. Рамізнік у адзенні аперэтачнага вентурына, на фаэтоне — ліхтар, таксама, пэўна, не антычнага абрысу.
Ніхто з нас, праўда, не рызыкуе, не мысліць трапіць у кліенты гэтага каларытнага рамізніка: грошы нам яшчэ не мянялі, аднак калі б ліры i звінелі ўжо ў кішэнях, дык камерцыйныя нашы мажлівасці наўрад ці супалі б з таксай фурмана. Хаця — хто ж у вечным горадзе раскашуе ў экіпажах? Толькі пешшу i на самоце. Хаця i гэта — раскоша для нас. Мы зноў у „Ітапбусе”. Тэрмы Каракалы, брама Канстанціна. Капітолій. Усё змяняецца, нічога не знікае... Нібыта перагортваем выдатна ілюстраваны падручнік па гісторыі Старажытнага Рыма. Паглядзіце налева, паглядзіце направа. Мітуслівае дачыненне да вякоў....
Сярод вярхоўных рытмаў сусвету...
Ды ўсё ж — „Carpe diem”. Толькі ў такую бясхмарную раніцу Рыма i здолелі вызначыцца ў памяці шматкі чэзлай універсітэцкай латыні. Carpe diem — „Карыстайся днём”. Сапраўды. У цэнтры Рыма — ніводнай машыны. Марафонскі забег чэмпіянату свету. Пешшу — як у часы Гарацыя або Лукрэцыя. I амаль на адзіноне. Можна не бегчы, раўняючы крок з шэрагамі групы, a кіравацца крыху паперадзе або наадварот — ззаду. Глядзець на Рымскі форум (Foro Romano) збоку, зверху i менавіта тут, на Палатынскім пагорку, гледзячы ўніз, неяк раптам зрокава адчуць, што гэта — магутны дыктат Старажытнага Рыма. Пачынаеш відавочна ўяўляць carmen saeculares, ludi saecula res: стогадовыя песні, стогадовыя гульні. Адноечы на стагоддзе. A між іншым, i мудрым, i знакамітым, i дзейным здавалася, што стагоддзям Рыма не будзе канца... Як i сёння — не адзінкі, многія, і разумныя, i энергічныя, так i не ўяўляюць 1/6 частку зямной кулі інакш, як Саюз. Неабсяжны, непарушны. Мадэль — калі не светапарадку, дык дзяржаўнасці.
Усё змяняецца, нічога не знікае. На руінах Старажытнага Рыма з’явіліся першыя хрысціянскія базылікі. I не толькі першыя. Вось i бажніца Святога Пятра створана на фундаменце яшчэ тых, паганскіх, антычных часоў. I — дзіўна — але, магчыма, гэта выключна асабістае ўражанне, святыні ўжо не ціснуць на свядомасць, як гэта адбываецца з рэштамі Старажытнага Рыма.
Невыпадкова, мабыць, усе дыктатары найноўшага часу падрабляліся пад Старажытны Рым i Грэнцыю. Напалеон, Мусаліні, Гітлер, Сталін. Усё аграмаднае, вялікапышнае, каб чалавек адчуў сябе popolo minuto (мізэрным, змарнелым народам). Перадусім — алтар Айчыне рабілі ў Рыме ў XX стагоддзі i яшчэ да валадарання дучэ. 1911-ты год. Хто быў тады? Кароль Эмануіл? Але так ці інакш — гэта нейкі каменны ўздых па жалезным дыктаце імперыі. Бясконцая белая каланада, неабсяжная лесвіца, пахмурны метал вазкоў i коннікаў. Укленчы, шараговы чалавецтва...