Выбрать главу

Нейкая суцэльная эйфарыя — апошнія метры дзяржавы Ватыкана. Хаця — ў розных людзей, мабыць, свае уражанні. У некага — узвышаныя, узнёслыя ад дачынення да Боскага Святла, у некага — абумоўленыя выключна рацыянальнымі назіраннямі, у некага — пантэістычныя, ад адчування вечнасці прамяніста яснага сонца, ад якога белая каланада на плошчы Святога Пятра перад саборам здаецца пякуча белай. Ёсць i сакральнае, глыбока асабістае, пра што весці гаворку ў такіх стракатых нагатках немагчыма.

I зноў — мешаніна часоў i эпох. Руіны тэрмаў Каракалы. „In corpore sano mens sana”. Toe, што мы ўсе памятаем з маленства. „У здаровым деле здаровы дух”. Рымляне ведалі пра гэта. Пасля лазні ішлі ў бібліятэку.

...Віа Алессандро, палацца Фарнезе. Менавіта тут жыла дама барока, шведская каралева Крыстына-Аляксандра, што адмовілася ад прастола, каб прыняць каталіцтва. Тая самая, што адпрэчыла прапанову, каб яе прывезла карэта, зробленая паводле задумы самога Берніні. Яна з’явілася ў вечным горадзе конна. Як сапраўдная каралева Сеічэнта — каралева ХVII стагоддзя. Тая, перад якой адчувалі сябе падданымі нават кансакраваныя асобы. Як сведчылі многія, не хто-небудзь, Адзаліні — служка Боскі — кінуў на брукаванку сваю кардынальскую мантыю, каб каралева не сутыкнулася з брудам маставой.

Грабніца Крыстыны-Аляксандры змешчана ў саборы Святога Пятра: vixit Christina Deo annos 63 — (Крыстына, што памерла ва ўзросце 63 гадоў). Тут знайшлі вечны супакой астанкі каралевы, верніцы, што ведала 7 моў, штудыявала класікаў, валодала лепшай бібліятэкай свайго часу. Studia Divina — вывучэнне Боскага — было асноўным яе заняткам. Хаця яна любіла гарэзліва пацвельвацца: „Баўлю час тым, што смачна ем i добра сплю, вяду прыемныя размовы i ўвогуле жыву так, як мне падабаецца”. Век барока... Што ў яе словах — праўда, а што — не? Праўда — яе адрачэнне ад прастола дзеля веры... Мы ведаем — колькі людзей i якімі спосабамі дамагаліся кароны... А яе словы... Век барока... Век складаны. Велікапышны... Век не толькі каралевы Крыстыны, але i вялікіх дойлідаў: Берніні, Бараміні, Гварыні. Век з’яўлення мройлівага цуда фантанаў Рыма. (Дарэчы, вадазборы Рыма дагэтуль бяруць ваду з 12 водаправодаў Старажытнага Рыма. A самыя вядомыя з акведукаў: Аква Паола, Аква Марыя, Аква Фелічэ, Аква Вірга.)

Празрыста-блакітная „архітэктура” водаў фантана Трэві, насцярожаны спакой скульптурнай групы. Нейкае дзівоснае спалучэнне , няўлоўную яго красу не перадаюць ні фотаздымкі, ні нават кіно. Тут бы засяродзіцца наякую гадзіну... Але ж якія гадзіны!

Мы едзем на віа Aпia, знакаміты — хаця што ў Рыме не знакамітае? — Апіевы шлях. Пасля ўладарна-цяжкай антыкі Рыма, магутнага ўплыву Кватрачэнта i Чынквечэнта, пышнасці барока, Апіевы шлях здзіўляе нейкай хатняй утульнасцю сваіх маштабаў (як i Тыбр), негарадскім выглядам віл, што патанаюць у зеляніне. Тут цяпер раскашуе сённяшні патрыцыят i набіліят — фінансавыя каралі, зоркі кіно i сцэны. Цішыня такая, нібыта яе пазычылі з мінулых стагоддзяў. Быццам i няма побач аграмаднага сучаснага Рыма, яго мітусні, шуму, затораў на вуліцах. Яго турыстаў.

...На пляцы Іспаніі славутай лесвіцы амаль што не відно: сядзяць, стаяць, ляжаць — нейкае сяйво з людзей. I якім часам здымалі фільм пра дзяўчат з гэтай плошчы? Там лесвіца заўсёды была амаль што пустая. Ці часы — іншыя?

Сама плошча маленечкая. У Еўропе, здаецца, увогуле за выключэннем антычнага Рыма, няма аграмадных плошчаў, якія так здатныя майстраваць у нас. На савецкай — у сваю пару — i постсавецкай прасторы. Ад плошчы разбягаюцца вулачкі. Здаўна тут, паводле сведчання яшчэ П.В. Аненкава, любілі жыць іншаземцы. Тут была кватэра М. В. Гогаля, на віа дэль Крочэ. Непадалёк, на віа Кандоцьці, улюбёная кавярня пісьменніка. Анфілада невялічкіх пакояў, з люстрамі i канапкамі, a напрыканцы — цёмная, змрочная зала. У ёй — партрэт Гогаля, цытата ягоная, аблямаваная рамкай: факіміле.

Ці ёсць у Рыме сляды нашага Мікалая Гусоўскага? Нават зірнуць на эпітафію ягонага сябра i мецэната Эразма Вітэмуса не ўдалася: мы не былі ў бажніцы Святой Марыі дэль Попала.

Не пабачым, не паспеем, не прадугледжана праграмай. Нібыта прысуд. Асабліва калі ўлічыць, што жылі мы ўсё ж у Остыі.

Хаця нашы чычэроне як маглі спрыялі нам.