I ў астральных інстанцыях відавочна спрыялі нам. Мы трапілі не проста ў la grassa (тлустую) i la dotta (вучоную) Балонью — яна заўсёды была вядомая сваім дабрабытам, практыцызмам, цвярозасцю, вучонасцю, але амаль што ў Балонью тых стагоддзяў, якія зрабілі яе знакамітай.
На плошчы каля бажніцы Святога Петронія — трывожны i выразна рытмічны гук. Бубны. I хлопцы, апранутыя ў адзетак сярэднявечных цэхаў. Яны падкідвалі высока два штандары i на меншую вышыню — астатнія. Рытуал? Гульня? Спаборніцтвы? Hi Анна-Ліза, ні наша Ніна Аляксандраўна не ведалі. І ў гэтым была свая акраса. Свой чар. Можна было даць волю фантазіі i дадумваць усё, што заўгодна. Лепш усё ж ведаць? Мабыць, мабыць... Што мы пэўна ведалі — ў Балоньі вельмі ганарацца тым, што сабор Святога Петронія большы за Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ. Адценне суперніцтва прысутнічае не толькі ў гэтым.
Кожны ў Балоньі ведае, што ў ix горадзе ёсць усё, чым знакамітая Італія, або амаль усё: свае пахіленыя вежы Торрэ Азінэллі i Торрэ Гарызенда, ёсць цэлы комплекс раманскіх бажніц — Сан-Стэфано, адпаведны пляц: пяці святыняў. Ёсць свой універсітэт. Ён, праўда, ніколі не быў такі знакаміты, як Падуанскі, але заснавальнікамі яго былі юрысты, людзі, якія ведалі цану рэчаў i з’яў. Між іншым, у ХVIII стагоддзі, напрыкпад, Балонья ўвогуле славілася сваім асяродкам i спосабам жыцця: прыгожымі жанчынамі, разумнымі размовамі, шчодрымі вячэрамі, канцэртамі знакамігых майстроў. Ва ўладаннях Святога Пасада яна лічылася другім горадам пасля Рыма, a мясцовы кардынал быў другой асобай пасля Папы.
З Балоньяй так ці інакш былі сутычныя Рафаэль, Мікельанджэла, Карэджа, Гётэ, Стэндаль, Шэллі. Яна не мае таго рамантычнага мройлівага арэолу, як Фларэнцыя, няма тут манументальнай грунтоўнасці Рыма, але Балонья прыгожая цяжкаватай, устойлівай прыгажосцю — горад у лагчыне, вузкія прамыя вуліцы (планіроўка рымскага ваеннага лагера); будынкі з бясконцымі галерэямі (порцікамі) — тут, відаць, добра рабіць праходкі падчас дажджу. Усё надзейна, трывала, але не ўражвае аграмаднасцю i незвычайнасцю. Галоўны горад вобласці Эмілія-Раманья i правінцыі (раёна) Балонья. З 1943 года — адзін з цэнтраў італьянскага Супраціўлення.
A ў Парме, як i паўсюдна ў Паўночнай Італіі, усё дагледжана, уладкавана. Спакойна. У цэнтры горада можна толькі хадзіць пешшу або ездзіць на веласіпедах. Усё падобна на дэкарацыі са спектакляў паводле п'ес ці то Карло Гоццы, ці то П'етро Арэтына, ці то Джавані Ручалаі. Невераемнага хараства гаўбцы, адмысловыя ліхтары, франтоны — ўсё кідаецца на фотаплёнку. Але засяродзіцца на Рэнесансе, згадаць, параўнаць — гэтага мы сабе дазволіць не маглі. Подбегам — не інакш. Аднак мы паспелі пабачыць казачна прыгожы баптыстэрый (хрысцільню) з цёплага, ружовага мармуру, з венецыянскімі вокнамі, з галерэямі вакол усяго будынка. Брама ў рай, а не баптыстэрый. Бажніца жаўтавата-халоднага тону, вельмі хораша глядзіцца побач з баптыстэрыем, але ўсё ж галоўнае ў ансамблі — хрысцільня i храм. Бажніца, дарэчы, толькі з адной вежай, на другую не хапіла грошай, у італьянскіх папаланаў i нобіляў бывалі нявыкруткі з грашмі: знаёмыя абставіны.
A ўсяму свету вядомую пармскую цытадэль мы не пабачылі, яна на другім канцы горада, a нашы гіды саступалі нам да пэўных межаў.
У вогуле ж у нас пра Італію існуюць (ці да нядаўняга часу існавалі) выключна рамантызаваныя i залітаратураныя ўяўленні: Старажытны Рым, Высокае Адраджэнне, барока, Гарыбальдзі, „Маладая Італія”... Ну, яшчэ абытоўленыя ўражанні паводле неарэалістаў, магнетызм экзістэнцыяльных празарэнняў Антаніёні, праўда i містыфікацыі „фільмаў-эпістал” Феліні, антрапамарфізм i высокі акадэмізм Вісконці... Складаныя псіхалагічныя высновы Васко Праталіні, эксперыменты Таніно Гуэрры... Гэткае карнавальна-святочнае бачанне: тэатр Ла Скала, фестывалі ў Сан-Рэма, тэатр моды Ніны Рыччы... Менш, i здаецца, не толькі я, мы ўяўляем будзённую Італію, Італію справы. Тую, што заняла апошнім часам устойлівае месца сярод сямі вядучых дзяржаў свету. (Хаця апошнім часам — сумесныя вытворчыя прадпрыемствы, гандлёвыя фірмы, экспарт, імпарт... Час змяняе многае, i змяняе істотна... Сёння вандроўка ў Італію, нягледзячы на чэргі-натоўпы ў італьянскай амбасадзе, зусім рэальная з’ява...)
Чы по фарэ сконта,
альбо што які кошт мае
A ў Італіі, краіне пераможанай у Другой сусветнай вайне, было сваё эканамічнае дзіва. Як у ФРГ. Як у Японіі. Як сёння ў Кітаі.
Італія... Краіна, якая капітулявала. Краіна пераможаная. Але i краіна-пераможца: магутны рух Супраціўлення.