Выбрать главу

Toe даўняе жыццё ішло пэўным, зададзеным нібыта самой натурай рытмам. Лета доўжылася некалькі месяцаў, не праскоквала гарачым бензінавым пеклам. Былі канікулы: бясконцыя, бесклапотныя. Можна было рабіць усё, што зажадаецца. Сноўдацца бясконца па парку i ваколіцах, чытаць кніжкі, сядзець на ўлюбёнай лаўцы пад касцёлам, хадзіць да касцёла, ляцець сгрымагалоў на Замкавую гару. Стаяць доўга-доўга — у праёме вежы i адчуваць вецер, які ляцеў здалёк i тут увачавідкі даводзіў, што ён — рух паветра. Рух быў заўсёды імклівы, свавольны i нібыта даказваў няўмольна, што жыццё — таксама рух. I яна адчувала тое фізічна, усёй істотай. Нібыта існаванне вось у гэтыя хвіліны набывала свой сутнасны сэнс, а сутнасць кандэнсавалася ў моманце.

Пасля таго бязмежнага лета надыходзіла восень — непаспешліва, спакваля. I шкаленне здавалася разумнай зменай, натуральнай, патрэбнай. Пачыналі выбіраць бульбу, лістота спакойна ўбіралася ў вераснёва-кастрычніцкі цвет, на гарышчы пахла штрыфелем i грабштэйнам, над печчу падвісалі вязкі цыбулі. Ваколле поўнілася злагадай, паспакайнелым сонечным светам. Ставілі другія рамы, мылі аконныя шыбы, варылі журавіны з ігрушамі, сушылі грыбы. Журавы зацягвалі сваю шчымліва-развітальную коду. Ba ўсім было адчуванне законапарадку прыроды. Дзень не драбніўся мітуснёй, поўніўся зменшанай даўжынёй сваёй. Саступаў месца доўгай ночы. А спакойная цеплыня — ліставею. Прымаразкам.

Зіма таксама не абрыналася знянацку, a прыходзіла — чаканая, светлая, снежная. Снег полуднем на гасцінцы заўсёды падтаваў, але горы, пагоркі меліся быць густа заснежанымі, парк стаяў нечапана белы, а клёны, што звісалі насупраць ix дома над студняй i дарогай, набывалі суцэльна казачны выгляд. Каляды i Новы год, а вясной — Вялікдзень надыходзілі пад канец чвэрці, кантрольныя зазвычай ужо адбыліся, адзнакі выстаўленыя, усе рыхтуюцца да святаў: ладзяць яліны, фарбуюць яйкі, пякуць, смажаць, вэндзяць. Рыхтуюць маскарадныя строі. Розрыўка канікул. Бібліятэкі. Кнігі. Санкі. Драмгурток. Вечары...

...Усе былі заняты сваёй справай. Маці хадзіла на працу, Ніна, a пазней — Зося — паліла ў печы i гатавала. Дана хадзіла . ў школу. Зіма, лета, восень — кругазварот адбываўся ў тэмпе i рытме, зададзеных адвеку, упэўнена i цвёрда. Аднастайнасць была адзнакай жыццёвага парадку. Не ператвараючыся ў сумоту, яна, гэта аднастайнасць, нібыта нагадвала пра той вобраз, што мы трымаем у сваім усведамленні — ідылію. I неяк зводзіла на нішто крыўды, няўладзіцы, боль.

Ці гэта ружовы падман памяці? Салодкае мроіва з-за завесі гадоў? A быў — звычайны распарадак правінцыі? I для Даны ён выдаваў прыдатным пачаткам жыцця. I яна яшчэ ўспрымала гэты кругабег як адну са шматлікіх фігур жыццёвай дыстанцыі, уяўляючы, што сваім намаганнем зможа выбіраць варыянты — простую лінію i актаэдр, трохкутнік i спіраль. Гармонія — адзіна магчымая выява светапарадку, лічыла яна. Апакаліпсіс, катастрофы — гэта адбываецца на біблейскім, гістарычным прасцягу. Адно чалавечае жыццё можа i прамінуць тыя катаклізмы. Вайна — была. У раннім маленстве. Усявышні не можа дадаваць шмат выпрабаванняў на адно жыццё.

Маці хутчэй за ўсё гэтай гармоніі не адчувала. Для яе той кругабег, мабыць, быў калаўротам дзён.

Душа рэчаў

З ранку да вечару маці была ў судзе. A людзі па звычцы заходнікаў ішлі любым часам i да хаты. „Пані адвакат, маю да Вас інтэрас”. З таго „інтэрасу” маці рана займела гіпертанію. „Святар, лекар i адвакат не маюць права адмовіць, калі ix просяць”, — прамаўляла яна. Грошы ад таго таксама не вяліся. Што? Яна?! Па-за працай будзе браць ганарар? З каго? Маці прыгадвала які выпадак з практыкі. Як хлопчык ухапіў бохан хлеба са стала гаспадыні, дзе рабіла яго маці: у сваёй хаце з голаду заходзіліся плачам тры малодшыя дзяўчынкі. „Грамадзяне-суддзі, пашкадуйце мяне, як я пашкадаваў сваіх сястрычак”,— даводзіў ён у сваім „апошнім слове”.

Маці абуралася: „I я буду браць грошы?” I ехала з апеляцыямі ў абласны суд i ў Менск — у Вярхоўны суд. „Паводле 55-га” — быў такі артыкул у кодэксе. У перакладзе на мову звычайную гэта мела на ўвазе: без грошай, без ганарару. Да працэсаў маці рыхтавалася, як да экзамену — не, як да прэм'еры, бенефісу. Штудыявала матэрыялы справы, чытала прамовы Цыцэрона, Коні, Плевака, Спасовіча, Аляксандрава, Карабчэўскага... Згадвала вершы — паэзію вельмі любіла, да прозы ставілася досыць прахалодна. Пакрыёма цытавала Біблію.

Маці мела поспех i кліентуру. Ездзіла i ў Баранавічы, i ў Ліду, i ў Дзятлава, i ў Гародню. Тамтэйшыя юрысты меркавалі, што па справах непаўналетніх у ix калегіі адвакатаў ёй не было роўных, тое ж пацвярджаў Яша Найман з суседняга класа. Яго меліся судзіць за крадзеж зброі — i Яша скрушна згадваў: „Ледзь было не расказаў усё. Ну, умее...”