Адзетак быў на маці заўсёды, што з голкi зняты. Чорная спадніца, белая шыфонавая блузка з нейкімі выштукаванымі складкамі. Або строгая ліловая сукня з крыпсаціну. I яшчэ нейкія строгія, бэжавыя, шэрыя, белыя, бэзавыя — заўсёды аднакалёрныя — строі. I самы прыгожы, на погляд Даны, гарнітур: шыфонавая чорная сукенка з набіўнымі, далікатпага абрысу, кветкамі — i белае паўпаліто з воўны. Паліто пазывалася труакар. Заўсёды высокі абцас, панчохі, нават калі ўсе млелі ад спёкі. „Суд — установа сур'ёзная”, — мелася тлумачыць маці. Учасанне ў яе было не падобнае ні да кога. Як на здымках i карцінах канца — пачатку стагоддзя: высока паднятыя, забраныя з усіх бакоў валасы, адзін да аднаго. Божа барані, аніякіх свавольных кудзерцаў.
Дану маці прымушала плесці косы, каб аж валасы трашчалі, ніякіх гарэзлівых пасмачкаў, на патыліцы снежна-белыя банты.
Усё павінна было, паводле ўяўленняў Вольгі Станіславаўны, блішчэць i зіхацець — вопратка, хата, бялізна. Маці не давала фарбаваць падлогу — яе мылі гарачай вадой з мылам i драцяной шчоткай. Чатырнаццаць вёдраў на другі паверх, чатырнаццаць — назад. Бялізну, абрусы, сурвэткі — маці мыла сама, устаючы гадзіны ў чатыры раніцы. Была ў ix хатняя гаспадыня. Але Ніна глядзела на патрабаванні абсалюту як на дзівацтва пані — а хай яна спрахне, тая белізна. Калі толькі надыходзіла пара мыць, Ніна пачынала, як цяпер кажуць, гнаць карцінку прыгнечанай істоты. „Увесь свет насілля мы разбурым...” Ніна ляпала дзвярыма, грукацела вёдрамі, у яе псаваўся настрой, i яна з пакрыўджаным выглядам пазірала, як яе пані ўвіхаецца каля балеі i падкідвае ў печ дровы. Няхай гаспадыня сама таго шыку дабірае. I калі пані, засопшыся, прасавала сукенку i прыбірала ліхаманкава валасы, каб паспець у суд, Ніна касавурылася i чакала яе адыходу. I калі ўрэшце пані адвакат бегма бегла ў суд, Ніна здымала бак з бялізнай з печы, падкідвала дровы — хай сабе гараць, вунь колькі бярозы назапашана — i клалася падрамаць на сваю канапку. Потым шла „правіць візіт” да Палонскіх, што жылі насупраць. Потым варыла — дзень пры дні, лета, восень, зіму, вясну — кіслую капусту. I прыйшоўшы з працы, маці пачынала з таго, на чым прыпынілася а палове восьмай. Пра дапамогу Даны пакуль што гаворкі не было. „Рукі як граблі”, — Нінчын прысуд быў канчатковы i безапеляцыйны. A маці — проста шкадавала дачушку.
Стомленая, спрацаваная, маці рабіла пад добрую ноч. Назаўтра, недзе як паласкаць бялізну — рабілі гэта каля студні, на вуліцы, у Ніны выпраўляўся настрой, i яна ўсчыняла такую беганіну, што памосціны лесвіцы стагналі, нібыта выконваў практыкаванні звяз салдат. Паласкаць, развешваць, пільнаваць бялізну — о, тут аказваўся непадробны імпэт. А яшчэ большы энтузіязм граў у жылах Ніны, калі яна пякла пірагі i булкі. Асабліва, як гаспадыня была дзе-небудзь у камандыроўцы. Пірагі ў Ніны былі смачныя — тут яна i гаспадыні не саступіла б, у яе вучылася. I цэлая лаганка печыва вандравала праз дарогу да Палонскіх. Ніне падабалася заскочыць да ix, перакінуцца словам, да таго ж, да ix часам наязджаў пляменнік з Рыгі, i Hiна мела на свае мыслі пэўную надзею. Валік з Брацянкі, называў сябе на тамтэйшы балцкі лад Валдысам, печыва цаніў, але з'ехаў — ні пылу, ні следу. A Ніна доўга яшчэ бегала з булкамі да суседзяў. I дзьмулася, як толькі надыходзіў дзень мыць бялізну. Ці парадкаваць хату.
А хата... кватэра — была для маці яе крэпасцю, яе кастэляй, яе рэальным апірышчам, набыткам, гонарам, прытулкам не толькі целу, a i душы. Тры светлыя, прыгожыя пакоі. Напачатку i маці, i Дана спадзяваліся, што адзін, асобны, будзе або кабінетам маці, або пакоем Даны. Але такія вольнасці былі не ў пашане, i маці аддала гэты асобны пакой удаве Луізе Генрыхаўне. I засталіся два сумежныя i кухня — агульная, але метраў пад трыццаць, з двума вокнамі, з вялізнай печчу, i гэткай духавой шафай — хоць ты сам у яе садзіся. I пакоі — святліцы, з тым самым відам на замак. Два акны i гаўбец — у адным, шырокае акно — у другім. Прыгожыя кафлянкі-печы. Шафы для кніг, дубовая шафа для адзення. I — гонар Вольгі Станіславаўны, гасцінны гарнітур — дзве вузенечкія высокія шафы, між імі зялёная канапка, а над ёю — авальная люстра. I высознае, пад самую столь, люстра ў аздобе з чырвонага дрэва.
Яны знайшліся нейдзе на хутары. Легенда, а не мэбля.
Маці выправілася неяк у камандзіроўку, на паказальны працэс у вёсцы. Стала на кватэру ў самотнай, статэчнай жанчыны. Калі вячэралі, тая дастала фоткі — ці не ведаеце? У маці мову адняло. Яе маладыя бацькі з незнаёмымі людзьмі. Здымак жанчына не аддала, нават адбіць копіі. А на гарышчы ў скрынях, сярод рознага ламачча, паказала разбраны гарнітур. Пылу на ім нагрусвацілася гэтулькі, што быў ужо не пыл нават, а зямля. Грошай за схоў жанчына браць не хацела, але маці паклала нейкую суму на рахунак i завезла ашчадную кніжку. Кніжка зрабіла ўражанне.