A маці рупілася з хатай. З задавальненнем запрашала гасцей. Пэўна ж, на тую пару ў ix мясцінах мала хто мог пахваліцца такім інтэр'ерам. Маці — барані Бог — праўды нікому не аказвала, a прыдумала вельмі верагодную байку: купіла з „трафейнага” дабра. Тым больш што шафа з надпісам на дзверцах „Emil Bartel. Mübel” на самой справе была прыдбаная такім чынам.
Вольга Станіславаўна засталася здаволеная — фантастычны выпадак, нешта з былога вярнулася. Хай сабе не котлішча, але нейкаке гняздзечка ёсць.
...Прыехаўшы на Беларусь напрыканцы вайны, у свой горад яны трапілі не адразу, a вярнуўшыся, з паўгода жылі ў судзе, дакладней — у юрыдычнай канторы маці. У вялікім пакоі быў пісьмовы стол i некалькі зэдлікаў — матчын „кабінет”. Занавесаю з паркалю была аддзелена „кватэра”: два ложкі i стос валізак пад покрыўкай — тут табе i стол, i камода, i шафа. Урокі Дана рабіла або на стоўчыку, паставіўшы да яго маленькі нізенькі ставец, або на „камодзе” . Сталаваліся зазвычай на матчынам рабочым стале, палуднавалі — што над сігнал трывогі. Крыху зеванулі — i кліенты пачыналі барабахаць у дзверы.
Увогуле суд месціўся ў катэджы, дзе да вайны, да 39-га, „за польскім часам”, жыў адзін з тутэйшых адвакатаў. Ix было ці не дванаццаць. Горад меўся цэнтрам ваяводства, і, дарэчы, амаль усе лепшыя дамы належалі адвакатам i натарыусам. За лапік зямлі тым часам судзіліся ледзь не ўсё жыццё.
Цяпер у судзе на першым паверсе быў доўгі калідор, дзе тоўпіліся людзі, налева — канцылярыя маці, направа — зала пасяджэнняў, вялізны доўгі пакой, перароблены з ранейшых двух. За ім маленькі пакойчык, у якім Дана ніколі не была, менавіта туды „суд накіроўваўся дзеля нарады”, як абвяшчаў суддзя. Там выносілі прысуды. Маці заставалася ў зале. „Выступленні бакоў” адбываліся тут. Маці была адным з „бакоў”.
Напрасткі па калідоры быў пакой сакратарак i справаводаў — прыёмная, а па абодва бакі прыёмнай — кабінеты суддзяў, першага i другога ўчасткаў. У адзін з гэтых кабінетаў Дана ўвайшла ўпершыню толькі праз шмат гадоў — падзякаваць суддзі, што прыехаў на пахаванне маці. А тады — тады для яе надзвычай прыцягальны быў прыёмны пакой: аграмадныя шкляныя дзверы вялі наўпроста ў сад. Ці то пад час вайны разабралі веранду, ці то не паспелі пабудаваць. Гэта былі не вокны-эркеры, a менавіта дзверы, шырачэзныя, з дзвюма дзверцамі i акном пасярэдзіне. Мелася ў доме яшчэ былая кухня з печчу, на старасвецкі лад прасторная кухня. Прыстасаваць яе, дарэчы, да казённай карысці было цяжка. Усюды толькі дзверы — i адно вузкае акно на пакой метраў трыццаць пяць: мабыць, пан адвакат i пані адвакатова лічылі, што кухарыць можна i ў прыцемках. Дык функцыянальнага прызначэння кухня не займела i засталася, так бы мовіць, дадаткавым калідорам, побач з якім быў маленькі пакойчык, што ўвесь час мяняў сваё прызначэнне, як i два пакоі мансарды.
Пракуратура месцілася асобна ў двухпавярховым будынку. Стаўленне да гэтых служак закону сярод судоўцаў было насцярожаным, a тыя, падобна, лічылі менавіта сябе асноўнымі носьбітамі ісціны i ўлюбёнцамі Феміды: карычневы мундзір, блішчастыя гузікі i недаверлівы позірк. Пракурор з гучным прозвішчам Трубецкі ставіўся з сумнівам нават да самой прафесіі Данчынай маці. „Вось ты, Вольга Станіславаўна, — цадзіў ён, ты абараняла солтысаў, старастаў, розных фашыстоўцаў. Гэта таму, што не член партыі. Не разумееш, што абараняць варожы элемент — гэт-та...” Ён шматзначна падымаў палец.
У маці ўзлятала брыво, яна моўчкі адкрывала карабок „Казбека”. Ведала, што людзей з НКУСа i пракуратуры лепш слухаць моўчкі.
Трубецкі неяк увесь час стаяў на шляху Вольгі Станіславаўны. I нават калі ёй далі пуцёўку ў Кіславодск, ухапіў сабе, хаця ўрачы забаранялі — толькі што пасля інфаркту. Ён так i не паглядзеў на той Кіславодск: памёр пад час палёту...
Усё гэта толькі фіксавалася ў памяці Даны, сам Трубецкі быў чалавек нецікавы. A маці сябравала i з гэтымі людзьмі ў мундзірах. Былі ў яе сяброўкі.
Цікавы для Даны быў судовы сад. Зімовы — калі Азарэвічы толькі прыехалі, белы цалік. Судовым не было часу на шпацыры, іншыя не насмельваліся шыбаваць без дай прычыны па садзе гэтай установы. Аснежаныя прысадзістыя яблыні, зусім замеценыя кусты парэчак. A ўвесну сад рабіўся празрыста-ружовы, светлавата-зялёны, i судовыя сакратаркі, Ядзя i Марыля, хадзілі садам пад час перапынкаў у працэсе. Астатнія чамусьці дымілі цыгарэтамі па сваіх пакоях — баяліся збыцца гонару, ці што? Быў адзіны выпадак-выключэнне, але гэта было пазней...