Да лета Азарэвічы з'ехалі з судовай „кватэры”. Аднак сад надоўга застаўся ледзь не прыватнай уласнасцю Даны — у судовых былі свае садэ, як казалі ў ix краі, ці службоўцам было не да збору садавіны: кірмаш побач, танны, багаты. Адным словам, парэчкі i маліны з куста ела Дана колькі хацела. A парэчкі былі i белыя, i чырвоныя, i чорныя. Выбірала Дана белыя, пераспелыя, нават крыху падвялыя, салодка-кіславатыя. Яблыкі раслі тут нейкага зімовага гатунку, летам былі, што камень, Дана не вельмі давала ім рады. Удома хапала наліву i малінаўкі, штрыфелю i грабштэйну, a ўзімку — папяровак.
Так засталося ў Даны ўяўленне пра суд як пра нешта хатняе, звычайнае i — чужое. Хатняе — не так ад таго, што яны там жылі, як ад самога будынка — утульнага катэджа, на самавітае i прыватнае жыццё. Чужое... Таму што Дана ніколі не дабрала да стадыі зацікаўленасці тым, што адбывалася ў будынку. Закон — у гэтым слове было для яе нешта далёкае i жорсткае. Суд. Прысуд. Дана ўяўляла пакаранне толькі справядлівым, але тое, што пачынаюць дзейнічаць катэгорыі свету пагрозлівага i таямніча-варожага, выдавала бояззю: кодэкс, прэзумпцыя невінаватасці, падсудны... Некага забілі, некага ашукалі, нехта рабаваў, нехта латраваў... Яна інстынктыўна адстранялася ад гэтага. Ніводнага разу не ўвайшла падчас працэсу ў залу суда... I не ведала, што гэта было — суцэльны эгацэнтрызм ці натуральнае стаўленне натуральнай істоты? Пазней, калі Дана ўжо толькі наязджала ў свой горад, дык не любіла прыходзіць у суд яшчэ i таму, што павінна была ўвасабляць палепшаны, квінтэзіраваны, матчын стандарт. Гарнітур, паліто, капялюш, пальчаткі — усё павінна было быць у лепшых традыцыях сям'і Азарэвічаў. „Ты памятаеш Чэхава?” І ў тэатр, i на візіт, i на службу i ўдома каля печы — трэба апранацца адпаведна — i ніякіх капотаў наросхрыст або пакамечаных спадніц. Ці аксамітавых сукенак на кірмаш — так меліся фарсіць жонкі вайскоўцаў. Праўда, памылак сваіх папярэдніц 39-га года яны не паўтаралі: тыя шыкавалі ў начных кашулях па горадзе, лічачы ix за святочныя строі. Дасюль на гэны конт хадзілі здзеклівыя анекдоты.
Дана разумела маці. Але прыязджала яна пад час адпачынку, каб мець нейкі пярэдых, i эстэтычныя атурны даставалі ёй дух. Потым яны паразумеліся — візіт перад ад'ездам. Свой час ягадзе, свой час баравіку. А да таго Дана хадзіла па хаце i ў парку i на замку ў вузкіх нагавіцах i нейкіх блузах i свэдрах — кампрамісны варыянт: i ёй зручна, i маці не супраць.
На вакацыях i пад час адпачынку Дана прыглядалася да здымка, што быў навідавоку: бацька ў цывільным гарнітуры стаяў, абапершыся на стаяк з кветкамі; бацька ў вайсковым убранні разам з маці, а Дана стаіць паміж імі; бацька глядзіць з-пад палёў капелюша — загадкавы, таямнічы, знаёмы i незнаёмы, як герой фільма. Маці не вельмі ахвотна гаварыла пра яго, вобраза ідэальнага бацькі i героя збройнай справы не рабіла, але нічога кепскага таксама не згадвала. Дана магла выдумляць сама...
Свае ж уласныя карані маці хавала i ганарылася імі. Маці Вольгі Станіславаўны памёрла, калі ёй было восем год, а бацька, дзед Даны... О дзед! Дзед прыехаў сюды разам з імі. Ці хутчэй — яны прыехалі разам з дзедам. Называлася гэта — спецыялістаў накіроўваюць на вызваленую тэрыторыю. Спецыялістам была маці. Здаецца, яе не вельмі каб хацелі сюды выпраўляць: шосты пункт анкеты не адпавядаў высокім запатрабаванням. Там стаяла б/п, беспартыйная. Не зусім той спецыяліст. „Недаспецыялізаваны спецыяліст”, — пасміхаўся дзед. Дзед быў не проста беспартыйны. Горш — некалі сасланы. Пра тое не гаварылі нікому.
Сілуэты i постаці
Да свайго горада, да Беларусі была доўгая дарога. Праз Сібір. Праз багаты горад Растоў. Праз станцыю з язычніцкай назвай Варажба. Ехалі таварнякамі. Нават i на платформах. Галоўнае ўражанне ў Растове — вялікі шыкоўны кірмаш. Сорак чацверты год, яшчэ ідзе вайна, яшчэ карткі на харч i талоны на адзетак. А тут што табе абрус самабраны. Белыя булкі, пернікі, рыба, сыры, ікра. Яблыкі, ігрушы, слівы — ix Дана бачыла ў свае шэсць год упершыню, як i ікру. Увогуле столькі наедку бачыла ўпершыню. Колькі гэта ўсё каштуе, нават не мела значэння. Аказвецца, магло быць гэтулькі харчу.
Прыпыніліся ж у Растове з-за Данчынай хваробы. Жнівень, спёка, a ў яе ангіна.
У Варажбе чакалі цягніка. Вакзала не было. Туліліся каля нейкай разбуранай хаты. Трагедыі руінаў Дана яшчэ не ўсведамляла, успрымалася толькі казачна-райскае: жыццё наўпрост пад жнівеньскімі зорамі, у садзе, поўным белага наліву i спелых вішняў. У Растове ёй купілі адзін яблык, а тут можна было раскашавацца, што ў раю. Зоры былі яркія i здаваліся добрымі i цёплымі. Здавалася яшчэ, што маюць яны нейкую патаемную сувязь з пладамі саду. Плады віселі на галінах i ўжо гатовыя былі асыпацца — месяцова светлыя яблыкі i загадкава цёмныя вішні.