A ў дарозе дзед распавядаў пра ix родны край. Якія там людзі. Як увесну ўсё цвіце, a ўлетку спее садавіна i гародніна. Зімой там няма лютых маразоў, летам — спёкі, a восень — улашчаная Богам, залатая, багатая.
...У свой горад яны прыехалі ўжо зазімкам, надвячоркам. Святла ў хатах яшчэ не палілі, дамы стаялі цёмныя, пагоркі — пад снегам, i Дане падалося: едуць нейкім тунэлем. Па-за часам. Па-за падзеямі. Недзе існаваў іншы свет, карыстаў плён перамогі, ачомваўся ад паражэння, прыкідваў набыткі ад нейтралітэту i адкрыцця Другога фронту. Вёў рахунак ахвяр, страт, болю. Недзе грымелі маршы перамогі i гралі мірныя вальсы. Недзе. Тут былі толькі гурбы снегу — i цішыня.
А да свайго горада быў яшчэ адзін — Вілейка. Казалі — Старая Вілейка. Бо недзе існавала i Новая.
У Вілейку прыехалі зусім уначы. На хаду з платформы раскідалі рэчы, праз увесь перон. На хаду — замаруджаным, павольным — дзед скокнуў на землю i прыняў на рукі Дану. Дзед быў зусім сівы, але спрытны, хударлявы, высокі. I вочы невыцвілым блакітам пазіралі на ўсіх халаднавата i снакойна.
Да дзедавага сябра яны i рушылі ў Вілейцы. Матчына накіраванне было ў Маладзечна, i яна цалюткі год ездзіла кожнага дня туды i назад. Затое для Даны гэта быў год казкі маленства. Дзедавы сябар быў каморнікам i жыў ва ўтульным старасвецкім доме. Вялізная кухня, гасцёўня з узорыстай кафлянкай, паўпусты дзіцячы пакой, спальня гаспадароў i пакойчык, дзе сталі жыць Азарэвічы. Ix вокны выходзілі на вуліцу, у гародчык з бэзам, a ўсе астатнія вокны ў доме глядзелі на сад. Ён быў такі ж, як пазней судовы: пасярэдзіне — агарод, у судзе здзірванелы, a паабапал, паўз плот, прысады, альтанка з блакітнаватых хвоек i лаўка з акуратным столікам. Вербы, ліпы, бэз i півоніі. А двор паміж хатай i свірнам — зялёны-зялёны. Газон — гэта слова Дана тады пачула ўпершыню.
Электрычнае святло было толькі зрэдзьчасу, i ўвечары ўсе збіраліся спачтку ў кухні, а потым — у гасцёўні. Ca столі побач з жырандоляй звісала на ланцужках парцэляновая 10-лінейная лямпа. Дана з малодшай дачкой каморніка Светай разглядвалі малюнкі ў кніжках, слухалі, што ім чытаў дзед. Вера Аляксандраўна, гаспадыня, нешта шыла, цыравала або чытала. Яе муж, Андрэй Мікалаевіч, або чытаў нешта сабе, або гуляў з дзедам у шахматы. А найчасцей яны шлі з дзедам з хаты i вялі нейкія свае размовы. I не любілі, калі ix слухалі. Маці часцей за ўсё прыязджала позна ўвечары з Маладзечна, перакусвала i клалася спаць. Яна была заўсёды стомленая, тоненечкая, як свечка.
Там упершыню Дана па-сапраўднаму адчула свята. Каляды, Новы год, Вялікдзень. На Каляды былі цукеркі з амерыканскіх падарункаў, пячэнне, a галоўнае — яліна, з сапраўднымі свечкамi. A тыя цукеркі доўга віселі на ёлцы ў прыгожых абгортках — разам з цацкамі, i дзяўчаткі паглядалі на ix зусім не як па сапраўднае рэчыва. Затое калі напярэдадні свята ў кухні пачынала разгортвацца дзейства, тут яны, нягледзячы на пост, не тое каб ласаваліся ад душы, але добра ўваходзілі ў смак — пост доўжыўся круглы год. А тут нешта тэрмінова прадаваласся, нешта выменьвалася, з-за нейкага заробку маці сядзела ночы ў працэсе — i вынікам быў падсмажаны парсючок — хоць не спi ўжо да канца Адвэнту, i ахвяра Веры Аляксандраўны — усмажанае кураня. Толькі пазней Дана заўважыла, што знікла, як не было, матчына сукня колеру „фрэз”, i дзедавы фрэнч, i яшчэ нешта. Але ж на свята цуды не мелі канца. Ці не самым вялікім цудам былі пірожныя „безэ” залацістага колеру, не, яны былі колеру дзіцячай мары ўзору 1945 года. Потым, калі прысмакі можна было набыць любым днём, крамныя, бела-ружовыя „безэ” здаваліся Дане ненатуральнымі, нібыта толькі падробка пад тыя, сапраўдныя „безэ” Веры Аляксандраўны.
Да святу дзед навучыў дзяўчатак „паланэзу”, вершам... «Падаюць сняжынкі, дыямснты-росы...», «Мой родны кут, як ты мне мілы...”. Вера Аляксандраўна рыхтавала Святлане блакітную сукенку. Дана цвёрда трымала сябе — у яе ёсць адзетак: камбініраваная з сінім сукня, на ўсе выпадкі жыцця. Дана не мела моды на зайздрасць: ёсць дык ёсць, няма дык няма. Енчыць не будзе, выпрошваць — тым больш. Але паводле калядных канонаў напярэдадні свята з'явілася чараўніца. „Таксама адвакатэса”, — мовіла пра яе Вера Аляксандраўна. На вачах у аслупяненых сведкаў яна раструшчыла сваю сукенку i сфастрыгавала Дане святочны ўбор: чырвонае з белым крэпдэшынавае плацце i аграмадныя белыя банты. Усе цуды не запозніліся, як гэта здаралася пазней у яе жыцці, усё было ў пару. „Канцэрт” прайшоў над нечуваныя воплескі прысутных.