А самае прыемнае было, мабыць, пазней. Дарослыя вярнуліся да сваіх спраў, a ў Святланы з Данай доўжыліся Каляды: ялінка, рознакалёрныя свечкі, амерыканскія дарункі — да цукерак далучыліся яшчэ дзве шакаладкі i два пачкі пячэння. І прыгожая кніжка з малюнкамі на польскай мове — адна на дваіх. З прозвішчам аўтара, што гучала таямніча i надзвычай прыгожа: Шарль П'еро.
Летам, калі Азарэвічы наважыліся ад'язджаць, панаехалі, так бы мовіць, былыя насельнікі дзіцячага пакоя. Двое сыноў i дачка Таццяна. Выправіліся вучыцца яны якраз перад тым, як Азарэвічы прыехалі ў Вілейку. Дзед спісваўся, як ён гаварыў, са спадаром Андрэем. Тэлеграфаваў. Атрымаў згоду на прыезд.
„Якое паветра”, — глыбока ўдыхаючы, паўтаралі адно за адным маладыя гаспадары. Яны выпроствалі рукі, удыхалі доўга-доўга, нібыта пілі прастору. На тую пару Дана не ўяўляла задухі вялікага горада i не магла зразумець: паветра i паветра, пpa што тут весці гаворку. Aлe новыя дарослыя ёй падабаліся. Асабліва Таццяна — высокая, ясная, з русай касой вакол галавы. Ці надавала яна ўвагі сяброўцы сястры? Дана на тое i не зважала, не бегала за Таней, не шукала яе сімпатый, не назаляла — Дане было проста прыемна адчуванне блізкасці гэтай красуні, падабалася бачыць яе, ведаць, што яна недзе тут, непадалёк. Не шукаючы сустрэч, не разлічваючы на нейкія стасункі, Гэта засталося на ўсё жыццё — ніколі не шукаць знаёмства, калі нехта падабаецца. Калі здараецца сустрэча i сімпатыя самі сабой — выдатна, не — значыцца, так i павінна быць. Дана не ведала, што гэта — фаталізм ці то лянотнасць i інерцыя натуры. Але плішчом у сябры не лезла. I не заўсёды любіла, калі ёй навязвалі сваю таварыскасць.
Тым часам перад самым ад'ездам Азарэвічам далі на нейкі час службовую кватэру. Маці па-ранейшаму ездзіла ў Маладзечна, ад'язджаў, каб даведацца, што там, на радзіме, дзед. Дану вырашалі аддаць у садок. Гэта было відавочным гвалтам яе свабоды, на розум Даны. I дзяўчынка вырашала пытанне проста: пералазіла цераз плот садка i прыходзіла дамоў. Але там з'явілася Ніна. Каб весці гаспадарку i пільнаваць Дану. Ніне было гадоў васемнаццаць, была яна з вёскі, з „паненкай” вырашыла ладаваць адносіны выключна з пазіцыі моцы, найперш фізічнай. Першы дзень гаспадарання Ніны быў азначаны поўнай хатай дыму. Ніна смажыла бульбу на голай патэльні — удома ў яе зроду ніхто бульбу не смажыў. варылі, пяклі ў печы. „Гэтага панскага заводу ў нас не было”, — пачала яна i асеклася. Хацелася застацца ў горадзе — дык што яна, не засвоіць тую навуку? Другой падзеяй першага дня гаспадарання Ніны было высвятленне адносін з Данай. Ніна спавядала i ведала адну навуку выхавання, на яе погляд, бясспрэчную — добрую поўху. Дана была прызвычаена да падвышэння тону i натацый. Таму, атрымаўшы аплявуху, Дана, сцяўшы зубы, кінулася абараняць свой гонар. Дужая дзеўка Ніна, пра яе суседзі гаварылі: „Хоць у воз запрагай”, адкінула Дану, што шчанюка, i абаронца свайго гонару бразнулася патыліцай аб драўляную канапку. I — страціла прытомнасць. Менавіта ў той момант, як маці з'явілася ў хаце. Ніне было моўлена, каб яна ніколі пальцам не кранула дзяўчо. Усе высвятленні адносін толькі праз дзеда або Вольгу Станіславаўну. Дане было загадана слухацца Ніны.
Дана як магла потым пазбягала Ніны. А тая, меўшы вялікую хэнць шчыкнуць па носе або адхвастаць ганарлівую „паненку”, даводзіла ёй вусныя прысуды: квёлая, гнілая, тоўстая. Першыя два азначэнні з поваду таго, што Дана часта хварэла на ангіну. Апошняе — у параўнанні з бледнымі i худымі, што чарацінкі, пасляваеннымі адналеткмі — мала хто еў сытна — дагледжаная, з тварам ружова-вяршковага колеру Дана не адпавядала агульным „стандартам”. Маці звяла добрую частку свайго гардэробу i ездзіла па камандзіроўках, але „дзіця” было сытае. Калі Ніне зусім ужо карцела дапячы Дане, яна пачынала выводзіць рэчытатывам: „Паненэчка мала, рана дысей устала...” Што падкрэслівала эксплуататарскі сэнс Данчынай істоты i перавагу сялянства Ніны.
Дана вяла, так бы мовіць, лінію грамадзянскага непаслушэнства. Ніна, калі не было дарослых, мелася ўчыняць хатні дыктат. Дана касавурылася i вяла сваё. Тым часам Дана пайшла ў школу, на другую змену, i Ніна мела абавязак сустракаць яе. Дана вынаходліва шукала маршруты, вядомыя толькі ёй адной, i шыбавала дамоў з сяброўкамі. Злацешылася Ніна, калі Дана заліла сваё белае цыгейкавае футра чарніламі. „Во, глядзіце, нягодніца! Пястунка матчына!”. Дана не апраўдвалася. Што зробіш, даводзіла сваё блазнюкам-хлопцам, што дражнілі яе. Дана выліла ім на галаву ўсю сваю „непралівайку” — былі такія чарніліцы. Пацярпела i сама, але ж дражнілкі скончыліся. Ніхто нікому не жаліўся: закон гэты правілі ўсе.