Выбрать главу

Алена раўнадушна глядзела навокал. Пасля позірк яе, скамянелы і быццам сонны, спыніўся на вінтоўцы, што была ў руках чырвонаармейца. Ён, зорка гледзячы ўверх, старанна цэліўся. Яна бачыла стрыжаную патыліцу, мокрую ад поту кашулю, што пабялела на лапатках, чорны ствол вінтоўкі, што намацваў там, уверсе, нечае жыццё. Яна не адвяла ад чорнай рулі позірку і тады, калі, некалькі хвілін углядаючыся ў замоўклую званіцу, чырвонаармеец заўважыў яе і, з палёгкаю ўсміхнуўшыся, падміргнуў зеленаватым вокам, на які падаў пышны бялявы чуб:

— Укокал паразіта, га?

Яна, не зразумеўшы, маўчала. Чырвонаармеец, ускінуўшы вінтоўку на плячо, запытаўся:

— Нешта ты не падобная па манашку. Ты адсюль? Алена адмоўна паківала галавою — цяжкай, непаслухмянай.

— А чаго тут сядзіш?

— Сына майго тут забілі,— глуха прагаварыла Алена, ірвануўшы з галавы хустку.— Вось тут якраз. Са званіцы скінулі. Бачыш, пляма вунь?

Яна гаварыла, не верачы ў тое, што вымаўлялі вусны. Усё, нават словы, што выціскала яна з сябе, было ненатуральнае, як быццам гаварыла і рухалася за яе нейкая іншая сіла, нехта вымаўляў тыя словы і рабіў тыя рухі.

— Сына? — недаўменна агледзеў яе чырвонаармеец.— Маладая ты нібыта.

Яна сціснула вусны, паглядзела яму прама ў вочы. Ён апусціў галаву, падумаў.

— А ідзём з намі, калі ў цябе тут нікога няма. А з гэтымі,— ён кіўнуў на кляштар,— мы пасля разбяромся. Сваіх паклічу, калі што. Ну?

Сястра Антоля спалохана цікавала са старожкі. На двары было пуста, нібыта ніколі не ступала тут чалавечая нага. Па белай штукатурцы званіцы зверху павольна сцякаў струменьчык крыві.

Алена ўстала.

— А страляць навучыш? — запыталася яна раптам.

— Чаго, чаго? — не зразумеў ён.

— З вінтоўкі страляць. Во з такой.

Яна працягнула руку, чырвонаармеец крыху павагаўся, даў ёй вінтоўку. Няўмела трымаючы яе і крыху пабойваючыся, Алена зрабіла крок наперад.

— Крыху абвыкнеш — будзеш страляць як снайпер! — адабральна кіўнуў баец.— А то лепей за повара пойдзеш. У нас якраз аднаго забіла, на дурніцу неяк. Ды не бойся! Пагавару з камандзірам, як ты пацярпеўшая ад гэтых гадаў. У крыўду не дамо болей!

...У маі наступнага года да невялікага сельскага касцёла, з узорыстымі вітражамі, тонкімі гатычнымі вежамі, збудаванымі з шэрага каменю з ружовымі пражылкамі, і раскошнай, хаця крыху аляпістай ляпнінай унутры, пад'ехала фурманка. Два чалавекі сядзелі ў ёй — раённы ўпаўнаважаны НКВД і жанчына ў цёмнай шарсцяной спадніцы, у шэрай вязанай кофце. На маладых скуластых яе шчоках не было ні крывінкі, вялікія зеленаватыя вочы блішчалі. Яна скочыла з фурманкі лёгкім, пругкім рухам, кінула лейцы спадарожніку.

— Пасядзіце тут.

— Глядзі, Алена! Лепей пойдзем удваіх. Сама ведаеш...— пачаў быў упаўнаважаны — малады хмурны хлопец з густымі бровамі, што сыходзіліся ў адну лінію, у цёмным пінжаку і кашулі, што была зашпілена на ўсе гузікі да самага горла.

— А вы не турбуйцеся, Барысавіч. Я ж — загавораная! — нядобра ўсміхнуўшыся, Алена пайшла да касцёла па мяккай маладой траве, цвёрда, але пругка ставячы ногі ў карычневых паўбоціках. Яна спакойна прайшла ў цемру касцёла, на імгненне прыжмурылася, але тут жа зоркія яе вочы агледзелі калоны з пазалочанымі завіткамі і ўзорамі, прытворы і прастору перад алтаром, што ішла ў падкупальную вышыню, і спынілася каля далёкай калоны, дзе, схіліўшыся перад постаццю Езуса, высокая стройная жанчына ў цёмным збірала агаркі ад свечак. Толькі што, відаць, скончылася служба, у невялікім памяшканні было задушліва, пахла ладанам, воскам і чалавечым потам. Пачуўшы крокі, нязвыкла ўпэўненыя тут, звонкія, яна падняла галаву, пасля рэзка выпрасталася, трымаючы ў руках жоўценькія, падталыя свечачкі.

— Што, думала, не знойдзем цябе?

Жанчына не адказала. Яна толькі азірнулася назад, але Алена апярэдзіла яе.

— Зараз не ўцячэш. Ідзі!

Жанчына нялоўка, з намаганнем, каўтанула сліну. Яна была па-ранейшаму прывабнаю, толькі пад вачыма залеглі сінія ценпі ды крыху апусціліся куткі тонкіх вуснаў, і каля іх прарэзаліся тоненькія, але дужа прыкметныя маршчынкі.

— Ну, што стаіш?

Высока, на хорах, музыкант, відаць, спрабуючы інструмент, націсііуў на педаль, і працяжны, адзінокі гук прымусіў уздрыгнуць абедзвюх жанчын.