Выбрать главу

— Усё,— з палёгкай уздыхнуў сакольнік. Ён перавёў пагляд на князя Усяслава: напружанне амаль сутаргава сцяла яго малады твар, высокі лоб быў сабраны ў зморшчыны, вочы, не адрываючыся, глядзелі ўдалечыню. Пасля ён махнуў сакольніку, але той і сам заспяшаўся: чэліг натужна махаў крыламі, а заяц, ужо напалову знясілены, яшчэ тузаўся. Сакольнік з цяжасцю вызваліў яго з вострых кіпцюроў раз'ятранай птушкі, кінуў у лазовую клетку. Ястраб, адарваны ад здабычы, незадаволена кружыўся над імі, але, паваблены Усяславам, неахвотна паляцеў да князевай рукі і сеў на аксамітавую, шытую сухім золатам пальчатку.

Ціхі, лагодны восеньскі дзень плыў над прасторамі. Полаччыны. Няяркае ўжо сонца мякка залаціла выжараную за лета пожню, кроны каржакаватых бяроз, што дзе-нідзе стаялі ў полі. Цёплы вятрыска амаль неадчувальна кранаўся ўспацелых ад дзікай гонкі твараў.

Паляўнічых было няшмат: князь Усяслаў, сакольнік Чарэня з памочнікам ды чатыры грыдні, кожны з якіх меў прывязаны да сядла вялікі берасцяны кораб з дзіркамі, дзе сядзеў сокал альбо ястраб. Паляванне было малое — князь не вельмі любіў пыхлівыя выезды, дзе было шмат людзей, ганчакоў, коней, і ўсё гэта крычала, гаўкала, іржала, так што паляўнічыя птушкі пасля палявання трымцелі і адмаўляліся ад ежы. Аднойчы нават здарылася бяда: адзін з ястрабаў, прывязаны ў спешцы заблізка да лепшага дзікамыта [2] зжэр таго, так што раніцай ад птушкі, за якую было аддадзена намытчыку [3] столькі кун, што за іх можна было купіць хату ды некалькі кароў, засталіся толькі косці ды пер'е. За гэта сакольніка Чарэню білі лазінамі, але на пасадзе сваёй пакінулі — з усіх сакольнікаў ён найбольш падабаўся кпязю, бо характару быў буйнога і нястрыманага, але з птушкамі працаваў адменна.

— Гаспадзін, павярнём назад? — прапанаваў Чарэня, справіўшыся нарэшце з ястрабам, які біўся ў яго на плячы, чэпка трымаючыся кіпцюрамі за суконны каптан сакольнага. Верхні аплік каптана быў абарваны, з-пад сіняга сукна выглядала льняная кашуля, багата вышытая чырвонымі нітамі. Буйныя светла-рыжыя кучары выбіваліся з-пад саламянага брыля, падаючы чырвонаму ад сонца твару з яснымі сінімі вочкамі і амаль белымі бровамі выгляд зухаваты і непераможны.

— Рана яшчэ. Пяць зайцаў — не здабыча,— незадаволена адказаў князь.

Высокі, з магутнымі плячамі, ён ладна сядзеў у сядле, і шэрыя яго вочы былі ясныя, свстлыя, а галоўнае — спакойныя, і, гледзячы на яго, нельга было думаць, што імя яго прамчыць, як дзівосная камета, праз стагоддзі, адгукаючыся ў летапісах, паданнях, у бессмяротным «Слове аб палку Ігаравым» — то захапленнем, то смяротным жахам, то нянавісцю, ад якой, здаецца, палымнеюць знешне бясстрасныя словы, што пісалі летапісцы ў ціхіх келлях. Пакуль за плячыма Усяслава быў толькі паход на торкаў і той — пад камандай ненавісных яму Яраславічаў, і вялікія намеры яшчэ спелі ў ім, як спеюць зярняты ў буйным коласе, што згінаецца пад летнім ветрам і градам.

— Назад скакаць — доўга. Далёка мы...— ціха адказаў Чарэня, баючыся разгневаць Усяслава.

— Прывык паш Чарэня штовечар да нейкага князя і яго саколкі бегаць, вось і цягне яго ў Полацак,— не вытрымаў нехта з грыдняў.

— Да якога князя? Якой саколкі? — недаўменна падняў бровы Усяслаў.

Чарэня спунсовеў, мову ў яго як адняло.

— А дзяўчына якая! —. асмялеўшы, зноў загаварыў той жа грыдзень.— Што волат! Ей бы толькі на чале войска крочыць.

— Што, і праўда саколку якуго нагледзеў? — цікаўна загаварыў Усяслаў, стрымліваючы разгарачанага пагоняй каня. Яго шэрыя вочы пранізліва ўпіліся ў Чарэню, і сакольнік, які збіраўся ўсё адмаўляць, печакана для сябе сцвярджальна кіўнуў галавою:

— Нагледзеў, княжа.

— У каго?

— У твайго памытчыка, гаспадзін.

— У памытчыка? У Няжылы? — прыпамінаў князь.— У яго ж дзеўчанё яшчэ!

— Дзеўчанё! — засмяяўся Чарэая.— Не-а, яна ўжо дарослая дзяўчына, адно кепска — бацька не хоча аддаваць яе за мяне, кажа, што занадта дураслівы я.

— Дураслівы? Нічога! — як узгарэўся Усяслаў.— Затое лепшы сакольнік у княстве! Хай толькі паспрабуе адмовіць на гэты раз!

— Гэй вы! — крыкнуў ён грыдням.— Даганяйце!

I, як шалёны, памчаўся назад, бязлітасна сцябаючы каня плёткай. Грыдні, падхапіўшы свае карабы, ірвануліся за князем. Ведалі — калі нешта ўзгарыцца яму, зробіць як захоча, няхай давядзецца загнаць каня, сябе ці людзей — усё роўна яму. Пацямнеюць вочы, шалёны бляск загарыцца ў іх — і бывай спакойнае жыццё,— днямі будзе прападаць на паляванні, або нястомна аб'язджаць гарады ў княстве, або сам паедзе на збор дапіны, каб прасачыць, ці не ашукваюць яго цівуны...

вернуться

2

Дзікамыт — ястраб, што ліняў (мыціўся) па волі.

вернуться

3

Памытчык – паляўнічы, заняты ловам паляўнічых птушак.