Выбрать главу

...Душачы ашалелых ад жаху курэй і разганяючы сабак, маленькі атрад з гіканнем пранёсся па вуліцах Полацака. Таропка адскоквалі ўбок купцы, што нядаўна зачынілі свае лаўкі і паважна вярталіся дадому. Здалёк здымалі шапкі і кланяліся вятшыя людзі і чадзь.

Памытчык Няжыла мясціўся пепадалёк ад Дзвіны, пад абрывам, парослым падбелам, блёкатам, кустамі бруслёну. Сонца села ў цёмна-сінюю хмару — нябесную ладдзю,— і з ракі патыхала халаднаватай вільгаццю, а ўнізе, яшчэ ледзь-ледзь прыкметны, закурыўся белаваты туман. Таму дзверы хаты былі зачыненыя — няроўны час, прынясе нядобрага чалавека!

Грыдні ўзбеглі на ганак, з усяе сілы загрукалі ў дзверы, абабітыя жалеззем.

— А каб вас Пярун,— захрыпеў з сенцаў мужчынскі голас.

— Каго там нячыстая сіла нясе? — высока падтрымаў мужчыну жаночы крык.

— Адчыняй! Князь Усяслаў!— крычалі грыдні. Тады паспешліва загрымелі засаўкі, і гаспадар, у адных портах і доўгай кашулі, вылецеў на ганак, нізка кланяючыся, запрашаў у хату, шыпеў на сваіх, каб далі святда. Ярка ўспыхнулі ў жалезных заціскачках святочныя лучыны, што запальваліся толькі падчас Купалля і Ярылы, гаспадыня з дачкою замітусіліся ля стала, накрываючы на стол белы абрус.

Багата і чыста жыў памытчык — стол і лавы дубовыя, моцныя, печ пабеленая, а падлога не земляная — жоўтыя дошкі так і блішчаць, як нацёртыя воскам.

У бажніцы нядрэмна зіркае на гасцей Пяруні Род і ражаніцы стаяць вакол яго. Вокны не бычыным пузыром зацягненыя, а слюдзяныя, і ў покуці — гэта таксама заўважыў Усяслаў — ляжалі скруткі бяросты і свярдзёлак, каб выводзіць на бяросце літары граматкі ці запісы. Малайцы палачане,— узрадаваўся ён,— яшчэ нядаўна дзяцей у школку не загнаць было, таму што палохаліся тутэйшыя людзі чарнарызнікаў — манахаў, што вучылі дзяцей грамаце. А цяпер у школцы і сына рамесніка ўбачыш, не толькі баярскіх дзяцей! Вялікім, магутным княствам робіцца Полацкая зямля, добрае семя кінуў у зямлю бацька яго, Брачыслаў!

— Сядайце, госці дарагія, за стол,— соладка заспявала гаспадыня, нізенька-нізенька, да самай зямлі, кланяючыся князю. Ён і не заўважыў, калі на абрусе пастаўлены былі драўляныя місы з халоднай дзічынай, загустай [4], мочанымі брусніцамі, сырам, адкуль выцягнулі жанчыны бочачкі, дзе пеніўся духмяны квас.

— Ну за стол дык за стол,— Усяслаў першы палез пад бажніцу, з асалодай удыхаючы пах дзічыны. За ім — грыдні. Чарэня сеў з краю, але еў мала, усё азіраўся на гаспадыню і дачку.

— Ну, пакажыце нам сваю красуню,— наеўшыся, князь павярнуўся да гаспадара.— А то ходзіць тут, ходзіць...

Дзяўчат у хаце было дзве: высокая, мажная, белатварая, з вялікімі, крыху выпуклымі вачамі, і другая — маленькая, чорнавалосая, з апушчаным поглядам, якая не спыняючыся хадзіла ўзад-уперад па хаце, перад сабой трымаючы скураную пальчатку, на якой, шчыльна захутаная ў конус-пялёнку, сядзела птушка. З конуса адно тырчала птушыная галава, маленькія вочкі былі напаўзакрытыя, толькі час ад часу выблісквалі яны злосным, непрымірымым святлом.

— Дачка мая — гэтая, Малінай зваць яе,— паказаў Няжыла на высокую, якая падавала на стол (тая закрылася рукавом, пачуўшы, што гаворка ідзе аб ёй).— А гэта — пляменніца.

— З пляменніцай пачакай, а вось гэтую пакажы. Ці баішся нас, чырвоная дзявіца?

Бліскучае, як у сарокі, вока, што выглядвала з-за рукава, сажмурылася. Дзяўчына апусціла рукі.

Паласаты андарак шчыльна ахопліваў магутпую яе фігуру, белая каса спусцілася на плячо.

— Нашто ж мне баяцца цябе, княжа? Ты ж не воўк і не мядзведзь. Дый ад тых не заўсёды бегчы трэба.

Маці ад печы зашыпела на дзяўчыну, але Усяслаў падняў руку, і яна замоўкла.

— Адкуль ты ведаеш, які бывае воўк ці мядзведзь?

— Чаго ж мне не ведаць? Вунь, бачыш? — яна паказала рукой на лаву — там ляжала мядзведжая шкура — вялізная, калматая. Здавалася, мядзведзь, расставіўшы лапы, спіць.

— Што, сама ўпалявала?!

— Нягож!

Чарэня глядзеў на дзяўчыну з любасцю, і яна, зіркнуўшы на яго, ледзь прыкметна ўсміхнулася.

— Ды ну! — не паверыў Усяслаў.— Няўжо такая дужая?

— А ты паспрабуй! — з годнасцю адказала дзяўчына.

Няжыла ў страху заплюшчыў вочы: Маліна смела падышла да маладога князя. А той шчыльна ўзяў яе за локці, паспрабаваў прыўзняць. Але напружынілася дзяўчына — і як гара каменная: не скрануць яе з месца!

— Та-ак, дапраўды,— з павагай сказаў Усяслаў, адпускаючы яе. Бацька за спіной князя грозна нахмурыў бровы — дачка, сагнаўшы з твару міжвольную ўсмешку, кінулася прыбіраць са стала, толькі каса матлялася па спіне.

вернуться

4

Загуста – гарохавая каша.