О, як даўно гэта было! Няма цяпер храма Перуна, няма старога жраца. Толькі ў апоншія гады свайго жыцця асмеліўся Брачыслаў зруйнаваць храм, і то пасля выгаднага саюзу з Кіевам, калі надта ўзмацнела яго ўлада і сіла. Усё жыццё марыў ён зрабіць гэта, каб навекі згінула выдумка пра тое, што жонка яго, прыгажуня Звеніслава, нарадзіла сына ад змея, ад валхвавання, а яшчэ — каб уладаром зямлі Полацкай быў толькі ён — адзіны. Кажуць, стагнала зямля, калі руйнавалі храм — спачатку развялі пад чырвонымі вежамі вогнішча, а пасля лілі на распаленыя глыбы ледзяную, крынічную ваду. Крыве-Крывейту не забілі — недзе бясследна згінуў ён. I вось, аказваецца, не прапала яго семя, узрасло гэтай шчуплай дзеўчынай з глыбокім грудным голасам, і дзе ўзрасло — у хаце памытчыка Няжылы!
— Чаму я не ведаў дасюль гэтага? — сурова запытаўся ён у гаспадара, які, калоцячыся ад страху, стаяў у дзвярах — у чыстай белай кашулі, з тварам, на якім былі бачныя толькі выцвілыя, цяпер чорныя ад жаху вочы.
— Адзіная пляменніца мая,— мармытаў Няжыла,— адзіная! А ты б забіў яе, княжа, як загадалі забіць Крыве-Крывейту. А гэта грэх, грэх вялікі! Не простая яна дзяўчына. Жыццё і смерць прадказвае, жывое ратуе. Нядаўна вылечыла ад смерці майстра Радзіма, а шклавару Абсею прадракла тры тыдні мучэнняў вялікіх, перш чым памрэ ён. I што ж — усё спраўдзілася! Крыкам крычаў ён, не паспявала жонка паіць макавым адварам, каб трохі лягчэй было!
— То, можа, і мне скажаш, ці доўга жыць буду? — пільна ўглядаючыся ў Расанку, спытаў Усяслаў.
Яна кіўнула Няжыле, на хаду перадала яму заснуўшага ястраба. Той схапіў конус-пялёнку дрыжачымі рукамі, захадзіў па хаце. Грыдні, з якіх даўно саскочыў хмель, амаль не дыхаючы, глядзелі на ўсё, што адбывалася ў хаце.
Дзяўчына падышла да Усяслава, узяла яго за руку, быццам слухаючы, як магутна ідзе па жылах кроў-руда, як стукае сэрца. Доўга ўглядалася ў вочы. Ведаў Усяслаў, што погляд яго прымушае людзей баязлівых затрымцець, як у ліхаманцы, а смелых — уздрыгнуць, апусціць вочы, але тут адчуў ён у чорных, крыху пашыраных зрэнках Расанкі сілу, што была непадуладная яму.
— Праўдусказаў бацька: жыць табе і жыць! — крыху сумна сказала яна.
— А табе? — ужо весела запытаўся Усяслаў.
— Мне?— яна задумалася.— Мне нядоўга адпушчана. Твайго жыцця на шэсць маіх хопіць...
Сустрэліся іх погляды зноў — і першым апусціў вочы Усяслаў. Ніколі гэтага не бывала раней. Ці таму, што праўду адчуў у яе словах, ці таму, што стаміўся на паляванні. Відаць, сапраўды стаміўся...
— Паехалі!— загадаў ён грыдням.— А ты рыхтуйся да вяселля!
Гаспадар дагодліва сагнуўся ля дзвярэй. Баяўся ён Усяслава, надта баяўся. Тросся сёння і за дачку і за пляменніцу. Але, хвала багам, усё, здаецца, абышлося. А вяселле... Ну што ж, Чарэня не самы горшы жаніх. Спадзяваўся хітры Няжыла на баярскага ці, на крайні выпадак, на купецкага сына, але і княжацкі сакольнічы — не апошняя спіца ў калясніцы...
Грыдні мігам падхапіліся з-за стала.
— А ты куды? — спыпіў Усяслаў Расанку, якая, накінуўшы на сябе цёмны суконны плашч, таксама заспяшалася да дзвярэй.
— Спазнілася я з-за вас сёння, бачыш, вунь Чагір пахаладнела, раса выпала!