— Варажбой пойдзеш займацца? А ведаеш, што за гэта можа быць?
— Епіскап на плошчы праклён прачытае? — Яна ледзьве ўсміхнулася.— Што мне тыя праклёны, калі са мною зоркі гавораць?
— Самі зоркі? — насмешліва сказаў Усяслаў.— Ці не многа бярэш на сябе, дачка Крыве-Крывейты? Можа, табе мужа добрага пашукаць, каб забылася ты на глупствы, каб добрых дзяцей раджала? Колькі гадоў табе?
— Калі вялікі голад быў, сонца спаліла рунь — ці памятаеш расказы, якія знаменні былі?
— Калі неба расчынілася і воін на чырвоным кані ва ўсе бакі быў відзён?
— Дапраўды так. Вось у той год нарадзілася я.
— Тады, значыць, табе... Шаснаццаць — і не маеш мужа?!
Бліснулі белыя, як часначынкі, зубы. Твар Расанкі з упалымі шчокамі пакруглеў, шэрыя вочы заіскрыліся:
— Сокал мне не суджаны, а певень нашто? Вось такі! — яна кіўнула на Чарэню. Той уздрыгнуў, але нічога не сказаў. Затое азвалася Маліна. Выступіла, нібы закрываючы яго сваім целам.
— Певень-певень, але яго і наўе [10] баіцца!
— Твая праўда!— ласкава зірнула на яе Расанка.— Даруй, што жаніха пакрыўдзіла. Затое слухай вось што: што сёння возьмеш — да скону тваё будзе. Глядзі толькі ў расе ногі не вымачы, бачыш, ветах які яркі!
Ад гэтых слоў нават бясстрашная Маліна адступіла назад, а гаспадыня спалохана схапіла яе за руку, нібыта баялася, што сапраўды пойдзе дачка пад ветах, памочыць ногі ў расе і шчасце сваё тым загубіць. Але тая вырвалася, падышла да Чарэні, ласкава ўсміхпулася яму:
— Не бойся Расанкі. Яна добрая. Два гады жыву ў адной хаце, а зла яшчэ ад яе не бачыла.
— I не ўбачыш. Пайду я хутка ад вас, не стану перашкаджаць.— Расана шчыльней загарнулася ў плашч.— Дзякуй, княжа, за тое, што не стаў мяне судзіць-вязаць, як усюды цяпер валхвоў судзяць. Казала яму,— кіўнула яна на Няжылу,— каб не баяўся цябе, не будзеш ты на яго гневацца, што сірату прывеціў. Не паверыў, відаць, дзядзька: да апошняй хвіліны тросся...
— За цябе ж тросся,— прамармытаў Няжыла, задам адступаючы да дзвярэй, каб даць дарогу князю і яго грыдням.
Цёмна было ўжо на дварэ, і толькі буйныя зоркі высыпалі пад Дзвіною. Грыдні запалілі лучыны, але Усяслаў загадаў ім патушыць агонь. Коні мерна хрумсталі аўсом, цярпліва чакалі гаспадароў. Драмалі вуліцы, толькі ў рэдкіх хатах там-сям мільгалі слабыя водбліскі святла ды ў княжацкіх харомах свяціліся вокны грыдніцы і святліц — там чакалі гаспадара. Драўляныя цэрквы цямнелі тонкімі абрысамі шатаў, узвышаючыся над горадам, вокны епіскапскага палаца былі расчынены, адзінока гарэла свяча - відаць, епіскап рыхтаваўся да заўтрашняй казані.
Прама над галавой Усяслава няярка гарэла Кол-зорка — да яе прымацаваны зоркі, што перамяшчаюцца па небе, толькі яна адна ніколі не сыходзіць са свайго месца. Шалясцела ўнізе рака, мякка штурхаючыся ў берагі. «Добры руен [11] стаіць сёлета! — думаў Усяслаў, мерна гайдаючыся ў сядле.— Добры ўраджай — значыць, купцоў многа наедзе ў Полацак. I мёду сёлета шмат, колькі ж гэта бяркоўцаў можна прадаць у Візантыю? Купцы — гэта вагавае [12], урокі [13], гэта тавары і, галоўнае,— напаўненне казне. А багатая казна — значыць, ужо хутка можна будзе прыступіць да справы, аб якой марыў яшчэ Брачыслаў — будаваць каменную Сафію тут, у Полацаку. Нездарма ж ён званы зняў з Ноўгарадскай Сафіі, нездарма паходы наладжваў — мацаваў княства».
Але праз усе гэтыя думкі міжволі не-не ды і прабіваўся вобраз Расанкі — худыя плечы пад паланянай кашуляй, просты жалезны абручык на галаве, раздзеленай праборам. А болей за ўсё бачыліся яе вочы — шэрыя, з густымі кароткімі вейкамі. Такі погляд бывае толькі ў тых, хто сапраўды ўмее глядзець на зоркі, гаварыць з дрэвамі, з зямлёй. Ёсць такія людзі, Усяслаў ведаў гэта: яны знаходзяць пад зямлёй ваду, загаворваюць кроў-руду, лечаць хваробы. I сам ён у свае дваццаць з нечым многае знаў і ўмеў з тайных ведаў — вучыла некалі маці, а таксама нянька Ратміра, а болей — як усплывала нешта з яго самога, прымушала рабіць так ці гэтак — поглядам прыгнуць каня да зямлі, адкрыць гора ці радасць у чалавечай душы, як бы ні хаваў таго чалавек, і суцешыць словам. А яшчэ ўмеў ён адчуваць жывую душу ў раслінах, і ведалі людзі ў Полацаку, што ёсць на Усяслававым дварэ дзве бярозы, да якіх ён часта падыходзіць, гаворыць з імі. Раслі тыя бярозы дужымі, далёка перагналі сваіх равесніц, і бачылі грыдні ці, можа, здавалася ім, што, як толькі падыходзіць да іх князь, гнуцца бярозы долу і шэпчуць яму нешта ў адказ...
«Чаму не запрасіў яе ў княжы двор?— думаў ён цяпер.— Лекарка яна, значыць, прыдасца ў паходах, а там, у паходах, у бітвах, шмат чырвонай крыві пральецца, патрэбны будуць войску і зёлкі, і замовы». Быў у княжым двары заморскі лекар, прывезены з Візантыі, многа кунаў плаціў яму Усяслаў, і многае ведаў вучоны лекар. Але адмаўляўся ён хоць што-небудзь са сваіх ведаў перадаваць тутэйшым, таіў свае кнігі ў сундуку і ніколі не пакідаў у пакоі ключы, як быццам баяўся, што нехта прачытае ў тых кнігах вучоныя рэцэпты і выжыве з багатага двара варвараў яго, грэка Калімаха.